“Гомель – гэта маленькі Парыж”. Песні пра Гомель, якія вы маглі не ведаць

З усяго музычнага багацця, якім поўніцца інтэрнэт, асобную катэгорыю для кожнага складаюць песні пра родны горад. Музыкі неаднойчы стваралі кампазіцыі, прысвечаныя нашаму гораду.

Пачнём з музыкальных навінак. Сёлета Валянцінам Раманавым была напісана і выканана песня, пазначаная на ютуб як “Класная песня пра Гомель. Новы гімн Гомеля”. Гучыць дынамічна і бадзёра. Падобна, што спяваецца са шчырай усмешкай (праверыць немагчыма, бо ў кліпе з асоб паўстае хіба што цень ад помніка Леніну, выканаўца ж вырашыў застацца нябачным). Прыемна, што аматар-песеннік зацікаўлены жыццём горада. Але добра было б, каб аўтар быў зацікаўлены яшчэ і мовазнаўствам – напісанне тэкстаў песень мо і не належыць да высокай паэзіі, але вымагае навыкаў працы са словам. Вось некаторыя прыклады хіб, недапушчальных нават для школьнага сачынення, не кажам ужо пра “гімн Гомеля”.

 

 

“Здесь і восточней і южней”. Канец сказа. Параўнальная ступень патрабуе параўнання. Усходней і паўднёвей… чым дзе?

“Башня, с которой шикарный взор”. Падобна, што аўтар не разумее розніцу паміж “взор” і “обзор”.

“История города необычайна. Здесь родина комбайна”. Каб існавала літаратурная прэмія імя Васісуалія Лаханкіна, гэтая рыфма, бясспрэчна, прэтэндавала б на гран-пры!

У “новым гімне Гомеля” згадваецца мноства мясцовых тапонімаў, аб’ектаў і сімвалаў, але тэксту забракла мастацкасці. Больш падобна не на погляд паэта, а на працу адказнай асобы з умоўнай адміністрацыі, што робіць інвентарызацыю гарадской маёмасці і запісвае ў інвентарную кнігу: “Цырк –  1 шт., танк –  1 шт., і г.д.” Ды й саму ідэю змясціць у песні пералік гомельскіх цікавостак арыгінальнай не назавеш, бо гэта ўжо было зроблена раней гомельскім бардам Андрэем Мельнікавым.

 

 

І варта адзначыць, што мельнікаўскі тэст з’яўляецца сапраўдным мастацкім творам з ідэальным памерам і небанальнымі рыфмамі. Добрае веданне гісторыі рэгіёна, трансфармаванае ў лірыку, кранае і прымушае да разважанняў.

Калі вам падаецца, што Штодзень патрэбны, падтрымайце нас праз патрэон.

Але ў дадзеным выпадку гаворка толькі пра тое, што ідэя ўжо выкарыстоўвалася і не з’яўляецца арыгінальнай. Гэта не плагіят, як у выпадку твора аўтара-выканаўцы Яўгена Сабліна. Чуеш “Гомель… горят огнём златые купола” і адразу згадваеш газманаўскае “Масква… златые купола”. І частка тэксту, і музыка, усё выглядае запазычаным.

 

 

Дарэчы, ёсць вобразы, што качуюць з песні ў песню: Петрапаўлаўскі сабор, Сож, палац і парк, рысь і лебедзь… Значнай частцы аўтараў не хапае арыгінальнасці погляду і творчай навізны.

Вяртаючыся да песні аўтарства В. Раманава, варта дадаць, што называць нешта “новым гімнам Гомеля” можна было б, каб горад меў стары гімн. Але яго ніколі не было (ладзіўся нават конкурс, каб Гомель займеў музычны сімвал, але скончылася гэта даволі кур’ёзна і да тэмы гімна горада доўгім часам не вярталіся). Таму кожны можа лічыць гімнам тую песню пра Гомель, якая яму больш даспадобы. А выбраць ёсць з чаго! Прапануем вам паслухаць самыя цікавыя кампазіцыі.

“Гомельскі вальс” запісаны сапраўднымі зоркамі – гуртамі “Крама”, “Палац” і “Сябры” – у 1996 годзе, да 10-годдзя Чарнобыльскай катастрофы. Шкада, што даволі хутка пасля выхаду трэк знік з радыё- і тэлеэфіраў і малодшае пакаленне гомельцаў магло нават ніколі яго не чуць.

 

 

Gdzie jest mój Homel – песня з незвычайнай гісторыяй. Яна напісана да монаспектакля легенды кракаўскага кабарэ “Піўніца пад баранамі” Тадэўша Квінты (Tadeusz Kwinta) па матывах рамана Ільі Эрэнбурга “Бурлівае жыццё Лазіка Ройтшванеца”. Аўтарка тэксту – Эльжбета Курыла (Elżbieta Kuryło), кампазітар – Анджэй Зарыцкі (Andrzej Zarycki).

 

 

Таксама кампазіцыю можна паслухаць у выкананні Алёшы Аўдзеева (Alosza Awdiejew).

 

 

Хтосьці скажа, навошта нам песня пра Гомель, калі значная частка гомельцаў не разумее польскую мову? Па-першае, не кожны горад можа пахваліцца песняй пра яго, створанай на замежнай мове, а Гомель  – можа. Чым не нагода для гонару? Па-другое, розныя беларускія музыкі перастварылі яе на роднай мове. Кавер-версіі гусляра Алеся Чумакова (словы Сяржук Сокалаў-Воюш) можа падпяваць кожны. Стварыць кліп дапамаглі Музей гісторыі горада Гомеля, Гомельскі абласны яўрэйскі дабрачынны цэнтр «Хэсэд Батья» і Гомельская абласная ўніверсальная бібліятэка ім. У. І. Леніна.

 

 

Ёсць згадка пра Гомель яшчэ ў адной песні на замежнай (часткова) мове – нямецкай. Гаворка пра сумесную працу гуртоў “Городская тоска” і Die Föderation. Кампазіцыя цалкам не прысвечана нашаму гораду, але, калі прыслухацца, “Гомель” у ёй гучыць неаднойчы.

 

 

Добра знаёма гомельцам створаная гісторыкам Сяргеем Балахонавым кавер-версія папулярнай песні 1990-х гадоў са словамі “Гомельскае метро, гомельскае метро, хто мне падкажа, хто адкажа, дзе ж яно, дзе ж яно…” На жаль, знайсці запіс кампазіцыі ў інтэрнэце зараз немагчыма.

 

Мае Гомель і сваю песню-цытату. Нават той, хто ніколі не чуў імя Зоі Гарынай, ведае, што Гомель  – гэта маленькі Парыж.

 

 

Узнік гэты вобраз выпадкова. У 1980-я гады аўтарка наведала Кактэбель. Грошай у творчых асоб да з’яўлення ў краіне шоу-бізнесу традыцыйна было няшмат, зараблялі на месцы вулічнымі канцэртамі. Неяк мінакі-слухачы спыніліся, каб паразмаўляць з музыкамі, пацікавіліся, адкуль яны, і хтосьці запытаўся: “А Гомель – гэта што? Маленькі Парыж?” Фраза настолькі спадабалася пані Зоі, што калі быў абвешчаны конкурс на напісанне песні пра Гомель, яна паўдзельнічала. Журы моцна раскрытыкавала кампазіцыю, але імя пераможцы цяпер ніхто і не згадае, а музычнае параўнанне нашага горада са сталіцай Францыі знаёма кожнаму.

І гэта далёка не ўсе песні пра Гомель! Як мы не напісалі пра нешта, што вам даспадобы, дайце знаць у каментарыі!

Штодзень

Просім падтрымаць нас на патрэоне.

Увага!!! З Беларусі не падтрымлівайце нас, паколькі гэта цягне за сабой рызыку крымінальнага пераследу.

Related posts

1000 дзён поўнамаштабнага ўварвання ва Украіну расейскіх акупантаў і 10 год вайны

Ватнікі супраць сэксі-апазіцыянераў. Як штучны інтэлект бачыць гомельскія выбарчыя пікеты

У Гомельскай вобласці на пікеты па зборы подпісаў за кандыдатаў сабралі вертыкальшчыкаў і правераных «актывістаў»