Годна – не толькі ў Кракаве ды Гродна, але часам і ў Гомелі

by ZB

Удалыя рэканструкцыі старой забудовы ў Гомелі сустракаюцца настолькі рэдка, што мы вырашылі распавесці вам пра такі выпадак. Гаворка пра будынак, які доўга належаў “Белкнізе”. Як бачна па здымках, пры мінулым уласніку гмах адлюстроўваў тыповыя элементы гомельска-постсавецкага стылю: частковы еўрарамонт у ніякаватых бэжавых колерах, пластыкавыя вокны. Уздоўж такіх будынкаў праходзіш, і ў памяці не застаецца ніякіх эмоцый ці цікавых успамінаў. Наяўнасць дэкору на фасадзе ніяк не была падкрэслена, таму, хутчэй за ўсё, заставалася па-за ўвагай большасці мінакоў.

Такім будынак “Белкнігі” прызвычаіліся бачыць гомельцы. Фота: Городгомель.бел

 

Фота: wikimapia.org

Будынак на вул. Білецкага рамантавалі доўга, больш за год. І вось што атрымалася.

Для афарбоўкі фасада выкарыстаны шляхетныя шэрыя колеры, што выразна вылучае гмах сярод навакольнай забудовы. Шчыра кажучы, звычайны офісны будынак выглядае куды больш стылёва, чым Музей гісторыі Гомеля, што знаходзіцца непадалёк.

На такім фоне дэкаратыўныя элементы сталі заўважнымі і выразнымі. Будынак не пазначаны ахоўнай шыльдай, значыцца, ідэя захавання барэльефаў пры рамонце – ініцыятыва ўласніка. Калі ўзгадваеш, колькі фасадных упрыгожанняў было дэмантавана, затынкавана ці пашкоджана пры адбудове па-гомельску, хочацца дзякаваць кожнаму, хто з разуменнем і пашанай ставіцца да архітэктурнай даўніны.

Пільны чытач можа заўважыць на барэльефах пяціканцовую зорку ды серп з молатам і засумнявацца, ці варта было захоўваць прыкметы матэрыялізаванай камуністычнай прапаганды. Але на наш суб’ектыўны погляд, сур’ёзную пагрозу нясе савецкая атрыбутыка ў галавах, саўковае мысленне. А дэкор – гэта толькі дэкор. Гэта таксама частка нашай гісторыі, памяць пра моду і мастацкія трэнды пэўнага часу, таму ў захаванні выгляду фасада ў арыгінале мы не бачым нейкай катастрофы (калі вы лічыце іначай – напішыце ў каментарыях, дыскусія і сапастаўленне поглядаў – гэта заўсёды добра).

Цудоўна, што пасля знікнення з вул. Білецкага кнігарні тут засталіся кнігі, хаця б у выглядзе дэкору. Будзем спадзявацца, што тое, што нясуць друкаваныя старонкі – развіццё інтэлекту, прага да ведаў – войдзе ў трэнды і стане вырашальным фактарам у нашым жыцці ў бліжэйшай будучыні.

Новыя вокны – гэта не абавязкова белы колер.

Як глядзіш на новы выгляд будынка, адразу хочацца сказаць: “Няўжо рамонт у нашым горадзе магчымы без вентфасадаў?” На жаль, Гомель не быў бы Гомелем… Нават тут усё ж выкарысталі гэтую вельмі спрэчную, антыэстэтычную тэхналогію, што часам выклікае амаль што алергію. І выкарыстаны вентфасад у цалкам непрадказальным месцы – як абліцоўка падмурка. Прычым спачатку падмурак атынкавалі і пафарбавалі, ён добра выглядаў. Навошта праз нейкі час на яго навесілі гэтае “ўпрыгожанне” – незразумела.

Яшчэ адзін спрэчны момант у адбудове – знікненне арыгінальных дзвярэй (чамусьці дрэва ў масавай свядомасці лічыцца чымсьці дапатопным і несучасным, таму паўсюль яго замяняюць на пластык, нават калі ёсць фінансавыя магчымасці выкарыстаць натуральныя матэрыялы). Але ў дадзеным выпадку трэба зазначыць, што гэта не зашкодзіла агульнаму выгляду будынка. Дзверы хаця і пластыкавыя, але дарагія і якасныя, добра пасуюць да фасада.

Дарэчы, добры прыклад таго, што новыя дзверы не абавязкова павінны быць з пластыку, знаходзіцца ў некалькіх хвілінах хады. Завітайце да дома па вул. Пушкіна, 26. Новыя дзверы з таго самага дрэва выглядаюць не толькі стылёва і сучасна, але нават інстаграмна. У гэтых дзвярэй адзіны толькі недахоп – праз шкло бачна, што пад’езды не рамантаваліся шмат дзесяцігоддзяў.

Таксама хацелася б звярнуць увагу на шыльду з назвай арганізацыі. Дакладней, на яе памер. Пагадзіцеся, пры даволі мініяцюрных габарытах шыльда добра выконвае сваю асноўную функцыю – паведаміць нам, што знаходзіцца ў будынку. Надпіс добра чытаецца з вялікай адлегласці, але пры гэтым не дамінуе над усім будынкам.

Яскравы прыклад тыповай гомельскай хваробы – шыльдавай гігантаманіі – можна пабачыць на суседнім будынку.

Навошта было рабіць такі велізарны надпіс? Гэта непрыгожа, несучасна, псуе агульны выгляд фасада. Такое рабілі ў 90-я ці ў пачатку 2000-х, але надпіс з’явіўся ў 2022 годзе! Што цікава, безгустоўную шыльду замовіла арганізацыя, спецыялісты якой павінны добра знацца на пытаннях эстэтыкі – Упраўленне капітальнага будаўніцтва. Ці здольныя эфектыўна вырашаць урбаністычныя пытанні спецыялісты, у якіх не атрымалася замовіць самім сабе добрую шыльду ды прыгожы лагатып?

Невядома, ці з’яўляецца кампанія Innowise ўласнікам і ці займае яна ўвесь будынак, бо дагэтуль на адным з гомельскіх сайтаў вісіць аб’ява з прапановай арэндаваць тут памяшканні. Датай публікацыі значыцца 2020 год, але будынак на здымку мае сучасны адрэмантаваны выгляд.

Крыніца: hvalana.com

Ці трапляліся вам добра адрамантаваныя старыя будынкі ў Гомелі? Ці наадварот, нешта выклікала вашае абурэнне? Калі так, падзяліцеся з намі сваімі ўражаннямі.

Штодзень

ВАМ ТАКСАМА МОГУЦЬ СПАДАБАЦЦА

homeldays_logo_main.png