12 красавіка 1961 года лейтэнант савецкіх ваенна-паветраных сілаў Юрый Гагарын на караблі “Восток”, стартуючы з касмадрома “Байканур”, здзейсніў першы касмічны палёт на калязямную арбіту, які доўжыўся 108 хвілін. Гэты дзень змяніў чалавецтва і яго разуменне сваіх магчымасцей. На сённяшні дзень у космасе пабывалі ўжо некалькі соцень астранаўтаў, арганізуюцца глабальныя касмічныя місіі, вывучаецца Марс, вядуцца даследаванні Сатурна, але Гагарын застаўся першым і назаўсёды ўпісаў сваё імя ў “касмічны” пантэон.
Не выключаецца, што Юрый Гагарын меў беларускія карані, бо паходзіў ён са Смаленшчыны. І вядомы факт: Гагарын вельмі любіў верш Янкі Купалы “Хлопчык і лётчык”, які нібыта і падштурхнуў яго да выбару прафесіі. Пра гэта згадвала маці Гагарына – Ганна Цімафееўна, якая ў 1980-я гады прыязджала ў Мінск.
Вядомыя і словы Гагарына пра Беларусь. Іх узгадваў беларускі паэт і дзяржаўны дзеяч Генадзь Бураўкін (аповед пераказаў літаратуразнаўца Міхась Скобла). Гэта было ў 1962 годзе на Міжнародным фестывалі моладзі і студэнтаў у Хельсінкі. Малады Бураўкін там прадстаўляў Беларусь, быў на гэтым фестывалі і Юрый Гагарын, а таксама расійскі паэт Яўгеній Еўтушэнка.
“Пасля афіцыйных мерапрыемстваў сустракаюцца па-суседску, на зорнае неба любуюцца. І тут Бураўкін пачаў дапытвацца ў першага касманаўта свету, ці бачыў ён Беларусь з космасу? А Еўтушэнка (які пазней прызнáе свае гомельскія карані) умешваецца:
— Надакучыў ты, Гена, са сваёй Беларуссю! Маленькая яна ў касмічных маштабах, яе і з Масквы часам не відно.
— Бачыў я Беларусь, — усміхнуўся Гагарын сваёй непаўторнай усмешкай і прыабняў Бураўкіна. — Яна прыгожа глядзіцца з космасу і асабліва цудоўная зблізку”.
А вось успаміны Генадзя Бураўкіна:
“Па вечарах Юрый Аляксеевіч прыходзіў да нашай групы творчай моладзі, бралі крыху і чарачку. І тады я ўжо я пазнаёміўся з ім бліжэй. Нават сказаў, што я беларус. Ён сказаў, што нават крыху вінаваты перад беларусамі: “Я напамяць ведаю верш “Хлопчык і лётчык” Янкі Купалы, ды ўвогуле мая радзіма — амаль Беларусь. А вінаваты я перад Беларуссю тым, што аб’ездзіў практычна ўвесь свет, а ў Беларусі так і не пабываў..”.
Дарэчы, менавіта Гагарыну паэт Генадзь Бураўкін прысвяціў “Паэму расстання”.
Хіба ён бы змог
стаць
жывым экспанатам,
Музейным дзівам,
цацкай для новых эпох,
Калі быў
чалавекам,
касманаўтам,
лётчыкам
І быць інакшым
не мог?
Юрый Гагарын пражыў яркае, але кароткае жыццё. Ён так ніколі і не пабываў у Беларусі. Трагічна загінуў 27 сакавіка 1968 года, маючы 34 гады, падчас вучэбнага палёта на самалёце.
Выкарыстаныя матэрыялы з тэкстаў Сяргея Шапрана, Іны Студзінскай і з адкрытых крыніц.