Гамяльчанцы, якая ўдзельнічала ў пратэстах, адмовілі ў палітычным прытулку ў Нямеччыне, бо ёй «нічога не пагражае»

by ZB
У 2020 годзе Аксана Ліхадзіеўская хадзіла на пратэсты, была адным з аўтараў падобнай на Лукашэнку цацкі «Беларускі пачакун». Яе неаднаразова затрымлівалі, да суда яна была ў ІЧУ, пасля атрымлівала штрафы, яе звольнілі з працы, дома правялі вобшук.

Аксана Ліхадзіеўская

З Беларусі Ліхадзіеўская з дзецьмі былі вымушаныя з’ехаць у канцы 2020 года. Яны дзецьмі прасілі прытулак у Польшчы, але, так як візы ў іх былі нямецкія, справу перанакіравалі ў Германію. Туды прыехаў муж і бацька дзяцей Андрэй Ліхадзіеўскі і таксама падаўся на абарону.

За гэты час Андрэй і Аксана ўжо атрымалі дазвол і ўладкаваліся на працу. «Былі ўпэўненыя, што абарона будзе, але 24 лістапада 2023 г. атрымалі адмову. Было цяжка. Самае страшнае: прачытаць, што нам нібыта нічога не пагражае на тэрыторыі Беларусі, – распавяла DW Аксана. – Першая думка была: пазбавяць дазволу на працу. Але, на шчасце, яго працягнулі, таму што мы вырашылі абскардзіць адмову».
Яна паказала журналістам шмат дакументальных доказаў удзелу ў пратэстах і пераследу з боку ўладаў у Беларусі.
«На сённяшні дзень не стаіць пытанне, можна ехаць, ці не», – падкрэсліла Аксана. Журналісты DW прыводзяць аргументацыю ўладаў Германіі, якія не паверылі беларусам: “Калі органы бяспекі маюць намер штурмаваць кватэру, яны не будуць марнаваць 40 хвілін ці нават больш, як сцвярджаў заяўнік, за дзвярыма, даючы тым самым магчымасць падазраванаму пазбавіцца ад доказаў”. Акрамя таго, аргумент і ў тым, што члены сям’і змаглі спакойна выехаць з краіны.

Таксама ў адмове сказана, што ў Беларусі адсутнічае міжнародны ці ўнутраны ўзброены канфлікт, эканамічных пагрозаў для сям’і таксама няма.

Пачакун аўтарства Аксаны. Фота: Белсат

У ведамстве па справах міграцыі і бежанцаў Германіі журналістам не далі дадатковых тлумачэнняў, распавёўшы толькі пра саму працэдуру прадстаўлення ўцякацтва. Але статыстыка, якую прыводзіць DW даволі красамоўная: у 2023 годзе было разгледжана 456 заявак ад беларусаў, адобраных было ўсяго толькі 8,1% (што праўда гэта найбольшая колькасць з 2020 года), адмову ў абароне атрымалі 197 чалавек.

Штодзень

ВАМ ТАКСАМА МОГУЦЬ СПАДАБАЦЦА

homeldays_logo_main.png