Гомельскі аэрапорт за год перавёз больш за 40 тысяч пасажыраў у Расію

by ZB

Кожны дзень, а часам і два разы на дзень самалёты з гомельскага аэрапорта ляцяць у Маскву і Санкт-Пецярбург, распавёў рэгіянальнаму тэлеканалу начальнік Гомельскай філіі дзяржаўнага прадпрыемства «Белаэранавігацыя» – Уладзімір Чараухін.

«У першую чаргу мы выконваем палёты ў Расійскую Федэрацыю. Год таму 29 кастрычніка мы адкрылі спалучэнне з Масквой, мы пачыналі з трох рэйсаў на тыдзень. После новага года, ужо ў бягучым годзе гэтая частата вырасла да пяці. І вось 27 кастрычніка з пераходам на зімні расклад у нас Масква пачала выконвацца штодзённа», – пахваліўся Чараухін.

Ён спаслаўся на «пажаданні жыхароў рэгіёна» і пахваліўся, што з вясны яны адкрылі палёты яшчэ і ў Санкт-Пецярбург, самалёты з Гомеля ляталі туды тры разы на тыдзень, а цяпер два.

Паводле кіраўніка гомельскай Белаэранавігацыі, гэтыя палёты цікавыя не толькі беларусам, але і жыхарам расійскіх памежных рэгіёнаў, якім зручна карыстацца аэрапортам у 80-100 км ад іх населеных пунктаў.

«Па запатрабаванасці сама за сябе скажа загрузка гэтых рэйсаў, яны лятаюць практычна поўнымі. За год былі абслужаныя больш за 40 тысяч чалавек на двух гэтых кірунках: больш за 30 тысяч на Маскву, больш за 10 – Санкт-Пецярбург», – адзначыў ён.

Акрамя расійскіх рэйсаў з Гомеля лятаюць чартары ў турэцкую Анталію і егіпецкі Шарм-Эль-Шейх, але ў зімовы час квіткоў туды не набыць. Так што альтэрнатывы расійскаму кірунку ў гомельцаў няма.

Штодзень

ВАМ ТАКСАМА МОГУЦЬ СПАДАБАЦЦА

homeldays_logo_main.png