З пратэснай музыкай іберыйскай паўвыспы беларусы знаёмы хіба што дзякуючы «Мурам» – польскай і беларускай адаптацыі каталанскай песні L’estaca Льюіса Льяка. Між тым на заходнім узбярэжжы паўвострава, у Партугаліі, Жозэ Афонсу (вядомы таксама як Зэка Афонсу) стварыў кампазіцыю, што стала сімвалам самай мірнай Еўрапейскай рэвалюцыі. Песняй Grândola, Vila Morena «Штодзень» працягвае цыкл «Музыка Перамен».

Фота: outraspalavras.net
Гісторыя рэвалюцый у Партугаліі пачалася са звяржэння манархіі ў 1910 годзе і ўсталявання Першай партугальскай рэспублікі. Новая ўлада не здолела вывесці краіну з крызісу, і як вынік – новы пераварот у 1926 г. Пасля ўтварылася гэтак званая «дыктатура без дыктатара» – трыумвірат трох генералаў. Адзін з іх, Ошкар Кармона, заўважыў асобу з цікавымі ідэямі вырашэння эканамічных праблем, універсітэцкага выкладчыка, прафесара эканомікі, і ўвёў яго ў палітычныя колы. Так пачалася кар’ера Антоніу Салазара.

Прафесар, эканаміст, выкладчык і будучы дыктатар Антоніу Салазар. Фота: wikipedia.org
Няўдалы семінарыст пачаў з актыўнай барацьбы з карупцыяй (калі прыглядзецца, паміж усімі дыктарамі свету існуе столькі агульнага!) і скарачэння дзяржвыдаткаў. Прынятыя ім меры былі даволі эфектыўнымі, паўнамоцтвы міністра эканомікі раслі, і неяк незаўважна палітычны лад пераўтварыўся ў «дыктатуру з дыктатарам» (падрабязней пра кар’еру самага сціплага аўтакрата ХХ ст. можна паглядзець тут). Салазар мадэрнізаваў эканоміку, абараніў Партугалію як ад фашызму (краіна не ўдзельнічала ў Другой сусветнай вайне), так і камунізму, але не адчуў дух часу і ўцягнуў краіну ў знясільваючыя каланіяльныя войны. Так, напрыканцы 1960-х, Партугалія стала самай беднай краінай Заходняй Еўропы і страціла каля 1 млн насельніцтва з-за масавай міграцыі.

Партугальскія вайскоўцы ў Анголе, пачатак 1960-х. Фота: Joaquim Coelho, Wikimedia Commons
Простыя партугальцы ў гэтыя гады маюць дзве асноўныя праблемы: як пазбавіць сыноў службы ў арміі і як пракарміць сямю. Народны гнеў там-сям прасочваецца на вуліцы. У вёсачцы Грандала на поўдні краіны ў 1964 г. адбыўся страйк, які жорстка падавіла паліцыя. Пад уражаннем ад гэтых падзей паэт, бард і грамадскі дзеяч Жозэ Афонсу стварае песню Grândola, Vila Morena, якую адразу забараняе цэнзура. Аўтара звальняюць у настаўніцкай працы, друкавацца ў прэсе ён можа толькі пад псеўданімам. Гэта не спыняе яго актыўнасць, але песня яшчэ чакае на свой час…

Жозэ (Зэка) Афонсу. Фота: www.famouscomposers.net
У 1968–1971 гадах Салазар фактычна ўжо не прымае рашэнняў з-за хваробы. Пасля яго смерці палітыка-эканамічны крызіс толькі паглыбіўся. Пераемнік Марсэлу Каэтану працягвае папярэднюю лінію кіравання.
У 1972 Жозэ Афонса ўпершыню публічна выконвае Grândola, Vila Morena. Пакуль не ў Партугаліі, а ў суседняй Галіцыі, рэгіёне Гішпаніі. Да рэвалюцыі застаецца два гады.

На графіці цытата і аўтар. Фота: wikipedia.org
Пад выглядам «барацьбы з камунізмам у калоніях» у 1973 годзе з краіны выводзіцца 1,4 млрд эскуда, на аднаўленне ўласнай эканомікі сродкаў не застаецца. Меры кшталт забароны на публікацыю статыстычных дадзеных пра дзяржвыдаткі ўжо не дапамагаюць. Незадаволенасць нізкім узроўнем жыцця дасягае максімуму ў 1974 годзе.
25 красавіка 1974 года Grândola, Vila Morena прагучала па радыё ў 00:20 – як таемны сігнал пачатку аперацыі па звяржэнні рэжыму. Праз некалькі гадзін салдаты ўжо займалі ключавыя будынкі ў Лісабоне, а людзі, насуперак заклікам заставацца дома, выходзілі на вуліцы з гваздзікамі, устаўляючы іх у зброю. Так нарадзілася Рэвалюцыя Гваздзік – амаль без крыві, з песняй замест стрэлаў.
У песні Grândola, Vila Morena няма заклікаў да барацьбы ці рэзкіх крокаў. Яна спакойная і сціплая, як і асоба дыктатара (Салазар жыў у двухпакаёвай кватэры, без раскошы, не насіў дарагіх рэчаў, нават не ўжываў алкаголь), што за 40 год кіравання страціў адэкватнасць і завёў краіну ў тупік. Рэвалюцыя Гваздзік лічыцца самай бескароўнай рэвалюцыяй другой паловы ХХ ст. (колькасць загінуўшых – 4 асобы). А песня пра маленькую вёсачку стала адным з сімвалаў змен у Партугаліі.
Выкананне Grândola, Vila Morena з удзелам Зэка Афонсу ў 1983 годзе
Grândola, Vila Morena вядомая далёка за межамі Партугаліі. Існуе шмат кавер-версій. Вось так, напрыклад, кампазіцыя прагучала ў серыяле La casa de papel (Папяровы дом) ад Нэтфлікс .
У 2024 годзе, у 50 гадавіну Рэвалюцыі Гваздзік партугальцы зноўку выйшлі на вуліцы з песняй і думкай пра тое, што толькі знітаваная нацыя, у шэрагах якой пануюць fraternidade і igualdade (словы, зразумелыя і без перакладу) здолее перамагчы.