Сябры і знаёмыя Дзмітрыя Гарэлькі, які памёр у Варшаве, сабраліся сёння каб правесці яго ў апошні шлях на Радзіму. Адразу пасля гэтага машына з целам гомельскага актывіста накіравалася ў бок беларускай мяжы.
На кароткае развітанне сабраліся каля 20 чалавек. Яны прынеслі з сабой знічы, сцягі і вянок, на якім было напісана: «Ад сяброў з Беларусі».
«Бачыў Дзіму, калі ён прыходзіў, падтрымліваў акцыі. Просты чалавек, простае жыццё, але няпростае вяртанне», – сказаў на развітанні Алег Кулеша з Асацыяцыі былых палітвязняў.
Ён выказаў шкадаванне, што гамельчанін менавіта так вяртаецца на Радзіму.
«Галоўнае, каб радзіма была ў сэрцы, тады пераможам. І за кожны такі выпадак пасля спытаем», – перакананы Кулеша.
Паводле яго, «Беларусь як птушка Фенікс», адновіцца, бо ёсць такія людзі як Дзіма Гарэлька.
У сваю чаргу гомельскі актывіст Валерый Сляпухін, які апекаваўся адпраўкай цела актывіста на Радзіму распавёў, што ў заключэнні пра смерць указана, што яна была негвалтоўнай – вострая сардэчная і лёгачная недастатковасць. Паводле яго, прычынаў гэтаму можа быць шмат.
«Самае цяпер складанае бацькам, бо яны губляюць свайго сына», – дадаў Валерый.
Паводле яго, бацька Дзмітрыя хацеў прыехаць у Польшчу за целам, але не змог праз здароўе.
Актывіст Руслан Гусейнаў распавёў, што бачыў Дзмітрыя Гарэльку на мерапрыемствах і адзначыў, што такога чалавека «немагчыма было не заўважыць», «Дзмітрый пакінуў след у акцыях», «мы яго любілі і паважалі».
«Мы паміраем тут бо мы не дома, хоць і ў бяспецы. Міграцыя сказваецца на нас», – дадаў Руслан.
Ён лічыць, што і ў такой сітуацыі трэба «змагацца і перамагаць нелегітымную ўладу».
Удзельнікі правялі Дзмітрыя ў апошні шлях воклічамі «Жыве Беларусь!».