Навуковец Сяргей Бесараб прааналізаваў, як змяніўся партрэт беларускага экстрэміста за год. Сёлета экстрэмістаў у Беларусі паболела ўдвая. Сярод асноўных высноў навукоўца: назіраецца павелічэнне колькасці жанчын, а пальму пяршынства па колькасці прысудаў з Мінскам падзялілі рэгіянальныя суды, сярод якіх Гомель і Жлобін.
У 2023 у спісе беларускіх экстрэмістаў налічваецца 3429 чалавек. Для параўнання, у 2022 годзе было 1714. Калі ў 2022 годзе ў спісе было 377 жанчын (адпаведна 21.5%) , то сёлета жанчын у працэнтным суаднясенні павялічылася: 21,7% (743 жанчыны). Самая маладая экстрэмістка – 16-гадовая дзяўчына, самая сталая – 83-гадовая жанчына.
Калі казаць пра крымінальныя артыкулы, то тройкай лідэраў і ў 2022, і ў 2023 гадах нязменная з’яўляюцца наступныя:
– арт. 342 — “Арганізацыя дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак”;
– арт. 369 — “Абраза прадстаўніка ўлады/ дыскрэдытацыя РБ”;
– арт. 368 — “Абраза прэзідэнта Рэспублікі Беларусь”.
Таксама Сяргей Бесараб заўважыў адрозненні ў артыкулах, якія прымяняюцца да мужчын і жанчын. У 2022 годзе жанчын часта судзілі паводле артыкулаў 339 “Хуліганства” і 364 “Гвалт ці пагроза гвалту ў дачыненні да супрацоўніка АУС”. А для мужчын — гэта былі артыкулы 370 “Здзек з дзяржаўных сімвалаў” і 293 “Масавыя беспарадкі”. У 2023 годзе сітуацыя змянілася. Жанчын цяпер сталі часцей судзіць паводле артыкулаў 361 “Заклікі да ўвядзення санкцый” і 367 “Паклёп у дачыненні да прэзідэнта Рэспублікі Беларусь”. Мужчын пераважна сталі судзіць паводле артыкула 130 “Распальванне сацыяльнай варожасці”. Артыкул 293 “Масавыя беспарадкі” застаўся бяззменным.
У 2022 годзе максімальную колькасць прысудаў вынеслі раённыя суды Мінска. У 2023 Гомельскі абласны суд — на трэцім месцы паводле колькасці прысудаў, вынесеных мужчынам. Суд Жлобінскага раёна — на пятым.
У 2022 і ў 2023 годзе Гомель з’яўляецца адным з лідараў па колькасці экстрэмістаў.
Аналіз спіса беларускіх экстрэмістаў зрабіў навуковец Сяргей Бесараб, звольнены з палітычных прычын. Падтрымаць рэпрэсаванага даследчыка можна па спасылцы: https://www.patreon.com/steanlab