Гомельцы скардзяцца на начны шум з забаўляльнага цэнтра, які знаходзіцца праз дарогу ад абласнога УУС

Такі рух назіраюць амаль кожную ноч жыхары вуліцы Камунараў

Жыхары вуліцы Камунараў у Гомелі скардзяцца на невыносны шум з забаўляльнага цэнтра “Кантынент”, які па некалькі разоў на тыдзень раздаецца ноччу і не дае спаць жыхарам навакольных шматкватэрных дамоў. Адметна, што забаўляльная ўстанова знаходзіцца роўна праз дарогу ад Абласнога ўпраўлення ўнутраных справаў. Аднак, нягледзячы на блізкасць да галоўнай міліцэйскай установы вобласці, уласнікі цэнтра “Кантынент” пра выкананне санітарных нормаў не асабліва задумваюцца.

Будынак абласнога міліцэйскага кіраўніцтва знаходзіцца ад крыніцы шуму ў адлегласці некалькіх дзясяткаў метраў

Незадаволеныя гомельцы размяшчаюць у сацыяльных сетках відэа з доказамі таго, што “Кантынент” не надта клапаціцца пра камфорт суседзяў. Так, гомелец Генадзь А. размясціў на ютубе ролік з абуральнымі паводзінамі наведнікаў у сакавіку 2024 года. У наступным відэасюжэце, датаваным ужо 11 жніўня 2024 года, аўтар відэа зноў дэманструе, як кліенты “Кантынента” не даюць спакою жыхарам вуліцы.

“11 жніўня, 2-я гадзіны ночы… Ці тое вяселле, ці штосьці іншае… Дзве машыны міліцыі стаяць побач, шумна. Я так разумею, што шум мала каго цікавіць. Нам жа не трэба спаць па начах… Калі ўжо можна будзе легчы спаць з адчыненымі вокнамі! Дзе абяцаныя рэйды міліцыі?! Дзе абяцаны інструктаж ахоўнікаў, якія павінны нагадваць наведнікам “Кантыненту” пра цішыню!? Не разумею, для чаго стаяць побач дзве машыны міліцыі! Відаць, для прыгажосці…”, – меланхалічным голасам распавядае пра праблему стомлены мужчына. Паводле яго інфармацыі, падобныя прадстаўленні з масавымі бойкамі і харавымі выкананнямі папсы адбываюцца некалькі разоў на тыдзень.

Скаргі Генадзя пацвярджаюць некаторыя грамадзяне на старонцы водгукаў установы. Так, гамяльчанка Марыя некалькі месяцаў таму размяшчала паведамленне пра тое, што а 3-й ночы ў двары “Кантынента” раздаваліся гукі, падобныя на працу балгаркі. Абураная гамяльчанка перадала гарачае прывітанне гаспадарам забаўляльнага цэнтру.

Дарэчы, беларускім заканадаўствам забараняецца начны шум, які перавышае паказнік у 30 дэцыбелаў. Для фіксавання парушэнняў грамадзянам трэба звярнуцца ў тэрытарыяльны цэнтр гігіены і эпідэміялогіі, які замерыць узровень шуму. Калі пры праверцы санітарна-гігіенічнымі службамі будзе зафіксавана перавышэнне дапушчальнага ўзроўню, уласнікі ўстановы атрымаюць прадпісанне аб зніжэнні шуму да ўзроўню, які дазваляецца законам.

Штодзень

 

Related posts

Сёння гадавіна пачатку Еўрамайдана – шматмесячных акцый пратэсту ва Украіне, якія моцна паўплывалі і на Беларусь

Штосьці для «Штодня». Вядомыя гомельцы выказваюцца ў падтрымку медыярэсурса

Як святары ўмешваюцца ў палітыку: кіраўнік Тураўскай епархіі пабачыў у вайне божы промысел, а гомельскай – агітаваў прыйсці на выбары