Раённыя інспекцыі па насенняводстве, каранціне і абароне раслін заклікаюць сельгаспрадпрыемствы і ўсіх жыхароў Гомельшчыны знішчаць шкодніка.
Не паспелі жыхары Гомельскага рэгіёна адысці ад мошак і наступстваў урагану, як тэрыторыю захапіў небяспечны шкоднік. У некаторых раёнах (напрыклад, у Церахоўскім і Жгунскім сельсаветах) з гэтай нагоды нават усталявалі каранцінны фітасанітарны рэжым. Амерыканскі белы матылёк лічыцца адным з найбольш небяспечных шкоднікаў раслін.
Жыхары Гомельскага раёна ў тэматычных чатах пішуць, што ў некаторых населеных пунктах дрэвы ад вусеня белага матылька стаяць у павуцінні, як у шэрані. Небяспечнага шкодніка ўпершыню выявілі на Гомельшчыне ў 2019 годзе. Белы матылёк усёедны: знішчае больш за 300 відаў раслін, сярод якіх яблыня, сліва, клён і іншыя. Праз некалькі дзён пасля з’яўлення на расліне вусеня белага матылька застаюцца толькі голыя галінкі, аплеценыя павуціннем. Сярод мер па барацьбе з белым матыльком – абрэзка гнёзд з вусенямі і спальванне на месцы.