Гадавіна вайны РФ супраць Украіны: што змянілася ў стасунках паміж Гомельшчынай і Чарнігаўшчынай

Год таму Расея з тэрыторыі Беларусі напала на Украіну: стасункі паміж Гомельскай і Чарнігаўскай абласцямі за год спыніліся цалкам.

Гандлёвы комплекс “Эпіцэнтр”, у які любілі прыязджаць пакупнікі з Гомеля


Спыненне
 транспартнага спалучэння  

Ад Гомеля да Чарнігава па прамой 107 км, па шашы – 135 км. Да вайны жыхары Гомельшчыны, асабліва Гомеля, езділі ва Украіну на шопінг, альбо каб адпачыць на мора ці ў горы. Цяпер гэта спынілася. І чакаць, што транспартнае спалучэнне адновіцца ў бліжэйшы час не выпадае.

Адзін з сімвалаў Чарнігава — гатэль “Украіна” пасля трапляння расейскай ракетай

Закрытыя ўсе памежныя пераходы

Раней у Гомельскай вобласці на мяжы з Украінай было некалькі памежных пропускаў. Самыя папулярныя з іх  – гэта Камарын, Новая Гута, Весялоўка. Аднак цяпер яны ўсе закрытыя. Праехаць і прайсці ва Украіну з тэрыторыі Гомельскай вобласці афіцыйна немагчыма.

Чарнігаў спыніў пабрацімскія стасункі з Гомелем

Менавіта з тэрыторыі Гомельшчыны расійскія войскі наступалі ў кірунку Кіева і пабраціма Гомеля – Чарнігава. Горад трымаўся ў аблозе акупацыйных войскаў, якія падвяргалі яго рэгулярным абстрэлам. Дараваць такое “сяброўскае” стаўленне чарнігаўцы не сталі і афіцыйна абвесцілі аб прыпыненні пабрацімскіх сувязаў з Гомелем. Больш падрабязна пра гэта “Штодзень” пісаў тут.

Зніклі назвы вуліц, звязаных з Беларуссю

У Чарнігаве змянілі назвы вуліц, звязаных з Беларуссю. Так, ва ўкраінскім горадзе не стала вуліцы Гомельскай. Яе перайменавалі ў вуліцу Січовых стрільців. Вуліца Беларуская стала вуліцай Стародубського полку.

Прыгарад Чарнігава пасля расейскіх абстрэлаў

Згарнуліся эканамічныя сувязі

Напрыклад, у Светлагорску спыніў працу завод зварачных электродаў.  У склад заснавальнікаў уваходзіла вінніцкае публічнае акцыянернае таварыства “ПлазмаТэк”. Як паведамляў сайт “Ранак”, украінскі акцыянер інвеставаў у прадпрыемства ў Светлагосрку каля 1 мільёна долараў. У сакавіку 2022 года завод прыпыніў працу па прачыне вайны ва Украіне. На той момант на сайце завода нават была апублікаваная афіцыйныя заява кіраўніцтва завода, што ў выпадку, калі армія Рэспублікі Беларусь не будзе прымаць удзел у вайне супраць Украіны, кіраўніцтва разгледзіць пытанне аб аднаўленні дзейнасці завода. На дадзены момант дадзеная заява не дасяжная. А сам завод нацыяналізаваны беларускай дзяржавай.

Пасля заканчэння вайны давядзецца дзесяцігоддзямі наладжваць адносіны між народамі

Спыніліся трансгранічныя праекты 

Паміж Гомельскай і Чарнігаўскай абласцямі развівалася трансгранічнае супрацоўніцтва. Напрыклад, рэалізоўваліся падобныя праекты: “Ад партнёрства мясцовых музеяў да шырокага трансгранічнага культурнага супрацоўніцтва” паміж музеямі Гомельскай і Чарнігаўскай абласцямі. Праходзілі круглыя сталы кшталту: “Праз умацаванне міжсектарнага развіцця трансгранічнага супрацоўніцтва” з удзелам прадстаўнікоў грамадскіх арганізацый і мясцовых органаў дзяржаўнай улады Чарнігаўскай і Гомельскай абласцей.

А самае галоўнае, змянілася стаўленне да беларусаў. Да вайны на Чарнігаўшчыне з радасцю чакалі беларусаў. Цяпер, пасля года вайны, разбурэння ўкраінскіх гарадоў не варта чакаць, што гомельцаў з радасцю будуць чакаць у Чарнігаве.

Штодзень

Related posts

Сёння гадавіна пачатку Еўрамайдана – шматмесячных акцый пратэсту ва Украіне, якія моцна паўплывалі і на Беларусь

Як быць адкрытым ЛГБТ-актывістам з ВІЧ-пазітыўным статусам у Мазыры

Штосьці для «Штодня». Вядомыя гомельцы выказваюцца ў падтрымку медыярэсурса