Гомельцы масава скардзіліся на працу аварыйнай службы 115 … і дамагліся перагляду яе графіка і прынцыпаў працы

Усё пачалося з таго, што цягам доўгага часу гараджане скардзіліся чыноўнікам на працу кантакт-цэнтра 115. Па правілах, аб праблемах гараджане спачатку павінны паведамляць туды, а ўжо супрацоўнікі кантакт-цэнтра павінны адрэагаваць на сітуацыю і выслаць для вырашэння праблемы кампетэнтных спецыялістаў.

Фота: Деловой Гомель

Але ў апошні час, як гаворыцца, усё занадта часта стала ісці не так. Усё часцей, у тым ліку на званкі з нагоды экстранных сітуацый у сферы ЖКГ, жыхарам абяцалі яе выправіць, але не выпраўлялі. Альбо ж казалі, што ў службе проста няма патрэбнага спецыяліста. Маўляў, “дэфіцыт кадраў, чакайце, з вамі звяжуцца”. На гэтым часцяком усё і сканчвалася. У выніку гараджане заставаліся са сваімі праблемамі сам-насам.

На адной з апошніх справаздачных нарад у Гомельскім гарвыканкаме праблему і занадта вялікую колькасць званкоў з нараканнямі не змаглі не заўважыць нават чыноўнікі.

У выніку жыхарам горада паабяцалі перагледзець графік працы і самі прынцыпы працы кантакт-цэнтра аварыйнай службы 115. Па-першае, яе плануюць зрабіць кругласуткавай, каб гомельцы маглі звяртацца па дапамогу ў любы момант. Па-другое, ад спецыялістаў запатрабавалі не дапускаць сітуацый, калі заяўка на рашэнне праблемы ад гараджан паступае, але так і не разгледжаная. А каб гэта кантраляваць, цяпер супрацоўнікі кантакт-цэнтра аварыйнай службы кожны месяц будуць абавязаныя даваць справаздачу перад чыноўнікамі з нагоды выкананай працы, колькасці закрытых заявак альбо ж прычын іх невыканання.

Той выпадак, калі ініцыятыва гараджан і іх рашэнне «не трываць» дае патрэбныя вынікі. Хоць пакуль толькі на словах.

Штодзень

Related posts

Сёння гадавіна пачатку Еўрамайдана – шматмесячных акцый пратэсту ва Украіне, якія моцна паўплывалі і на Беларусь

Штосьці для «Штодня». Вядомыя гомельцы выказваюцца ў падтрымку медыярэсурса

Як святары ўмешваюцца ў палітыку: кіраўнік Тураўскай епархіі пабачыў у вайне божы промысел, а гомельскай – агітаваў прыйсці на выбары