Гомельцам яшчэ прыйдзецца адкрыць свайго Еўдакіма Раманава

Увогуле пра дзейнасць Еўдакіма Раманава напісана дастаткова шмат, напрыклад аб тым, што ён апублікаваў больш за 200 навуковых прац, больш за 10 000 фальклорных тэкстаў і г.д. Таму пераказваць агульнавядомыя факты не мае сэнсу. Больш цікавым будзе зрабіць агляд яго прац па гісторыі і культуры Гомельшчыны.

Еўдакім Раманаў. Фота: Вікіпедыя

Будучы народжаным у Навабеліцы, якая цяпер адміністратыўны раён Гомеля, Еўдакім Раманаў з дзяцінства арганічна ведаў і ўсе тыя традыцыйныя веды і паданні, якія бытавалі ў нашым горадзе і яго наваколлях. Менавіта дзякуючы гэтаму мы маем і зафіксаваную гарадскую легенду, якая тлумачыць паходжанне назвы вёскі Валатава на сённяшняй паўночна-ўсходняй мяжы горада:

“На маёй радзiме, у Гомелi, я чуў у дзяцiнстве паданне аб тым, што ў Валатаве (пагост у 2 вярстах ад Гомеля) жылi ў старадаўнасцi асiлкi, што з пераходам Гомеля да Румянцава асiлкi знiклi, але час ад часу з’яўлялiся выбраным шчаслiўцам i пазней. Апошняе з’яўленне было мяшчанцы Васiлiсе Яфрэмавай у 1867-1869 г., там жа, у Валатаве, у садзе. Па яе апавяданнi, якое я сам чуў, калi мне было 12-13 гадоў, асiлак быў вельмi высокага росту, апрануты ў дарагое адзенне (шаўкi ды аксамiты), i ўразiў Васiлiсу незвычайнай прыгажосцi твар. Ён быў без зброi, з Васiлiсай не гаварыў, але i шкоды ёй не зрабiў. Яна бачыла ў гэтым для сябе прадвесце незвычайнага шчасця…”

Мемарыяльная шыльда ў Гомелі на будынку бібліятэкі-філіяла № 3. Фота: Вікіпедыя

Вось вам і жывая рэальная гарадская легенда, а не высмактаная з пальца “гарадская легенда пра беднага гомельскага шаўца”, абвешчаная ў 2022 г. пераможцам конкурсу “Давайце прыдумаем гарадскую легенду разам!” Тут і думаць не было чаго, трэба было толькі зазірнуць у працы класікаў беларускай этнаграфіі гомельскага паходжання.

Не менш цікавыя звесткі зафіксаваў і апублікаваў у 1889 г. Е. Раманаў і пра іншае загадкавае месца Гомеля, пра гарадзішча “Шведская горка” (альбо, як яго яшчэ называюць, “Любенскае гарадзішча”, па назве суседняй вёскі Любны). Між іншым ён паведамляў, што па народных паданнях гэтае гарадзішча выкарыстоўвалася ў час казацкіх войн сярэдзіны XVII ст. і Паўночнай вайны пачатку XVIII ст. Таксама ён пазначыў, што недалёка ад гарадзішча ў XVII і XVIII ст. “… бывалі бітвы, падаецца, што казакоў з палякамі. Цяпер паблізу іх знаходзяць шпоры, цуглі, акоўку прыкладаў, штыхі…  У рацэ Сажы знойдзена была доўгая ўланская шабля, якая сышла за мяжу”.

У іншай сваёй працы 1910 г. выдання Е. Раманаў падае яшчэ адзін цікавы факт пра гэтае гарадзішча:

“Гададок у маёнтку Любнах, у лесе, на тэрасе Сожа, якая ідзе да вёскі Асаўца. У 1671-1672 гг. быў рэзідэнцыяй вядомага Мурашкі, аб чым і цяпер існуюць у народзе паданні”.

Узгаданы тут Мурашка – гэта беларускі(!) казацкі(!) палкоўнік часоў войн сярэдзіны XVII ст., Дзяніс Мурашка, які разам са сваім сынам Андрэем спачатку ваявалі на баку казакоў Багдана Хмяльніцкага, але пасля вярнуліся на бок Рэчы Паспалітай. Мяркуючы па ўсім, менавіта з дапамогай Дзяніса Мурашкі і пры падтрымцы мясцовых гараджан (што вельмі важна) недзе паміж 1659 і 1662 гг. Гомель дастаткова лёгка і, відаць, бяскроўна быў вернуты ў склад Рэчы Паспалітай. За гэта ўкраінскія казакі, узгадваючы Мурашку ў сваіх данясеннях у Маскву, называлі яго не інакш як то “здраднікам”, то “злодзеем”, то “воўкам”. Пагадзіцеся, гэта прызнанне выключнага таленту і заслугаў, калі твае ворагі не могуць спакойна вымаўляць тваё імя. Відаць, быў годным абаронцам сваёй Рэчы Паспалітай. Дзякуючы невялікаму запісу Е. Раманава, мы змаглі даведацца пра новы невялічкі факт, павязаны з дзейнасцю гэтага чалавека ў нашым горадзе.

Важным укладам Е. Раманава ў гісторыю Гомельшчыны з’яўляюцца яго працы па археалагічным даследаванні рэгіёна і апублікаваныя на іх аснове навуковыя артыкулы, а таксама невялікая брашура пад назваю “Археологический очерк Гомельского уезда” (1910 г.). У кнізе падаюцца звесткі пра выяўленыя і даследаваныя аўтарам гарадзішчы, курганы і асобныя знаходкі старажытных рэчаў перыяду ад каменнага веку да XVII-XVIII ст. Шмат якія са згаданых у кнізе помнікаў не захаваліся да нашага часу і толькі гэтая апублікаваная праца дае нам хоць нейкае ўяўленне аб іх існаванні.

Не менш цікавыя звесткі па гісторыі цэркваў Гомельшчыны перыяду Рэчы Паспалітай падаў Е. Раманаў у сваёй кнізе “Пад польскім прыгнётам” (1908 г.), аўтарам якой ён выступіў пад псеўданімам “Е. Беліцкі” (адсылка на месца нараджэння аўтара). Хаця кніга носіць яўна адкрыты антыпольскі і антыкаталіцкі запал (што ўвогуле і не дзіўна для грамадска-палітычнай сітуацыі ў паўночна-заходнім краі Расейскай імперыі ў часы рэакцыі пасля падаўлення рэвалюцыі 1905-1907 г.), яна ўтрымлівае вялікую колькасць цікавых звестак па царкоўным жыцці Гомеля і вёсак з яго наваколля XVII-XVIII ст. Гэтыя звесткі Е. Раманаў браў непасрэдна з рукапісных крыніц, што захоўваліся ў Магілёўскім царкоўна-епархіяльным архіве. На жаль, гэты архіў загінуў у час летняга штурму Магілёва немцамі летам 1941 г. і зараз мы можам карыстацца толькі тымі нешматлікімі выпадковымі звесткамі, зафіксаванымі Е. Раманавым на мяжы ХІХ і ХХ ст.

Некаторыя звесткі па гісторыі храмаў Гомельскага павета Е. Раманаў апублікаваў у зборніках “Могилевская старина” (тры нумары, 1900-1903 гг.), у тым ліку, напрыклад, пра два кірылічныя надпісы, выразаныя на сценах драўляных храмаў у вёсцы Карма каля Добруша (1760 г.) і ў вёсцы Старыя Юркавічы, якая цяпер Клімаўскі раён Бранскай вобласці (1692 г.).

Асобным каласальным раздзелам навуковага даробку Е. Раманава з’яўляюцца апублікаваныя ім фальклорныя тэксты з духоўнай спадчыны беларусаў, сабраныя, у тым ліку і з тэрыторыі Гомельскага павета. Значная частка іх была апублікавана ў “Беларускіх зборніках” (Т. 1-9, 1885-1912 гг.). Фактычна гэта невычэрпная крыніца па розных сферах духоўнага жыцця беларускага народа – легенды, казкі, духоўныя вершы, песні, магічныя ўяўленні, апісанне мовы, побыту, традыцыйнага календара і павязаных з ім абрадаў, пабудоў, народнай медыцыны і шмат іншага. Народныя казкі, апублікаваныя Е. Раманавым у канцы ХІХ ст., па сваёй якасці і захапляльнасці прыдатны і для дзяцей пачатку ХХІ ст. “Беларускія зборнікі” Е. Раманава зараз даступны ў Інтэрнэце, але якасць выкладзеных сканаў абсалютна розная.

На жаль, значная частка матэрыялаў з навуковай спадчыны Еўдакіма Раманава цяпер маладаступная альбо ўвогуле недаступная і факты, якія ён зафіксаваў у сваіх шматлікіх працах, рэдкія з іх уведзены ў сучасны навуковы і краязнаўчы зварот Гомельшчыны, большасць жа засталіся толькі ў тэкстах выданняў канца ХІХ – ХХ ст., альбо нават у неапублікаваных рукапісах. Так што ўсім беларусам, у тым ліку гомельцам, яшчэ прыйдзецца адкрыць свайго Еўдакіма Раманавіча Раманава і знайсці ў яго працах шмат якія адказы па гісторыі, культуры і этнаграфіі свайго рэгіёна. Сучаснае перавыданне яго шматлікіх навуковых работ і неапублікаваных рукапісаў было б лепшым выйсцем у плане актуалізацыі тых незлічоных скарбаў беларускага народу, якія так рупліва збіраў наш зямляк. І гэта быў бы сапраўды цудоўны помнік нашаму земляку.

 

Штодзень

Раман Абуховіч

 

 

 

Related posts

Як быць адкрытым ЛГБТ-актывістам з ВІЧ-пазітыўным статусам у Мазыры

1000 дзён поўнамаштабнага ўварвання ва Украіну расейскіх акупантаў і 10 год вайны

Гомельская вобласць у апошнія месяцы – самы рэпрэсіўны рэгіён у Беларусі