Фалацэнтрычны прымітывізм, або архітэктура Гомеля за апошнія 30 гадоў

by ZB

Кожны палітычны рэжым, незалежна ад эпох, стыляў і густаў, выкарыстоўваў архітэктуру для дэманстрацыі сваёй моцы і ўплывовасці. Пры гэтым народжанае ідэалогіяй, а не творчасцю, нярэдка пераўтваралася ў спрэчную спадчыну для нашчадкаў. Так, сталінскія дамы-вежы, даволі гарманічна ўпісаныя ў маскоўскія краявіды, муляць вока ў Варшаве ці Рызе (тыповыя праекты былі падарункам, ад якога не адмовішся, сталіцам іншых сацыялістычных рэспублік). Няўклюднымі цяжкавагавікамі выглядаюць італійскія гмахі ў стылі littorio, узнесеныя ў фашысцкія часы. Што рабіць з такімі будынкамі? Знесці рука не падымаецца, бо якая-ніякая, яле ўсё ж гісторыя, але і дапасаваць мала эстэтычную забудову да канцэпцыі гарманічнага развіцця горада цяжка.

 

Неапаль. Забудова 1930-х гадоў. Фота: www.napoli-turistica.com

 

Якую спадчыну ў Гомелі пакіне пасля сябе ўлада 1990-х – першай чвэрці ХХІ ст., і ці можна тут вылучыць нейкі адметны архітэктурны стыль, вывучаў “Штодзень”.

Калі вам падаецца, што Штодзень патрэбны, падтрымайце нас праз патрэон.

 

Бэжавыя будынкі і транспартныя магістралі ў цэнтры – тыповыя краявіды Гомеля апошніх дзесяцігоддзяў

 

Эканамічны курс, абраны кіраўніцтвам Беларусі трыццаць год таму, базіруецца больш на захоўванні неэфектыўных сацыялістычна-камуністычных наратываў, чым на пабудове новых, рынкавых. Праз гэта грошай на рэалізацыю амбітных архітэктурных праектаў у Гомелі хранічна бракуе.

Што змянілася ў Гомелі за апошнія дзесяцігоддзі? Каласальны прырост безаблічных спальных мікрараёнаў, канцэпт якіх у развітых краінах быў прызнаны памылковым яшчэ ў апошняй чвэрці ХХ ст. Вынішчэнне гісторыка-культурнай спадчыны (знос тыповай драўлянай забудовы, дэмантаж мазаікі, барэльефаў і іншых даволі густоўных помнікаў сацрэалізму і г.д.). Істотнае скарачэнне зялёнай зоны і ходнікаў у цэнтры горада дзеля камфорту выключна аўтамабілістаў. Уніфікацыя ўсіх будынкаў альбо праз абшыўку вентфасадам, альбо праз афарбоўку ў бэжавенькае. Гэта ўсё істотна зменшыла ўзровень камфорту ў горадзе, але для вылучэння ў асобны стыль таго недастаткова.

Ва ўмовах, калі ўрбаністычныя пытанні вырашаюць не дасведчаныя і адораныя, а ідэалагічна надзейныя таварышы, а грошай вобмаль, кіраўніцтву горада было катастрафічна цяжка рэалізаваць праз архітэктуру свае амбіцыі (не свае асабістыя, а амбіцыі сістэмы, бо мець уласныя думкі для беларускага чынавенства – недасягальная раскоша). Але яно дало рады! Пад лозунгам “Не якасцю, дык памерам” Гомель пачаў вертыкалізавацца. Так сфармаваўся стыль, які можна акрэсліць як Гомельскі фалацэнтрычны прымітывізм.

Сабралі для вас найбольш яскравыя прыклады дадзенага стылю.

ФЛАГШТОК

Флагшток у Гомелі

 

Невядома, ці напяваюць калі гомельскія чыноўнікі I can’t get no satisfaction (рэд. – песня The Rolling Stones), але відавочна, што традыцыйныя дошкі гонару і стэнды з дзяржсімволікай у кожнай арганізацыі ўжо даўно не прыносяць уладзе патрэбнай ступені задавальнення. Нерэалізаваныя патрэбы могуць праяўляцца ў розных формах. Сям’я, што за доўгія гады жыцця разам стамілася ад манатоннасці, набывае касцюм медсястрычкі ці сантэхніка. А ідэолагі… будуюць высачэзны флагшток, які бачна на велізарнай адлегласці з розных кропак Гомеля.

У будучыні, канешне ж, доўгі металічны сцяганосец без праблем можна будзе дэмантаваць. Шкада толькі, што на акт ідэалагічнага эксгібіцыянізму было змарнавана паўмільёна долараў.

ТЭЛЕВЕЖА

ПАДСВЕТКА ТЭЛЕВЕЖЫ.

Падсветка тэлевежы. Доўгае. Вузкае. І зіхаціць…

 

Пабудаваная яшчэ ў савецкія часы тэлевежа доўгі час несла выключна ўтылітарную функцыю. Простая металічная канструкцыя не прыцягвала да сябе ўвагі, пакуль не зайграла ўсімі колерамі вясёлкі гэтай восенню. Ідэю зрабіць тэлевежу турыстычнай цікавосткай можна было б прызнаць неблагой для сталічнага горада ці мегаполіса. Але не для Гомеля, цэнтр якога (прынамсі ў раёне вул. Пушкіна, сквера ім. Грамыка і цырка) не забудаваны хмарачосамі. Сярод малапавярховай забудовы, што атачае скверык, дагэтуль менаваны тутэйшымі “Піянерскім”, яскравы гігант выглядае чужародным монстрам. Ён цісне і палохае, з-за яго чалавек пачынае адчуваць сябе маленькім і нязначным.

Гомельцы жартуюць, што цяпер не трэба ўсталёўваць калядныя ялінкі на плошчах, бо ў нас круглы год зіхаціць самая высокая ў краіне вежа-ялінка.

Мільгаценне колераў – гэта маскіроўка, якая адцягвае ўвагу ад нявырашаных урбаністычных праблем і няўтульнасці гарадской прасторы. Чым выкідаць столькі грошай на маскіроўку, лепей было б выдаткаваць сродкі на вырашэнне хаця б нейкіх гарадскіх праблем.

 

ПЕРШЫ ГОМЕЛЬСКІ ХМАРАЧОС

 

Праект трох хмарачосаў у Гомелі

 

З трох запланаваных да ўзвядзення 24-паверховікаў пакуль будуецца толькі першы. Калі дабудуюць – невядома, як і тое, навошта ўвогуле Гомелю хмарачосы. Высокія будынкі тэарэтычна будуюць з дзвюх нагод. Па-першае, як гарадскую цікавостку, прыцягальны аб’ект для турыстаў (і дывелапераў, бо гэта па сумяшчэнні і офісныя памяшканні для высокага ўзроўню кампаній, і элітная нерухомасць). Але ў такім выпадку праекты замаўляюць у архітэктараў міжнароднага ўзроўню, каб само імя праектанта гарантавала і цікавасць да аб’екта, і высокі ўзровень працы. Для будовы і аздаблення выкарыстоўваюцца лепшыя (і не танныя) тэхналогіі і матэрыялы. Ад сумеснай працы “Гомельпраекта” і Гомельскага домабудаўнічага камбіната нічога, акрамя звычайнай панэлькі, хай і вышэзнай, не дачакаешся. Па-другое, горад можа сягаць да нябёсаў пры перанаселенасці і вострым недахопе зямлі пад забудову. Гэтыя праблемы актуальныя для Нью-Ёрка ці Сінгапура, але ніяк не для Гомеля, дзе насельніцтва скарачаецца, а ў мікрараёнах, забудаваных у ХХ ст. шмат кватэр пустуе, бо няма каму іх купляць.

 

З’яўленне гомельскіх хмарачосаў мае сэнс толькі ў рамах візуалізацыі таго самага фалацэнтрычнага прымітывізму – не ўразім якасцю архітэктуры, дык памераемся даўжынёй. Калі ўсе тры шматпавярховіка будуць пабудаваныя, менавіта яны рызыкуюць стаць праблемнай спадчынай, бо кватэры ў іх нехта набудзе і абжыве. Знесці будынак не атрымаецца, гомельцам давядзецца з гэтым жыць.

Штодзень

ВАМ ТАКСАМА МОГУЦЬ СПАДАБАЦЦА

homeldays_logo_main.png