Гамяльчанка ў Ізраілі: “Тут ніхто не палюе на нармальных людзей. Паліцыя выконвае зусім іншыя функцыі, чым у Беларусі…”

by ZB

За апошнія гады беларусаў раскідала па свеце. “Штодзень” распачынае цыкл артыкулаў пра адметнасці краін, дзе суайчыннікі знайшлі сабе новае прыстанішча. Сярод іх — гамяльчанка Вольга (імя гераіня папрасіла змяніць), якая ўжо год жыве ў Ізраілі.

Гэта Хайфа. Горад стаіць на гары, таму шмат вуліц-лесвіц, серпантынаў. Але вельмі маляўніча

Штодзень: Калі пачалася вайна ў Ізраілі, ці не было жадання вярнуцца ў Беларусь?

Вольга: Не было, таму што менавіта тут я сябе адчуваю больш у бяспецы і больш дома, чым фактычна ў мірнай Беларусі. Рэальна тут адчуваю сябе лепей і бяспечней нават пры вайне.

У чым выяўляецца бяспека?

Як і ў іншых цывілізаваных краінах, тут ніхто не баіцца паліцэйскіх, тут паліцыя сапраўды дапамагае, сапраўды нармальна паводзіць сябе. Тут ніхто не палюе на нармальных людзей. Паліцыя выконвае зусім іншыя функцыі, чым у Беларусі.

Чым адрозніваюцца мадэлі паводзінаў жыхароў Беларусі і Ізраіля?

Паколькі Ізраіль — гэта поўдзень, то тут зусім іншы менталітэт, іншыя характары, іншы светапогляд. Тут людзі больш адкрытыя, больш прыязныя вельмі любяць пагаварыць. Ізраіль — краіна, дзе ўсе такія “трындзючыя”: на кагосьці проста паглядзіш на аўтобусным прыпынку, а той табе можа распавесці пра ўсіх унукаў, праўнукаў. Гэта проста трэш часам. Тут ніхто нікуды не спяшаецца.

Каталіцкае Раство супадае з апошнім днём Ханукі. Елка на адной з плошчаў Хайфы, каля яе ханукія й ліхтарык з мусульманскім паўмесяцам. У гэтым унікальнасць Хайфы.

Як у Ізраілі ставяцца да тых, хто “панаехаў”?

Прыязна ставяцца да новых рэпатрыянтаў. Прынамсі, мы за год пакуль не сутыкнуліся з нейкім негатывам. Усе кажуць пра апошнюю хвалю, што прыехала  вельмі шмат разумных і адукаваных, цікавых людзей, якія зробяць добры ўнёсак у развіццё краіны, шмат айцішнікаў прыехала. Гэта незвычайна, што так добра ставяцца да тых, хто “панаехаў”. Мы пакуль не сутыкаліся з кепскім стаўленнем, нам усе жадаюць толькі добрага.

 

Інжынерныя вузлы тут папросту на вуліцы. Ніякіх шафаў. Гэта супрацьпажарныя гідранты, але тут і вадамерныя вузлы заўсёды ці проста каля дамоў, ці там, дзе было іх зручна зрабіць (у скверы, пасярод вуліцы).

Ці сумуеш па Беларусі?
Я прыйшла да высновы, што мой дом унутры мяне, мне не хочацца ў нейкае канкрэтнае месца. Я, канешне, сумую па Беларусі, але хутчэй сумую па людзях. Толькі ў Гомелі ў мяне нікога амаль не засталося. Толькі адзін сябар.

Амаль усе дрэвы ў Ізраілі пранумераваныя і занесеныя ў камп’ютарную базу. Усюды пракладзеныя трубкі для паліву, паліваецца аўтаматычна згодна з дадзенымі ў базе (якім раслінам як патрэбна). Вада на паліў – асобны цуд. Уся побытавая каналізацыя (а гэта прэсная вада, таму яна вельмі каштоўная і выкарыстоўваецца не адзін раз) па ўсёй краіне збіраецца, ачышчаецца і йдзе на паліў раслін.

Якія нязручнасці ў Беларусі для цябе цяпер заўважныя?

Напрыклад, калі ты рэгіструешся на беларускіх сайтах накшталт Куфару, то табе трэба для рэгістрацыі ўвесці дзейны нумар беларускага тэлефона, на які табе прыйдзе смс-код. Але я не знаходжуся ў Беларусі, у мяне не стаіць актыўная беларуская сімка. То бок я шмат чаго не магу зрабіць. У мяне застаецца беларуская сімка, мой стары нумар, якім я карыстаюся, калі прыязджаю ў Беларусь, а па ад’ездзе стаўлю на паўзу. Нядаўна ў мяне абнавілася аплікацыя і выкінула з акаўнту. Цяпер, каб ўвайсці ў акаўнт, то трэба ці паставіць дзейную сімку і ўключыць інтэрнэт. То бок я мушу знаходзіцца на тэрыторыі Беларусі. Ці ўключыць дзейную сімку, куды прыйдзе смс-код. То бок мусіць быць роўмінг. Карацей, я не магу ніяк зайсці ў аплікацыю, каб папоўніць рахунак беларускага нумара тэлефона, не знаходзячыся ў Беларусі. Вось такія рэчы мяне, калі шчыра, злуюць. Складанасці на пустым месцы. І такога вельмі шмат. Ці ніхто не падумаў пра гэта, ці такое заканадаўства. Я з падобнымі праблемамі сутыкаюся часта, калі трэба дыстанцыйна штосьці зрабіць. Напрыклад, падатак за кватэру заплаціць.

Галілея. Гэта пейзаж каля воз. Кінэрэт (Галілейскага мора)


Якія адметнасці (асаблівасці) у Ізраілі для цябе навідавоку?

У Ізраілі, калі новы жылец заязджае ў арандаванае жытло, то ўсе камунальныя плацяжы пераводзіць на сябе. То бок кватэра знаходзіцца ва ўласнасці ў некага, але ты прыходзіш у мясцовы водаканал і пераводзіш усе плацяжы на сябе. А калі выязджаеш, то асабіста ці праз аплікацыю паведамляеш, што ўсё я выязджаю. Вось гэта было новым і нечаканым.

Не сакрэт, што Ізраіль — краіна, дзе вельмі высокія цэны, гэта адна з самых дарагіх краін свету.

Адрозніваюцца дамы, бо іншы клімат. У раёнах з больш старой забудовай дамы падобныя на нашыя хрушчоўкі ці панэлькі, а больш новыя дамы ніхто іх не тынкуе і не фарбуе, бо шмат каменю і папросту абліцоўваюць каменем.

Тут вельмі вялікія балконы ва ўсіх, бо гэта абарона ад сонца. На старых дамах часта людзі камунікацыю вешаюць па сцяне дома звонку. Напрыклад, патрэбна ваду правесці, то проста свідруюць дзіркі на вуліцы і пускаюць трубы па сцяне. Тут няма маразоў і нічога не замерзне. Хаця гэта не эстэтычна. Што тычыцца гарачай вады, то няма ў Ізраілі ў вялікай колькасці ўсялякіх цепластанцый. На кожную кватэру на даху стаіць бак з сонечнай батарэяй, да якога трубка з халоднай вадой і ад яго трубка з гарачай вадой. Вада падаграваецца сонечнымі батарэямі. Тут шмат сонца і сонечныя батарэі выкарыстоўваюць, дзе толькі можна.

Што тычыцца жылля, тут амаль поўная адсутнасць вентыляцыі. Тут не разумеюць навошта патрэбныя вентыляцыйныя каналы. Тут закрываюць усе вокны і ўключаюць кандыцыянер, але кандыцыянер — гэта не свежае паветра, гэта папросту ахалоджваецца тое, што ёсць у цябе ў кватэры. То бок узровень СО2 расце. У старых дамах хаця б у туалеце вентканал ёсць, а на кухні практычна нідзе няма вентканалаў. Мне кажуць: “А навошта, бо можна акно адкрыць”. На што я адказваю: “Гэта прыток паветра, а дзе выцяжка?” Тут гэтага не разумеюць.

Ужо многія ведаюць, што ў Ізраілі ў новых дамах ёсць мамад — бронепакой, разлічаны на тое, што калі нават увесь дом рухне, то слупок з гэтымі мамадамі застанецца.

Можа, згадаеш, што добрага ў Гомелі? Па Сожу сумуеш?

Я жыву ў 10 хвілінах ад Міжземнага мора. Мы яшчэ нядаўна купаліся. Вось я зараз пайду гуляць з сабакам на пляцоўку, якая знаходзіцца на беразе мора.

Што добрага ў Гомелі? Цяпер вайна ў Ізраілі, а ў Гомелі не бамбяць, няма сірэн, не трэба бегчы ў больш бяспечнае месца. У Гомелі спакойна, але часам нават занадта спакойна. Мне не хапала там культурніцкага жыцця, хацелася нечага большага. Я сумую па гомельскіх сябрах, але яны таксама ўжо раз’ехаліся па іншых краінах, бабуль і дзядуль таксама ўжо няма. Няма да каго і ездзіць. У мяне там толькі адзін сябар застаўся.

Апошнім часам мяне здзіўляе, што ў Гомелі стала шмат кавярняў і рэстарацый і там шмат людзей знаходзяцца. І гэта здзіўляе, бо я ведаю гомельскія заробкі, а цэны ў кавярнях — прыкладна такія, як у Піцеры, а там нашмат вышэйшыя заробкі. Хто гэтыя наведнікі? Хто там сядзіць? Хаця мне падабаецца, што шмат кавярняў. Я калі прыязджаю  ў Гомель, то заходжу ў кавярні. Добра, што шмат месцаў, дзе можна пасядзець і з кімсьці сустрэцца. Але ў галаве не ўкладаюцца гомельскія заробкі і шмат людзей у гэтых кавярнях.

Мне не хапае сасновых лясоў, якія вакол Гомеля. Вельмі сумую па іх. Я дзяцінства правяла ў адным з летнікаў, які знаходзіўся ў такім лесе, вельмі любіла туды ездзіць, мы там ягады збіралі. Вось па гэтых месцах я трошкі сумую, бо люблю такі празрысты сасновы лес.  

Усе ведаюць мэм пра Беларусь, што замежнікі адзначаюць, як у нас чысценька. Але ў параўнанні з Ізраілем у Гомелі проста стэрыльна. Ізраіль вельмі брудная краіна, тут такі менталітэт ва ўсіх незалежна ад нацыянальнасці і паходжання. Гэта проста капец. Людзі выкідаюць бруд проста з вокнаў. Новую лядоўню набылі, распакавалі, а кардон так і пакінулі валяцца. Пластыкавы посуд. Аднаразовыя пакункі — гэта проста бяда. Іх выдаюць усюды ў велічэзнай колькасці. Потым яны на вуліцах валяюцца, я ва ўсіх крамах кажу, каб не давалі пакеты. Я з торбай палатнянай хаджу і ўсе вельмі здзіўляюцца. Кажуць, яны ж бясплатныя. Я гавару, што яны мне не патрэбныя. “Дык вы іх выкінеце”, — адказваюць у крамах. І мне даводзіцца тлумачыць, што я не хачу забруджваць пластыкам. Хаця ў мясцовых крамах, якія каля дома, то ўсе ведаюць што мне пакецік не патрэбны.

Штодзень

ВАМ ТАКСАМА МОГУЦЬ СПАДАБАЦЦА

homeldays_logo_main.png