Пра дэмаграфічныя праблемы ў эфіры гомельскага тэлебачання гаварыў галоўны ўрач Гомельскага дыягнастычнага медыка-генетычнага цэнтра з кансультацыяй “Шлюб і сям’я” Алег Крывалапаў. Сярод іншага ён як прычыну назваў прапаганду чайлд-фры і сем’і ЛГБТК+.
Вядучая запыталася ва ўрача, ці не звязана падзенне нараджальнасць з адмовай ад традыцыйных каштоўнасцяў, а таксама назвала небяспечнай тэндэнцыю «пажыць для сябе, адкладаючы нараджэнне дзіця». У адказ спецыяліст, акрамя тлумачэння пра стан здароўя беларусаў, пераказаў і стандартную тэму прапаганды, якая ўскладае віну на людзей, якія адмаўляюцца заводзіць дзяцей па ўнутраных перакананнях, ці на тыя сем’і, якія ствараюць ЛКБТК+.
«Дэмаграфічная бяспека – гэта аснова эканамічнай бяспекі. Тое, што падае нараджальнасць, значыць, будзе менш за працаздольнае насельніцтва. Калі прапагандаваць чайлдфры ці, далей пойдзем, нетрадыцыйныя сем’і – мы не закрытае грамадства, таксама пра іх ведаем – яно ўплывае і на нараджэнне дзяцей», – пераконваў Крывалапаў.
Ён лічыць, што «мы, дзеці прыроды, створаны так, што ў нас ёсць мужчынскі і жаночы пачатак». «Так, мы сёння можам выкарыстоўваць сурагатнае мацярынства, можам усынавіць дзіця – колькі дзяцей там пакідаецца – але гэта ўсяго толькі маленькая часцінка. Пры гэтым не варта забываць, што сям’я – гэта тая ячэйка, дзе выхоўваецца дзіця, дзяўчынка ці хлопчык. І для дзяўчынкі, і для хлопчыка важныя і маміна, і татава выхаванне», – падкрэсліў урач.
Кіраўнік медцэнтра на завяршэнне тэмы заявіў: «Чайлд-фры – гэта вялікая сацыяльная, эканамічная, дэмаграфічная праблема».
У межах перадачы на дзяржТБ пры гэтым абсалютна не абмеркавалі эканамічныя і грамадска-палітычныя прычыны, па якім беларусы не могуць сабе дазволіць мець дзяцей. Прычына гэтага зразумелая – для падобнай дыскусіі трэба прызнаць існаванне гэтых праблемаў.