Увесь красавік 2023 года ў ААН — міжнароднай арганізацыі, створанай для ўмацавання бяспекі і падтрымання міру ды раўнапраўя — старшынствуе краіна-тэрарыст. Краіна, якая ўвесь час свайго існавання толькі і рабіла, што шукала вонкавых і ўнутраных ворагаў, распальвала канфлікты ледзь не на ўсіх сваіх межах, імкнучыся пашырыць іх за кошт суседзяў; краіна, якая пастаўляла зброю баевікам і адпраўляла сваіх людзей паміраць за чужыя ідэалы,
Лідары заходніх краін, відаць, страцілі памяць, забыўшыся, што ААН была створана з мэтай прадухіляць будучыя войны. Я ўвогуле не разумею, чаму краіну-тэрарыста не выключылі адтуль. На маю думку, ААН паказала сваю неэфектыўнасць і даўно мае патрэбу ў рэарганізацыі.
Дарэчы, асмелюся напомніць тым, хто страціў памяць — адным з найважнейшых дакументаў ААН стаў Дагавор “Аб нераспаўсюджанні ядзернай зброі” 1968 года. На той момант яго падпісала 191 дзяржава. Пазней ён быў дапоўнены забаронай ядзерных выпрабаванняў і пагадненнямі аб бяз’ядзерных зонах.
Напачатку 90-х і наша краіна стала бяз’ядзернай зонай і нейтральнай дзяржавай. Але ненадоўга.
Усе мы помнім мінулы 2022 год, калі ў Беларусі змянілі Канстытуцыю. У тым ліку з 18 артыкула знік пункт, у якім было сказана, што на нашай зямлі не будзе размешчана чужая ядзерная зброя. Дзіўна, але фармулёўка “Рэспубліка Беларусь выключае ваенную агрэсію са сваёй тэрыторыі ў адносінах да іншых дзяржаў” засталася. Хаця мы ведаем на сваёй скуры, як выконваюцца законы з гэтай кніжачкі.
Ах, што вы! Гэта ж усяго толькі тактычная ядзерная зброя! Яна прынцыпова адрозніваецца ад стратэгічнай і магутнасцю, і памерамі, і далёкасцю прымянення! Яна не ў стане спальваць кантыненты і гарады! Яна ляціць на сотні кіламетраў і спальвае адно 3 гектары зямлі разам з танкамі, умацаваннямі і асабовым складам (і ўсім жывым наваколлем).
А як Расея бамбіць “выключна ўкраінскія ваенныя аб’екты і нічога больш” — пра гэта ўвесь свет ведае…
Што за зброя можа з’явіцца бліжэйшым часам у Беларусі?
Да прыкладу, ракеты і бомбы са спецыяльная баявой часткай (эквівалентныя па магутнасці 30 кілатонам тратылу) для самалетаў Су-24 і ракеты “Кінжал” са спецыяльнай баявой часткай для Міг -31; ракеты для “Іскандэраў-М” (50 кілатон), снарады для “Піёнаў” і “Гіяцынтаў” (2-3 кілатоны).
Варта нагадаць, што ў Хірасіме быў выкарыстаны зарад у 13 кілатон ( то бок эквівалент па магутнасці 13 кілатонам тратылу)
“Тры колеры характарызуюць для мяне дзень, калі атамная бомба была скінута на Хірасіму: чорны, чырвоны і карычневы. Чорны, таму што выбух адрэзаў сонечнае святло і пагрузіў свет у цемру. Чырвоны быў колерам крыві, якая цякла з параненых і пераламаных людзей. Ён таксама быў колерам пажараў, якія ўшчэнт спалілі горад. Карычневы быў колерам спаленай скуры, якая адвальвалася ад целаў, што падвергліся дзеянню светлавога выпраменьвання ад выбуху”, – успамінала адна з тых, хто выжыў.
Свет нагуляўся з ядзернай зброяй. Ды відаць, не ўвесь…
Здагадак і гіпотэз, чаму Расея размяшчае сваю ядзерную зброю ў Беларусі нямала. Для мяне ж відавочным застаецца тое, што наша краіна будзе для Масквы ўсяго толькі буфернай зонай і падушкай бяспекі. Бо ў выпадку чаго, адказ прыляціць менавіта сюды, на нашу зямлю — якой па сваім меркаванні распараджаецца толькі адзін чалавек.
Я ўсё яшчэ не хачу з’язджаць са сваёй зямлі. Але жыву, як на парахавой бочцы, і не ведаю, што прынясе з сабой заўтрашні дзень.
Здаецца, што сёння нават ва Ўкраіне жыць куды бяспечней — таму што ёсць вера ў будучыню, у сваіх вайскоўцаў і ўладу — чаго беларусы ўжо даўно пазбаўленыя. Нам засталася толькі вера ў цуды, у Бога і ў саміх сябе.
Мар’яна Ліс