На сайце генпракуратуры з’явілася паведамленне пра тое, што аўтары дакументальнай стужкі “Выжыў пасля расстрэлу. Лес” адмаўляюць генацыд беларускага народа падчас ІІ Сусветнай. Такое выказванне грунтуецца на тым, што ў фільме нібыта ставіцца пад сумнеў афіцыйная версія вынікаў раскопак у Шчакатоўскім лесе пад Гомелем, якую праводзіла “следчая група Генпракуратуры ў масіве Чонкаўскага лясніцтва”. Згодна заключэнням праўладных экспертаў, там былі знойдзеныя не ахвяры сталінскіх рэпрэсій, а парэшткі грамадзян, забітых нацыстамі падчас акупацыі Беларусі ў гады вайны.
Рэжысёрка Марыя Булавінская зазначае, што ў фільме распавядаецца тое, што яшчэ да вайны Шчакатоўскі лес мог выкарыстоўвацца НКВД у якасці палігону для расстрэлаў апанентаў савецкай улады. Паводле Марыі, нервовая рэакцыя на стужку паказвае слабасць аргументацыі ўладаў.
Марыя Булавінская:
– Мы хацелі адлюстраваць сённяшнюю пазіцыю ўладаў. Таму ў фільме мы паказалі гомельскага пракурора Шынкарова, які выказваецца на тэму знойдзеных у лесе чалавечых парэштак. Можа, улады ўбачылі ў стужцы небяспеку для сваёй версіі? Я радая, што ў фільме нам удалося сабраць дастаткова пераканаўчыя факты, якія сведчаць, што забойствы апанентаў савецкай улады праходзілі яшчэ ў 1930-я гады. Напрыклад, згадваецца гісторыя чыноўніка, які выжыў у гэтым лесе пасля расстрэлу. І падчас стварэння фільма мы знайшлі пацвярджэнне гэтай гісторыі. Насамрэч ёсць вельмі шмат крыніц, якія даводзяць, што ў гэтым лесе пад Гомелем расстрэльвалі супрацоўнікі НКУС. Тое, што яны цяпер так агрэсіўна рэагуюць на фільм, – гэта іх уласныя страхі, напэўна, наконт таго, што афіцыйная версія “пра злачынствы нацыстаў” з’яўляецца слабай. Гомельскія ўлады ўвесь час сцвярджаюць, што ў 1930-я не было масавых ахвяр сталінізму і масавых рэпрэсій, хоць гэта не так. Гэта яны насамрэч супрацьпастаўляюць сваю версію даследаванням гісторыкаў 1990-х і цяперашніх даследчыкаў.
Дакументальны фільм «Лес» распавядае некалькі рэальных гісторый 1930-х пра сталінскія рэпрэсіі. Паводле дадзеных археалагічных раскопак у 1995 годзе, у гэтым лесе супрацоўнікі НКВД расстрэльвалі савецкіх грамадзян. У стужцы ўдзельнічае зорны акцёрскі склад: Алег Гарбуз, Святлана Зелянкоўская, Мікіта Хвалюк, Максім Шышко. Рэжысёр – Марыя Булавінская. У студзені 2025 года фільм «Лес» унеслі ў спіс «экстрэмісцкіх матэрыялаў».