Беларусы змогуць наведаць яшчэ адзін рэгіён свету свабодна. Але не ўсе, а толькі тыя, хто мае шэнгенскую візу. Аб гістарычным пагадненні дамовіліся прадстаўнікі Вялікабрытаніі і Іспаніі 11 чэрвеня 2025 года.
Фота: www.politico.eu
На тэрыторыі Гібралтара пачнуць дзейнічаць правілы шэнгенскага пагаднення. Як падкрэслівае брытанскі бок, гэта тэрыторыя застаецца брытанскай і дэ-юра не ўваходзіць у Шэнгенскую зону. Але для турыстаў і мясцовых жыхароў дэ-факта будуць дзейнічаць такія ж правілы, як для краін, што далучыліся да шэнгенскага пагаднення.
На сухапутных граніцах будзе адменены памежны і мытны кантроль. То бок наведаць Гіблартар зможа любая асоба, што мае права для знаходжання ў ЕС (раней беларусам для гэтага была патрэбна брытанская віза). Кантроль у аэрапорце застанецца, але яго будзе ладзіць іспанскі бок.
Фота: pixabay.com
Пытанне Гібралтара стала вострым пасля выхаду Вялікабрытаніі з ЕС. Каля 15 000 мясцовых жыхароў (усяго на тэрыторыі Гібралтара жыве каля 28 000 асоб), што працуюць у Іспаніі, былі вымушаныя штодзённа сутыкацца з памежным кантролем. Да таго ж рэгіён быў абмежаваны ў развіцці турызму, бо большасць турыстаў, што адпачываюць побач, не маглі наведаць Гібралтар з-за адсутнасці брытанскай візы.