Дзіцячая праца на канікулах: закон дазваляе толькі лёгкую, а на справе — пыльную і цяжкую?

Лета ў вёсцы пахне свежаскошанай травой і спелым зернем. Для падлеткаў Чачэрскага раёна гэтыя пахі ўсё часцей звязаны не толькі з адпачынкам, але і з першымі заробкамі. Так, у раённай газеце распавялі пра Паўла Лузая з вёскі Залессе, які ўжо другі год запар працуе на зернесушыльным комплексе сельгаспрадпрыемства «Звязда».

Фота: Чачэрскі веснік

Паводле матэрыялу, летась Павел за 21 дзень зарабіў 850 рублёў, а сёлета зноў вярнуўся на зерняток. Ён прызнаецца: праца хоць і пыльная, але «не складаная», а 35 гадзін на тыдзень «праходзяць незаўважна». Разам з ім на зернятоку працуюць і іншыя падлеткі — Марына Марозава і Мікалай Карнавушанка, для якіх гэта першы досвед працы.

Аднак паралельна ў той жа раёнцы надрукавалі афіцыйны адказ ад упраўлення па працы на пытанне чытача: ці можна працаваць летам, калі табе толькі 14? Паводле беларускага заканадаўства, працаваць можна з 14 гадоў, але толькі пры пісьмовай згодзе бацькоў і на лёгкіх работах, якія не шкодзяць здароўю, развіццю і не замінаюць вучобе.

На практыцы ўзнікае пытанне: ці сапраўды праца на зернятоку з пылам і фізічным напружаннем адпавядае паняццю «лёгкая праца»?

Заканадаўства аб працы падлеткаў (артыкул 272 Працоўнага кодэкса Беларусі) патрабуе, каб работа не была шкоднай або цяжкай. Аднак, як бачым, на зернесушыльных комплексах падлеткі праводзяць па 35 гадзін на тыдзень, што блізка да поўнай занятасці.

Такім чынам, перад грамадствам паўстае важнае пытанне: дзе праходзіць мяжа паміж «першы заробак з гордасцю» і выкарыстаннем дзіцячай працы ў патэнцыйна шкодных умовах?

Штодзень

Слайдар пастоў