Надзвычайная пажарная небяспека ў Гомельскай вобласці працягнутая і на заўтра, у Гомелі ў розных раёнах паведамляюць пра смог і пах дыму. «Штодзень» сабраў звесткі пра пажары з розных крыніцаў і пастараўся разабрацца з небяспекай.
Развіццё сітуацыі з пажарамі ў Чарнобыльскай зоне: прадукты гарэння нясе на Беларусь
Пра сітуацыю з пажарамі ў эфіры «Громадського радіо» сёння распавёў загадчык аддзела радыяцыйнай экалогіі Інстытута праблем атамных станцый Мікалай Талерка.
«3 верасня ў чарнобыльскай зоне з’явіліся першыя ачагі пажараў. У той час перакідка прадуктаў гарэння была ў Вінніцкую і Хмяльніцкую вобласці», – адзначыў ён.
Талерка падкрэслівае, што гэтая крыніца агню ўзнікла на тэрыторыі Чарнобыльскай зоны адчужэння, якая не была моцна забруджаная. Паводле яго звестак, са змяненнем умоў надвор’я кірунак пераносу прадуктаў гарэння зрушыўся на захад Украіны. Да канца дня 4 верасня напрамак сфарміраваўся на паўночны захад — амаль на тэрыторыю Беларусі, кажа спікер.
«У гэты час у чарнобыльскай зоне з’явілася некалькі новых ачагоў пажараў. У прыватнасці, даволі вялікая тэрыторыя, парадку некалькіх дзясяткаў гектараў, загарэлася ў заходняй частцы зоны адчужэння. У яго ўжо крыху большая шчыльнасць забруджвання», – падкрэсліў эксперт.
Спікер адзначае, што цяпер гэтая ачаг узгарання не павялічваецца дзякуючы МНС.
Таксама падтрымліваецца кірунак пераносу прадуктаў гарэння на тэрыторыю Беларусі.
«Такім чынам, на дадзены момант забруджвання паветра на тэрыторыі Украіны практычна няма. Узровень радыяцыі ў норме. Агульная тэндэнцыя не адмоўная», – падкрэсліў ён.
Аператыўная абстаноўка: лес у зоне гарыць
Пра пажар у Чарнобыльскай зоне стала вядома 3 верасня, загарэлася лясная посцілка. Сёння там з’явіўся новы пажар, да яго тушэння прыцягнулі 400 ратаўнікоў.
Па звестках Дзяржаўнага агенцтва Украіны па кіраванні зонай адчужэння па стане на 7 верасня, праз надзвычайна сухое надвор’е і вецер «пажаранебяспечная сітуацыя ўскладняецца». У ведамстве казалі пра чатыры асноўныя ачагі агню, у частцы з іх назіралася станоўчая дынаміка, але пасля абвастрэння сітуацыі сілы былі кінутыя на мяжу з Жытомірскай вобласцю.
«Кантроль за радыяцыйнай абстаноўкай узмоцнены аператыўнай групай радыяцыйнай разведкі радыяцыйна-экалагічнага маніторынгу і радыяцыйна-дазіметрычнага кантролю на мяжы лініі агню. Разлікі дозы апраменьвання персаналу праводзяцца, перавышэнняў узроўняў на дадзены момант няма», – сцвярджаюць у агенцтве.
Станам на 20:00 7 верасня па звестках Міністэрства аховы навакольнага асяроддзя і прыродных рэсурсаў Украіны, у Чарнобыльскай зоне агнём было пройдзена прыкладна 2600 га тэрыторыі.
Дзяржаўны навуковы-тэхнічны цэнтр па ядзернай і радыяцыйнай бяспецы зрабіў 6 верасня прагноз траекторый руху паветраных мас і мадэляванне рассейвання атмасферы па сённяшні дзень. Па ягоных звестках, вецер павінны быў перамяшчацца на поўдзень Беларусі, ападкаў не чакалася.
У Гомельскай вобласці захоўваецца надзвычайны ўзровень пажарнай небяспекі
Белгідрамет працягнуў штармавое папярэджанне пра надзвычайную пажарную небяспеку «на большай частцы тэрыторыі Гомельскай і Магілёўскай абласцей» і на заўтра (трывае з канца жніўня).
Пра радыялагічную абстаноўку (і рызыкі ў сувязі з пажарамі ў Чарнобыльскай зоне) пры гэтым беларускія ўлады нічога не паведамляюць. Сайт жа, дзе па ідэі павінны размяшчацца гэтыя звесткі недаступны як мінімум з пачатку пажараў. Перыядычна з’яўляецца папярэджанне, што там вядуцца тэхнічныя работы.
У сваю чаргу мапа маніторынгу радыеактыўнасці навакольнага асяроддзя Аб’яднанага даследчага цэнтра Еўрапейскай камісіі, куды паступаюць звесткі ў тым ліку з пунктаў у Беларусі, паказвае змены фону, якія пакуль не з’яўляюцца значнымі.
Не толькі Чарнобыльская зона, але і тарфянікі
Рэгіянальныя чаты паведамляюць, што сёння ў «з самай раніцы ў Гомелі стаіць густы дым» і смог. Пры гэтым кірунак ветра «паўднёва-усходні», таму «гамельчанам прыйдзецца пацярпець».
«Што за дымка ў 5-м?» – пытаўся сёння С. у гомельскім чаце.
«Ды ўжо быццам другі дзень тарфянікі гараць, можа, ад іх. Пах дык дакладна паўсюдна», – адказвае Ю.
«І лес, быццам бы, у зоне адчужэння, вокны лепей не адчыняць», – дадае C.
«Што за дым па ўсім горадзе?» – пісаў 7 верасня І.
Ёсць інфармацыя як мінімум пра два тарфяных пажары ў Гомельскай вобласці: 7 га ў Брагінскім раёне (сёння зраніцы быў лакалізаваны да 3,5 га), 2 га ў Рагачоўскім.
Пах ад пажараў чутны і ў Літве. Па звестках Нацыянальнага цэнтра кіравання крызісамі, у краіне яшчэ ў нядзелю быў падвышаны ўзровень забруджвання паветра. Пры гэтым гомельскія ўлады тады ж рапартавалі пра тое, што «ўсе паказчыкі ў норме».
Гэта ўсё ўказвае на тое, што жыхары нашага рэгіёна павінны ва ўмовах замоўчвання праблемаў уладамі паклапаціцца пра сябе самі.