У 2020 годзе студэнцтва ў Гомелі таксама спрабавала пратэставаць. Найбольш актыўна сябе праявілі студэнты Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэту транспарту (далей – БелДУТ), якія намагаліся дабіцца ад адміністрацыі ВНУ спынення рэпрэсій у дачыненні да выкладчыкаў. Аднак нясмелы пратэст студэнтаў быў задушаны ў зародку. Кіраваў пераследам студэнтаў рэктар БелДУТ Юрый Кулажанка. Уся ягоная кар’ера, зрэшты, яшчэ з нулявых гадоў будавалася на пераследзе нязгодных студэнтаў і выкладчыкаў. “Кулажанка – увасабленне лукашысцкай сістэмы, дзе няважна, які ты студэнт, наколькі ты перспектыўны, колькі ты можаш прыўнесці для навукі і гд. Важна – тое, наколькі ты лаяльны. Лаяльнасць – галоўная якасць вінціка сістэмы. Ім важна, каб сістэма ўстаялася, а кім расплаціцца – няма значэння”, – распавядае пра былога рэктара БелДУТ ягоны падначалены.
Кулажанка: пустое жыццё
11 снежня 2024 года гомельскія і рэспубліканскія СМІ паведамілі лаканічную навіну: памёр рэктар БелДУТ Кулажанка. У некралогах гаварылася ў асноўным тое, як яго паважаў калектыў і колькі ён зрабіў для айчыннай навукі. Таксама пералічваліся ягоныя прыжыццёвыя ўзнагароды і дыпломы. Сярод іх – падзякі ад Палаты прадстаўнікоў і Адміністрацыі прэзідэнта. “Кулажанка па сваім стылі кіравання і культурным узроўні – гэта “завхоз”. Гэта зусім не рэктар універсітэта, чалавек, мякка кажучы, не вельмі прагрэсіўных поглядаў”, – не надта высока ацэньваюць былога начальніка выкладчыкі.

Кулажанка – дэлегат VI Усебеларускага народнага сходу. Фота: bsut.by
Першая частка жыццёвай гісторыі Кулажанкі не вельмі захапляльная. Нарадзіўся ў вёсцы Ручаёўка Лоеўскага раёна ў 1964 годзе. У 1980-х скончыў ГДУ імя Ф. Скарыны па спецыяльнасці “Матэматыка”. Пазней працаваў настаўнікам. У 1990-я скончыў аспірантуру. У 1998-м абараніў кандыдацкую, а праз амаль 20 гадоў – доктарскую. З 1992 па 2004 год працаваў у БелДУТ. У наступнае дзесяцігоддзе, з 2004 па 2014 гг, ён быў першым прарэктарам ГДУ імя Францыска Скарыны, дзе зарэкамендаваў сябе як “арганізатар палітычнага пераследу студэнтаў”. Менавіта ён адказваў за ціск на моладзевых актывістаў. Пры ім стала звычайнай практыкай вярбоўка маладых людзей прама ў будынку ўніверсітэта. Многія студэнты таго часу, якія трапілі пад кантроль праз грамадскую ці палітычную актыўнасць, прыгадваюць, што іх выклікалі ў дэканат альбо на кафедру, дзе іх чакалі людзі шэрай знешнасці, якія задавалі пытанні пра дэмакратычны рух, замежныя паездкі і настроі сярод студэнтаў. Некаторых вербавалі. Камусьці, як Змітру Жалезнічэнку ці Ігару Случаку, ламалі жыццё. Таксама Кулажанка вынайшаў такі фармат рэпрэсій як высылка па размеркаванні ў глухамань выпускнікоў ВНУ. Пазней, будучы рэктарам БелДУТ, ён працягне помсціць нелаяльным да ўлады студэнтам такім жа чынам. Сам Кулажанка ў той перыяд вельмі хацеў адпавядаць вобразу чалавека, які звязаны з органамі. Пачынаючы ад “міліцэйскай прычоскі”, сканчваючы любоўю да “барсетак”. Выглядаў ён тады як правінцыйны “опер” з РАУС. Многія студэнты тады былі перакананыя, што прарэктар насамрэч з’яўляецца штатным супрацоўнікам КДБ, хоць насамрэч ён быў усяго толькі “старанным кар’ерыстам”.
Гаспадар жыцця. Кулажанка ў БелДУТ
“Калі прыйшоў Кулажанка, змяніліся заробкі, з’явілася абавязковая падпіска на дзяржаўныя выданні, атэстацыя выкладчыкаў. Раз на нейкі перыяд трэба было праходзіць такую працэдуру, у выніку якой трэба было давесці сваю адпаведнасць пасадзе. Працэдура не надта прыемная. Можа, дзесьці падобнае адбываецца, але фармат БелДУТ яўна не быў прыемны. Атэстацыя была больш падобна на допыт у прысутнасці прарэктара па выхаваўчай працы. Але цяжка сказаць, ці гэта толькі звязана было з Кулажанкам. Магчыма, супалі знешнія і ўнутраныя працэсы. Можа, і ён зрабіў унёсак у гэта ўсё. Але да 2020 года не адчувалася вялікага ціску…”, – так ахарактарызавалі першыя крокі Кулажанкі на пасадзе рэктара БелДУТ, якую ён заняў пасля доктара тэхнічных навук Веніяміна Сянько.

Фота: bsut.by
Да 2020 года ўражанне ад Кулажанкі ў выкладчыкаў універсітэта было стандартным : “чынуша-кар’ерыст”, які нічым не вылучаецца. Але ўсё ж былі некаторыя асаблівасці ў новага прызначэнца, якія асабліва кідаліся ў вочы пасля сціплага Веніяміна Сянько. Калі папярэдні рэктар задавальняўся звычайным кабінетам без прэтэнзій, то Кулажанка замовіў дарагую мэблю. Таксама яму абсталявалі дадатковае памяшканне для падазроных мэтаў… Нават хадзілі чуткі, што ў тым асобным патаемным кабінеце ўсталявалі душавую кабіну. Такі сабе барын мясцовага разліву, які ўпрыгожвае сваё жыццё атрыбутамі багацця ды раскошы. Калі былому рэктару не перашкаджалі працаваць ані старая мэбля, ані сціплы кабінет, то Кулажанка вёў сябе як гаспадар жыцця.

Віншаванне кабет ад імя Кулажанкі з нагоды 8 сакавіка. Фота: bsut.by
Рэпрэсіі да 2020 года
Супрацоўнікі БелДУТ адзначаюць, што да 2020 года парадкі ва ўніверсітэце не надта адрозніваліся ад таго, што адбывалася ў іншых беларускіх дзяржаўных ВНУ краіны. Яўных апазіцыянераў сярод выкладчыкаў не было. Прынамсі, ад найбольш каштоўных супрацоўнікаў, якія час ад часу займаліся грамадскім актывізмам, загадчыкі кафедр і дэканы маглі патрабаваць, каб яны не з’яўляліся на офісах апазіцыйных структур, каб не давалі каментары незалежным СМІ і каб увогуле на лекцыях выказваліся карэктна. Аднак пры гэтым ва ўніверсітэце было некалькі выкладчыкаў з рэпутацыяй вальнадумцаў.
Што да прымусовага галасавання і збора подпісаў за Лукашэнку, то гэта было і пры Сянько. “Не ведаю, як і чым палохалі студэнтаў. Нам гаварылі так: “Спісы тых, хто не падпісаў, лягуць на стол рэктару”. Таксама звычайна гаварылі: “Ты хочаш атрымаць падвышэнне?” “Ты хочаш тут працаваць?” Нават тыя калегі, якія былі настроеныя супраць Лукі, асабліва ў 2020 годзе, усе, акрамя 2-3 чалавек, пайшлі і падпісаліся. Сварыліся, пляваліся, але пайшлі і падпісаліся. Але такая практыка была і пры Сянько, калі выкладчыкі падпісваліся за вылучэнне, а студэнтаў прымушалі датэрмінова галасаваць. Адзінае, што пры Кулажанку сталі больш адсочваць тых, хто “псуе статыстыку”. Яму на стол клалі спісы людзей, якія адмаўляліся падпісвацца і праяўлялі апазіцыйныя настроі”, – распавядае адзін з выкладчыкаў БелДУТ.
У выбарчы 2020 год Кулажанка дзейнічаў, як і многія іншыя вертыкальшчыкі, якія спалохаліся за сваю будучыню: удзельнічаў у пікетах у падтрымку Лукашэнкі, выступаў перад аўдыторыямі з агітацыйнымі прамовамі. Словам, усяляк дэманстраваў лаяльнасць.
У жніўні 2020 года, за месяц да галасавання, у якасці даверанай асобы кандыдата Лукашэнкі Кулажанка выступіў у гімназіі горада Калінкавічы. Журналісты выдання “Палеская Вясна” зафіксавалі некалькі эпізодаў парушэнняў выбарчага заканадаўства, дапушчаных Кулажанкам, у тым ліку незаконнае выкарыстанне памяшкання гімназіі для агітацыі і арганізацыя масоўкі з педагогаў пры выкарыстанні адміністрацыйнага рэсурса. Аднак для Кулажанкі, як і для ягонага кандыдата, вядома, ніякіх наступстваў ад гэтага не было. Затое падчас сустрэчы рэктар прайшоўся з паўцэнзурнай лексікай па незалежных блогерах, якіх абвінаваціў у прадажнасці.
Па меры росту напружанасці ў грамадстве Кулажанка таксама актывізаваў высілкі па задушэнні пратэстовых настрояў у БелДУТ. На яго сумленні – некалькі палітычна матываваных звальненняў і пераслед студэнтаў, якія выказвалі салідарнасць са звольненымі выкладчыкамі.
“Маликов оскорбил заведующего кафедрой, декана факультета, назвал их рабовладельцами, агрофеодалами, возможно, оскорбил руководство университета и даже президента”.
Рэпрэсіі ў БелДУТ
Самы вядомы выпадак пераследу, арганізаванага асабіста Кулажанкам, – звальненне кандыдата мастацтвазнаўства Яўгена Малікава. Выкладчык цягам 16 гадоў працаваў ва ўніверсітэце, не меў за гэты час ніводнай вымовы, быў куратарам груп. Аднак у 2020 годзе трапіў у няміласць пасля таго, як яго асудзілі на 5 сутак арышту за ўдзел у адной з акцый пратэсту ў Гомелі. Таксама ў віну выкладчыку паставілі ягоны “непаліткарэктны пост” у сацыяльных сетках, у якім ён пасля арышту сфатаграфаваўся з “вусамі” ў прэзідэнцкім стылі.

Той самы фотаздымак з “вусамі”, які абразіў пачуцці Кулажанкі. Фота: сацсеткі Яўгена Малікава
“Гэтая паспешлівасць у вынясенні дзвюх вымоў за восем дзён выкладчыку, кандыдату навук, які прапрацаваў ва ўніверсітэце 16 год, да таго ж звальненне ў сярэдзіне семестра (а хто цяпер палову нагрузкі будзе дачытваць?), паказвае іх унутраную сутнасць, а дакладней, выключную палітычную мэтанакіраванасць усяго гэтага працэса…”, – пісаў у сацсетках Малікаў. І ён жа распавёў, як прайшоў Савет універсітэта, на якім і было прынята канчатковае рашэнне аб звальненні: “Калі я прыйшоў на згаданы сход у 11.30 (дакладней, на канец Савета ўніверсітэта) замест мяне выступіў рэктар БелДУТа, Ю.І. Кулажанка, які распавёў пра камісію і акт, пра маё звальненне, пра тое што “Маликов больше не член нашего трудового коллектива”. Таксама ён патлумачыў прычыны вымовы: “Маликов оскорбил заведующего кафедрой, декана факультета, назвал их рабовладельцами, агрофеодалами, возможно, оскорбил руководство университета и даже президента”.
Студэнты Яўгена Малікава, абураныя несправядлівым абыходжаннем са сваім выкладчыкам, паспрабавалі зладзіць акцыю салідарнасці прама на ганку ўніверсітэта. Разганяць асабліва небяспечных дзяўчын і хлопцаў выйшаў сам Кулажанка з прарэктарам па выхаваўчай працы, таксама падцягнулася міліцыя. Пазней усіх удзельнікаў пікета ідэнтыфікавалі, выклікалі на допыты. Некаторым “зарэзалі чырвоныя дыпломы”. А выпускнікоў спецыяльна размеркавалі ў глухія куткі вобласці.
Акцыя салідарнасці студэнтаў БелДУТ са звольненым выкладчыкам Яўгенам Малікавым. Фота: “Флагшток”
“Дзяўчат, якія выходзілі пастаяць у падтрымку Малікава, “пакаралі”. У 2021 годзе, калі яны выпускаліся, іх гарантыйныя лісты з месцаў працы выкінулі ў сметніцу. А саміх адправілі ў неперспектыўныя месцы. Асобным не далі атрымаць “чырвоныя дыпломы”. Некаторых цягалі на допыты бясконца, прычым у сценах універсітэта, пакуль абураныя бацькі не прыйшлі разбірацца з адміністрацыяй. Такая ганебная помста ўчорашнім дзецям не суадносіцца са статусам дарослага мужчыны, які яшчэ пры ўладзе. Нізасць і подласць, але ў вобраз гэтага чалавека гэта ўсё ўкладаецца…”, – распавяла адна былая супрацоўніца БелДУТ пра поствыбарчыя чысткі.