Як дзень Перамогі пераўтвараецца ў інструмент маніпуляцыі

by homieldays

Такая простая рэч, як падрыхтоўка да святкавання Дня Перамогі, дэманструе, наколькі збітыя арыенціры (і сацыяльна-палітычныя, і культурніцка-побытавыя) у нашым грамадстве. Паспрабуйма паглядзець на ўсё гэта вачыма чалавека, які жыве па-за межамі постсавецкіх стэрэатыпаў, і зразумець, што тут можа здзівіць, выклікаць непаразуменне ці нават шакіраваць.

У прапагандысцкіх мэтах актыўна выкарыстоўваюцца непаўналетнія. Канешне, падчас вайны дзеткам нярэдка даводзілася рабіць тое, на што не ў кожнага дарослага хапіла б смеласці. У цэнтры Варшавы, на прыклад, стаіць помнік, які ўшаноўвае самых малых удзельнікаў Варшаўскага паўстання. Але гэта была крайняя неабходнасць жудаснага ліхалецця. У мірны ж час дзеці маюць права заставацца дзецьмі. І рэалізаваць гэтае права павінны мы, дарослыя.

Помнік Маленькаму Паўстанцу ў Варшаве. Крыніца: wikipedia.org

Калі ў савецкі час, ці нават яшчэ ў 90-я гг., школьнікі падчас парада стаялі на ўзбоччы ходнікаў і віталі ветэранаў, гэта была форма псіхалагічнай падтрымкі перажыўшых пякельныя гады. Гэта была падзяка ім за тое, што зараз мы жывём пад мірным небам. Але які сэнс закладзены ў тое, што сучасныя падлеткі (замест урокаў!) нясуць варту ля Вечнага агню, мокнуць пад дажджом і дрыжаць ад ветру? Ад гэтага нікому не стане лепей, нічога не зменіцца. Гэты ж час, праведзены за праглядам добрай адукацыйнай стужкі ці за падручнікамі, прынёс бы куды больш плёну.

Патрыятычны конкурс у Гомелі

Малечы ў ваеннай форме – звычайны элемент “святочных” мерапрыемстваў. Між тым псіхолагі галосна кажуць пра шкоднасць гэтага для дзіцячай псіхікі. Малеча не зможа асэнсаваць вайну як найвялікшую рукатворную катастрофу з усімі яе цяжкасцямі, а пабачыць нейкую рамантызаваную легенду аб вайне, якая абавязкова павінна закончыцца перамогай. Такім чынам з самага дзяцінства мы фармуем стэрэатып “можам паўтарыць” замест “ніколі ізноў”.

Не кажам ужо пра прымус вучыць песні і глядзець фільмы, якія маральна аджылі сваё (час ідзе, таму тое, што было значным і важным паўвека таму, ужо не выклікае ў сённяшніх падлеткаў эмоцый і не падштурхоўвае да роздуму, і гэта нармальны працэс развіцця грамадства).

Шмат чаго ў імпрэзах да 9 траўня цяжка назваць прагрэсіўным. Спуск папяровых карабельчыкаў у раку выглядае прыгожа, але не бяскрыўдна, бо такі падыход антыэкалагічны. Папера, канешне, хутка цалкам раскладзецца ў водным асяроддзі, але і працэс папяровай вытворчасці не з’яўляецца бяспечным для навакольнага асяроддзя (для адбельвання ці афарбоўкі выкарыстоўваюцца агрэсіўныя хімічныя кампаненты), і самі карабельчыкі могуць пакінуць у вадзіцы не толькі цэлюлозу (некаторыя з іх размаляваныя фламастарамі ці ўпрыгожаны сінтэтычнымі налепкамі з гербам) і г.д.

Бруд на ўскрайку вадаёма. Ілюстрацыйнае фота: commons.wikimedia.org

Зразумела, што 79 папяровых карабельчыкаў самі па сабе не могуць істотна зашкодзіць Сожу. Шкодным з’яўляецца падыход, які не забараняе напаўняць прыроду штучнымі рэчамі. Калі ў падсвядомасць не закладзены бар’ер, які не дазваляе шпурляць у ваду нават якую драбнату, то за карабельчыкамі туды непазбежна паляцяць недакуркі, абгорткі, бутэлькі… Тое, што забруджанасць водных аб’ектаў па ўсім свеце сягае катастрафічна высокага ўзроўню, разумеюць нават вельмі далёкія ад экалогіі асобы.

А нехта, падобна, вырашыў сумясціць падрыхтоўку да Дня перамогі з рэпетыцыяй Купалля і сплавіў па рацэ сапраўдныя вяночкі.

Не меншай фантасмагорыяй выглядае і ўдзел прадстаўнікоў праваслаўнай царквы ў мерапрыемствах, пабудаваных выключна на постсавецкіх наратывах, нашчадках “лепшых традыцый камунізму” – ідэалогіі, якая рэпрэсіравала рэлігійныя традыцыі.

Гомельскае прадпрыемства “Крышталь” святкуе перамогу аўтапрабегам

Яшчэ падаецца, што беларусы выйшлі ўніверсальную форму для святкавання ўсяго – аўтапрабег. Палітычная акцыя – аўтапрабег, дзень здароўя – аўтапрабег, 9 траўня – аўтапрабег з георгіеўскімі стужачкамі і г.д. Яно і зразумела: не трэба пісаць новы сцэнар, праяўляць крэатыўнасць і шукаць фінансаванне. Толькі ад каго бяжым і куды, невядома…

Штодзень

Чытайце яшчэ: Мы і не заўважылі, як памяць пра вайну пераўтварылася ў моцны інструмент ідэалагічнага маніпулявання

ВАМ ТАКСАМА МОГУЦЬ СПАДАБАЦЦА

homeldays_logo_main.png