Пытанне падтрымкі маладых спецыялістаў, якія захочуць працаваць у прапагандысцкіх раёнках падняла на дзяржмедыяфоруме галоўны рэдактар “Зары над Сожам” Кармянскага раёну Алена Лешчанок.
Яна прыгадала, што дзяржава падтрымлівае маладых спецыялістаў, якія адпрацоўваюць размеркаванне ва ўстановах сацыяльнай сферы ў забруджаных у выніку аварыі на ЧАЭС рэгіёнах.
“Як вы глядзіце на тое, каб пашырыць дадзеную норму і на работнікаў сродкаў масавай інфармацыі ў такіх раёнах, каб павысіць прывабнасць першага працоўнага месца ў раёнцы?” – спытала Лешчанок.
Перш за ўсё, Аляксандр Лукашэнка адкінуў нелюбімую ім тэму Чарнобыля. Пры ім статус забруджаных раёнаў захоўваецца цудам. Так што Алена Лешчанок не да канца прадумала сваё пытанне.
«Пытанне, якое вы ўзнялі, сапраўды ёсць. Яно не звязанае з Чарнобылем. Яно звязанае з тым, што некаторыя катэгорыі маюць гэтыя прэферэнцыі, а некаторыя – не», – паблажліва патлумачыў рэжымны кіраўнік.
Далей – болей, Лукашэнка вырашыў нічога нікому не абяцаць: «Трэба, не зацягваючы, паглядзець, што мы можам. І калі гэта магчыма, спецыялісты ўнясуць прапановы».
«Штодзень» ужо пісаў пра праблемы з кадрамі ў раёнках. На сакавік у абласной дзяржпрапагандзе былі занятыя больш 500 чалавек, гэтыя лічбы былі агучаныя на нарадзе з кіраўніком аблвыканкама Іванам Крупко. Тады ж стала зразумела, што моладзь заставацца працаваць у дзяржСМІ не хоча. Кіраўнік аблвыканкаму даручыў да 1 ліпеня закрыць вакансіі ў раёнках за кошт удзельнікаў клубаў юных журналістаў. Але пра вынікі гэтай кампаніі не паведамлялася.