Аляксандр Лукашэнка пазбавіў воінскіх званняў некалькі дзясяткаў афіцэраў. Сярод іх — афіцэр запасу з Гомеля Аляксандр Пануца, які двойчы звяртаўся да людзей у форме з заклікам не ўдзельнічаць у вайне супраць Украіны. Навіна пра пазбаўленне воінскага звання стала для старэйшага лейтэнанта запаса Аляксандра Пануцы сюрпрызам. “Штодзень” распытаў былога вайскоўца пра тое, як ён ставіцца да таго, што апынуўся ў кампаніі Валерыя Сахашчыка і іншых сапраўдных афіцэраў.
Ці стала навінай пазбаўленне звання?
Гэта для мяне стала навінай. Да вашага паведамлення не ведаў, што мяне пазбавілі воінскага звання. Але гэта, відавочна, прызнанне маёй апазіцыйнай і антываеннай дзейнасці, звязанай з падзеямі 2020 года і вайной ва Украіне. З іншага боку, нічога новага. Ёсць інфармацыя пра тое, што пасля двух маіх зваротаў з заклікам да вайскоўцаў Беларусі не нападаць на Украіну ў складзе войскаў РФ на мяне была заведзеная крымінальная справа “за здраду радзіме” з тэрмінам ад 7 да 15 гадоў. З улікам таго, што я — афіцэр узброеных сілаў, то такія заклікі расцэньваюцца як “здрада радзіме”. То бок, заклік адэкватнага чалавека не ваяваць і не нападаць на братэрскі народ, на думку нелегітымнага дыктатара, у нас цяпер трактуецца як здрада радзіме. Такім чынам, вялікага здзіўлення гэтая навіна не выклікала, паколькі з 2020 года былі артыкулы 342 і 293 КК, заведзеныя на мяне за апазіцыйную дзейнасць.
Я разумею, што цяпер максімальна навешваюць артыкулаў, каб у выпадку майго з’яўлення ў Беларусі, пры гэтым злачынным рэжыме, схапіць мяне і пасадзіць на максімальную колькасць гадоў. Акрамя гэтага, пазбавілі мяне воінскага звання. Гэта нейкія канвульсіі, якія ніяк на мне не адлюстроўваюцца. Я як лічыў, што гэты рэжым нелегітымны, так і лічу. Я змагаўся з гэтым рэжымам, пачынаючы з 2012 года, таксама працягваю штосьці рабіць і з тэрыторыі ЗША: дапамагаю людзям і сем’ям палітвязняў. Тут у мяне больш магчымасцей рабіць штосьці для перамен у Беларусі. Нашая дыяспара вельмі шмат робіць дзеля развалу гэтага рэжыму.
Чаму ўлада пайшла на гэты крок?
На гэты момант улада нічога не можа супрацьпаставіць людзям, якія актыўнічаюць за мяжой. Яны разумеюць, што бяссільныя. Я вельмі спадзяюся, што гэта перадсмяротныя канвульсіі гэтай “улады”. І я веру, што хутка нашая краіна будзе вызваленая ад дыктатарскага прыгнёту.
Што для вас азначае пазбаўленне звання?
Для мяне пазбаўленне звання азначае толькі адно: гэта добрая навіна. Я ўспрымаю яе з усмешкай. У свой час я сам адмовіўся ад таго, каб служыць у гэтай арміі пры Лукашэнку. Я сышоў 15 гадоў таму. Для мяне гэта азначае тое, што я зрабіў правільны выбар, заявіўшы пра тое, што не буду служыць дыктатару.
Ці баяцца дзейныя афіцэры МА РБ таго, што іх таксама могуць пазбавіць званняў за недастатковую лаяльнасць?
Дзейныя афіцэры баяцца толькі смерці. Яны баяцца ваяваць, а ўсё астатняе іх не надта палохае. Людзі, якія служаць у шэрагах узброеных сілаў у 2022 годзе, яны ў большасці сваёй, на маю думку, сільна далёкія ад паняткаў “прыстойны чалавек”, “афіцэр гонару”. Хтосьці вымушаны служыць, але большая частка здрадзіла беларускаму народу, калі нелегітымная ўлада душыла нас на плошчах, калі мы адстойвалі свой выбар. Гэтыя таварышы рабілі выгляд, што нічога не адбываецца. На гэты конт у мяне ёсць вялікі пост на акаўнце ў ФБ, дзе я напісаў пра так званых афіцэраў. Паверце, іх цікавяць толькі “плюшкі”, “надбаўкі” за кошт падаткаплацельшчыкаў. І ўсё. Сумлення ў іх няма. Слова “гонар” яны не ведаюць.
Штодзень https://t.me/shtodzien