«Гомельскі радыёзавод» за 2 гады паставіў больш за 2 000 дэталяў для азербайджанскай артылерыі і працягвае яе абслугоўваць

Згодна з апублікаванымі дакументамі, у 2021 г. Белспецзнештэхніка адправіла ліст дырэктару Гомельскага радыёзавода (з 2023 года завод металаканструкцый «Вымпел») Ігару Сямкоўскаму з прапановай вырабіць дэталі для ваеннай тэхнікі і паставіць іх у “рэгіён 1221” — паводле звестак армянскіх СМІ, менавіта так у дакументах называюць Азербайджан.

У лісце ішла размова пра дэталі для гаўбіц і гармат, а таксама рамонце 81 самаходных артылерыйскіх установак.

Фота: Гомельскі радыёзавод / Яндэкс

 

У 2022 годзе дырэктару радыёзавода зноў паступіў ліст з «Белспецзнештэхнікі», дзе прапаноўвалася адрамантаваць 14 азербайджанскіх зенітных самаходных установак, усталяваць на іх новыя оптыка-электронныя станцыі і паставіць у той жа «рэгіён 1221».

У тым жа годзе прадпрыемства атрымала ад «Белспецзнештэхнікі» падзяку «за сумесную працу» і новую прапанову вырабіць дэталі для артылерыі і паставіць іх у «рэгіён 1221».

Калі падсумаваць лічбы гэтых трох дакументаў, як піша «Беларускі гаюн», выходзіць, што за два гады (2021-22 гг.) Гомельскі радыёзавод вырабіў і паставіў у Азербайджан як мінімум 2 223 дэталі і адрамантаваў мінімум 95 адзінкі азербайджанскай тэхнікі.

Расследвальнікі таксама атрымалі і дакументы пра прамыя пастаўкі ў Азербайджан беларускіх станцый радыёэлектроннай барацьбы «Навальніца-С», прызначаных для выяўлення, адсочвання, падаўлення каналаў кіравання і навігацыйных сістэм беспілотнікаў.

У працяг сёння «Гаюн» апублікаваў новую інфармацыю, у адпаведнасці з якой афіцыйны Мінск у 2020 годзе працягваў абслугоўваць «Паланэзы», прададзеныя Азербайджану яшчэ ў 2018 годзе. У гэтым ваенным супрацоўніцтве з Азербайджанам удзельнічалі акрамя гомельскага завода і іншыя прадпрыемствы беларускага ВПК.

Гомельскі радыёзавод – адно з буйных прадпрыемстваў Гомеля. Займаецца мадэрнізацыяй і рамонтам і мадэрнізацыяй спецтэхнікі, выпускам прамысловай і сельскагаспадарчай прадукцыі. З 2023 года знаходзіцца пад санкцыямі Украіны і Вялікабрытаніі. У тым жа годзе ён стаў філіялам «Гомсельмаша» і змяніў назву на завод металаканструкцый «Вымпел».

Паведамлялася, што тады радыёзавод поўнасцю адышоў ад ваенных замоваў і засяродзіўся развіваць вытворчасць сельскагаспадарчай тэхнікі і камплектуючых да яе.

Штодзень

 

Related posts

Сёння гадавіна пачатку Еўрамайдана – шматмесячных акцый пратэсту ва Украіне, якія моцна паўплывалі і на Беларусь

Штосьці для «Штодня». Вядомыя гомельцы выказваюцца ў падтрымку медыярэсурса

Як святары ўмешваюцца ў палітыку: кіраўнік Тураўскай епархіі пабачыў у вайне божы промысел, а гомельскай – агітаваў прыйсці на выбары