Гомельшчына зноў у сумных лідарах: па звестках правабааронцаў, у абласным цэнтры пакараных па арт. арт. 19.11 КаАП за «распаўсюд экстрэмізму» у 2023 годзе найбольшая колькасць. У рэкардсменах таксама Чыгуначны раён Гомеля.
«Абвінавачванні паводле арт. 19.11 КаАП зрабіліся ўніверсальным інструментам адвольных рэпрэсій, у тым ліку ў выглядзе адміністрацыйнага арышту, які нярэдка ўжываецца некалькі разоў запар за, напрыклад, некалькі выяўленых матэрыялаў у сацыяльных сетках», — адзначылі ў дакладзе юрысты.
Другі рэкорд паставіў Чыгуначны суд Гомеля. Усяго двума рашэннямі ён прызнаў «экстрэмісцкімі» 105 і 89 старонак у інтэрнэце.
Агулам у 2023 годзе суды Беларусі прынялі 888 рашэнняў аб унясенні інфармацыйнай прадукцыі ў “рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў” (у 2022 – 637 рашэнняў).
Сярод новых «экстрэмісцкіх матэрыялаў» за год — 22 кнігі, 2 “раёнкі”, 6 песняў, 2 кліпы і адзін тэкст песні, 7 стыкераў-пакаў і сотні Telegram-каналаў, -чатаў, старонак у сацсетках, медалі, чайлд-фры суполкі.
Сярод самых абсурдных рашэнняў праваабаронцы называюць прызнанне кліпа і тэксту песні «Экстрэміст» гурта «Дай Дарогу», паведамленне ў чаце з часоў пратэстаў, кнігі Альгерда Бахарэвіча, Ларыса Геніюш, Уладзіміра Некляева, Наталлі Арсенневай, зборнік вершаў класіка беларускай літаратуры Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, каляндар «Не маўчы па-беларуску 2021 з малюнкамi i словамi», словазлучэнне «Полк Каліноўскага», марафон салідарнасці «Не маўчы».
Нагадаем, навуковец Сяргей Бесараб у кастрычнік 2023 года прааналізаваў, як змяніўся партрэт беларускага экстрэміста за год. Сёлета экстрэмістаў у Беларусі паболела ўдвая. Сярод асноўных высноў навукоўца: назіраецца павелічэнне колькасці жанчын, а пальму пяршынства па колькасці прысудаў з Мінскам падзялілі рэгіянальныя суды, сярод якіх Гомель і Жлобін.
У 2022 і ў 2023 годзе Гомель з’яўляўся адным з лідараў па колькасці экстрэмістаў.