Пракуратура Гомельскага раёну «падчас маніторынгу сеткі Інтэрнэт» знайшла на «вядомым музычным сайце» песні рагачоўскага гурта Tor Band. Яны прызнаныя ўладамі Беларусі экстрэмісцкімі, бо былі прысвечаныя пратэстам 2020 года, а самі музыкі атрымалі шалёныя тэрміны зняволення.
Акрамя таго, на рэсурсе знайшлі запісы інфармацыйнага рэсурсу «Маланка медыя» і іншыя прызнаныя экстрэмісцкімі неназваныя матэрыялы.
Барацьбу з палітычнымі апанентамі пракуратура прыкрыла тым фактам, што знайшла на «Яндэкс-музыцы» і выступы дыктатараў сярэдзіны 20 стагоддзя, якія нясуць адказнасць за другую сусветную вайну, Халакост і знішчэнне людзей – Адольфа Гітлера і Беніта Мусаліні, «у тым ліку з выкарыстаннем іх выяваў».
Пракурор «у мэтах недапушчэння рэабілітацыі нацызма і супрацьдзеяння экстрэмізму» накіраваў «ЯндэксБел» прадстаўленне і запатрабаваў выдаліць запісы. Ведамства адзначыла, што «акт нагляду выкананы ў поўным аб’ёме».
Аўтараў хітоў пратэстаў з TorBand затрымалі ў кастрычніку 2022 года. У студзені 2023 года стала вядома, што гурт прызнаны экстрэмісцкім фармаваннем, і ў дачыненні да яго ўдзельнікаў была заведзеная крымінальная справа. 31 кастрычніка 2023 года Гомельскі абласны суд прыгаварыў удзельнікаў групы да тэрмінаў ад 7,5 да 9 гадоў калоніі. Таксама кожнаму музыку прысудзілі штраф 100 базавых велічыняў (3700 рублёў). За час знаходжання ў СІЗА бубнач Яўген Бурло атрымаў 3 групу інваліднасці. Ён мае патрэбу ў аперацыі на тазасцегнавым суставе. У музыкаў таксама канфіскавалі тэхніку і музычныя інструменты.
У чэрвені 2024 года выйшла харавая версія песні «Маці» рэпрэсаваных рагачоўскіх музыкаў.