Пры звароце да сайта «Гомельскай праўды» з’яўляецца паведамленне пра «тэхнічныя работы». Сітуацыя не змяняецца ўжо сем дзён. Сацсеткі і тэлеграм-канал выдання працуюць ці без спасылак, ці са спасылкай на старонку Укантакце.
Супольнасць “КіберПартызаны” своеасабліва павіншавала са сваімі 4-мі народзінамі праўладнае выданне “Гомельскую праўду” ўзломам іх сайту 5 верасня. На галоўнай старонцы адыёзнага рэсурсу пэўны час правіселі банеры арганізацыі і інфармацыя пра праекты кшталту бота па дэанону супрацоўнікаў МУС і КДБ “Вока змагара” ці базы даносаў у КДБ.
Першы раз знішчэнне старонкі “Гомельскай праўды” актывістамі супраціву здарылася 25 сакавіка з нагоды Дня Волі. На аднаўленне старонкі праграмістам газеты спатрэбіўся тыдзень.