Цікава, што новапрызначаны суддзя тры месяцы вёў закрыты судовы працэс па так званай справе Сяргея Ціханоўскага. Але падчас разгляду справы яго нечакана перавялі ў суд Чыгуначнага раёна Гомеля. Выносіць жорсткія прысуды фігурантам справы давялося ягонаму калегу Мікалаю Долю.
Судзебная кар’ера Мікалая Бакунова пачынаецца ў 2008 годзе ў Жлобіне. Менавіта там ён вынес першае “палітычнае” рашэнне. Праз нейкі час яго перавялі ў Гомель, дзе ён таксама адзначыўся вынясеннем прысудаў апанентам улады. У прыватнасці, ён адпраўляў на суткі жлобінскага палітыка Валерыя Рыбчанку за арганізацыю “незаконных масавых мерапрыемстваў”, штрафаваў актывіста Уладзіміра Няпомняшчых, таксама спрычыніўся да пераследу незалежнага журналіста Кастуся Жукоўскага. У 2017 годзе ён пакараў штрафам сябра незалежнага прафсаюза РЭП Віктара Казлова за “нецэнзурную лаянку ў грамадскім месцы”. Справа атрымала рэзананс, улічваючы, што прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці грамадзянін пасля аперацыі на горле (па прычыне анкалогіі) мог размаўляць толькі шэптам.
Людзі, якія сутыкаліся з суддзём Бакуновым, характарызуюць яго “чалавекам выканаўчым, які вынясе прысуд такі, “які трэба”.