Гомельская “машына часу” існуе (шмат фотаздымкаў)

by ZB

У кожным горадзе ёсць месцы, якія не трапляюць у звычайныя экскурсійныя маршруты, але па патрыярхальнай утульнасці і эстэтыцы прыцягальнай занядбанасці яны не менш цікавыя, чым цэнтральныя вуліцы. Прапануем віртуальную экскурсію ў адзін з такіх гомельскіх куточкаў.

Як будзеце на Прудкоўскім рынку, не палянуйцеся абысці яго і завярніце на вул. Праезджую. Уся вулачка складаецца з некалькіх двухпавярховых шматкватэрных дамоў (колісь іх было 13, але некаторыя будынкі, напэўна, не захаваліся да нашых дзён). Вандроўка паміж імі прымушае задумаецца, мо машына часу ўсё ж існуе?

Калі прыглядзецца, можна злавіць ноткі атмасферы Гомеля 50–70-гадовай даўніны. Там-сям  захаваліся рэшткі арыгінальнага дэкору.

Хтосьці скажа “Як можна тутака жыць, нейкія дапатопныя баракі!”, а іншы возьме і дадасць старому дому хараства. Ці праз незвычайную кампазіцыю, выстаўленую ў акне, ці праз шматквецце ў палісадзе.

У дварах захаваліся гаспадарчыя пабудовы (штосьці аналагічнае можна пабачыць і ў цэнтры горада, але з менш выразнай “архітэктурнай” разнастайнасцю).

У двары, аблепленым хмарачосамі, усе чужыя адзін аднаму. Тутака ж, як у вёсцы, – цесная супольнасць жыхароў. Таму можна спакойна пакінуць дзіцячы ровар пасярод дарогі – яго ніхто не возьме.

Што сапраўды здзіўляе (нагадаем, зусім побач, у крамах, на рынку і прыпынках грамадскага транспарту, няспынна віруе жыццё паўмільённага горада), дык гэта наяўнасць паўнавартасных агародаў тых, хто жыве ў кватэрах.

А праз грады выходзіш… да Храма Георгія Перамоганосца (схаваная паміж дрэў і агароджаў, царква выглядае як пабудаваная адмыслова для тутэйшых). Дзе яшчэ ў Гомелі можна палоць бульбу і адначасова цешыць вока краявідам з купаламі?

Тое, што ў дварах жылых дамоў амаль няма дрэў, кампенсуецца наяўнасцю побач невялічкага парку. Мо яго і нельга назваць дагледжаным, але каб схавацца ўлетку ад спякотных промняў ці выгуляць хатняга гадаванца ён цалкам прыдатны.

Калі ўжо знайшлі час на шпацыр па Праезджай, то варта адразу завітаць і на Прудкоўскія могілкі. Толькі, на жаль, стан іх настолькі занядбаны, што гэтае месца прывабіць хутчэй рэжысёраў хорараў, чым аматараў краязнаўчых экскурсій – каб пабачыць нешта, акрамя першых шэрагаў пахаванняў, дзе-нідзе давядзецца пралазіць скрозь паўметровай вышыні джунглі пустазелля.

А ці маеце вы свае ўлюбёныя “невідавочныя” месцы ў Гомлі? Распавядзіце нам пра іх, калі ласка!

Штодзень

ВАМ ТАКСАМА МОГУЦЬ СПАДАБАЦЦА

homeldays_logo_main.png