21 чэрвеня ў Гомелі адбудзецца канцэрт «Дыскатэка СССР» – шоу, што на хвалі настальгіі пераносіць слухачоў у 1990-я ці трохі раней. Удзельнікі – гурты і артысты, чыя папулярнасць даўно сышла на спад: «На-на», «Белый Орёл», Юрый Лаза, Аляксандр Дабрынін, DJ Слон, Сяргей Сяркоў (экс-«Ласковый май») ды іншыя. На хвалі настальгіі сабраць Мінск-Арэну вырашыў гурт «Руки вверх», падобна, што цяпер тэндэнцыя дакацілася і да Гомеля.
Пакуль большасць артыстаў свету не паедзе ў Беларусь з канцэртамі з-за санкцый, гомельскія сцэны існуюць выключна для артыстаў з «залатога запасу» Расіі, многія з якіх адкрыта падтрымалі вайну ва Украіне. Напрыклад, Юрый Лаза неаднаразова выказваўся ў падтрымку Крамля і нападаў на Украіну.
Слухаць і любіць старыя песні, хадзіць на канцэрты выканаўцаў сваёй маладосці цалкам нармальная рэч, калі пасля такога мерапрыемства вяртаешся да нармальнага сучаснага жыцця. Вечарыны ў стылі «такія-та гады ХХ стагоддзя» праводзяцца па ўсім свеце. Але адна справа, калі ўдзельнікі глядзяць на гэта як на часовую гульню. Зусім іншае, калі «настальгія» стварае пагрозу вяртання старых часоў (развагі на тэму «Варта аднавіць СССР» можна сустрэць нават сярод маладога пакалення, якое ніколі не жыло ў гэтым рэжыме) і вынішчае мульцікультуральнасць, бо насаджае адну-адзіную культуру – расійскую.
Прыезд «Дыскатэкі СССР» у Беларусь – не толькі шоу, але і частка расійскай культурнай экспансіі. І пакуль у свеце музыка – пра вольнасць і пратэст, у нас – пра настальгію і падпарадкаванне.