У чарговы раз Гомелю абяцаюць стварэнне гімну. Але толькі як моладзевай сталіцы 2025 года. Прэзентацыя павінна адбыцца 21 сакавіка на “ідэалагічным капішчы” горада над Сожам – ля флагштока. Чаго чакаць ад абяцанай кампазіцыі, разважаў “Штодзень”.
Так склалася, што ўсе спробы стварэння ў Гомелі хаця б якога-небудзь гімна рабіліся аматарамі. І на гэты раз ад традыцыі вырашылі не адступаць. Аўтар музыкі і тэксту Сяргей Сакоўскі ў 2024 годзе выдатна скончыў ГДУ ім. Ф. Скарыны (факультэт фізікі і інфармацыйных тэхналогій). Цяпер працуе інспектарам мытнай службы трэцяга рангу.

Арцём Сакоўскі
Ці добрым выйшаў гімн, можна будзе сказаць, канешне ж, толькі пасля ягонай прэзентацыі. Але творчыя здольнасці аўтара можна ацаніць ужо зараз: Сакоўскі адначасова з’яўляецца і стваральнікам лагатыпа моладзевай сталіцы.
Нават далёкая ад галіны дызайну асоба зразумее, што дадзены лагатып нельга назваць ні эстэтычным, ні мінімалістычным (што не дзіўна, наўрад ці фізік і мытнік можа ведаць культавы слоган “Менш значыць больш” ад Міса ван дэр Роэ). Намалявана лога прымітыўнымі сродкамі (авалодванне прафесійнымі графічнымі рэдактарамі вымагае часу і здольнасцяў да дызайну).
Гэтыя лагатыпы сусветных дзён моладзі з розных краін нельга назваць звыш удалымі, ало розніца паміж імі і гомельскім адпаведнікам відавочная.
Чаму распрацоўкай творчых рэчаў не займаюцца адпаведна музыкі, літаратары, мастакі? Магчыма таму, што ў Гомелі іх засталося яшчэ менш, чым моладзі, якая абірае для жыцця краіны з лепшым эканоміка-палітычным кліматам. А тыя, хто застаўся, не адпавядаюць сваім “обліка-марале” па ідэалагічных крытэрыях.
Добра хаця б тое, што да падрыхтоўкі мерапрыемстваў для моладзі далучылася сама моладзь. Але як зрабіць штось трэндавае і прагрэсіўнае, калі абавязкова трэба ўставіць тоё-сёе пра вайну, выбары і абавязкова афарбаваць у чырвона-зялёныя колеры? Энтузіязму бракуе нават тым маладзёнам, хто актыўна будуе кар’еру ў праўладнай сістэме.