Гомельскі тэатр лялек да гэтага часу без дырэктара, мінулага асудзілі за экстрэмізм яшчэ ў студзені

Дзмітрый Гарэлік кіраваў тэатрам з 1992 года і, відавочна, быў звольнены пасля суда за «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў». Цяпер сярод кіраўніцтва дырэктара няма, нават выконваючага абавязкі не прызначылі.

Дзмітрый Гарэлік. Фота: Сетка публічных бібліятэк

Па звестках «Гомельскай Вясны», адміністрацыйную справу Гарэліка паводле ч. 2 арт. 19.11 КаАП РБ (распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў) разглядала ў судзе Чыгуначнага раёна Гомеля суддзя Сакалова Ганна ў студзені. І тады ён усё яшчэ быў пазначаны дырэктарам.

Стала вядома пра звальненне толькі ў жніўні, і, падобна што, як мінімум з таго жніўня пасада вакантная. Прыбралі Дзмітрыя Гарэліка і са старонкі з гісторыяй установы, хоць, відавочна, што менавіта пры ім адбыліся важныя падзеі, у прыватнасці, тэатр атрымаў сцэну.

У даўнім, яшчэ 2013 года інтэрв’ю «Вячэрняму Гомелю» Гарэлік так выказваўся пра спектаклі на беларускай мове: «Чаму мы павінны баяцца размаўляць з дзецьмі на іх роднай мове? Часам кажуць, што Гомель – рускамоўны горад. Але мне абсалютна перашкаджае, калі прыгожа гавораць на беларускай мове. Калі гэта смачна – гэта смачна. На якой бы мове не гаварылася, усё залежыць ад таго, як гэта падаецца, як гэта выконваецца, ці ёсць пачуццё густу ў людзей, якія ставяць на сцэне спектакль, наколькі гэта стыльна ў адносінах да драматурга ці да аўтара твора. Можна сыграць і без слоў, і гэта будзе цікава».

Пасля ягонага звальнення адпаведна з кантактамі на сайце, на сёння ў лялечнага тэатра ёсць толькі два намесніка дырэктара і бухгалтар.

Штодзень

Related posts

Сёння гадавіна пачатку Еўрамайдана – шматмесячных акцый пратэсту ва Украіне, якія моцна паўплывалі і на Беларусь

Штосьці для «Штодня». Вядомыя гомельцы выказваюцца ў падтрымку медыярэсурса

Як святары ўмешваюцца ў палітыку: кіраўнік Тураўскай епархіі пабачыў у вайне божы промысел, а гомельскай – агітаваў прыйсці на выбары