Джэйн Остын з Гомельшчыны

by homieldays

130 гадоў таму ў французскім часопісе “La tradition” (“Традыцыя”) выйшла даследаванне пра вёску Камаровічы ў цяперашнім Петрыкаўскім раёне “Un village en Polésie” (“Вёска на Палессі”) у перакладзе на французскую мову. Напісала яе фалькларыстка і пісьменніца Эма Дмахоўская з роду Яленскіх.

Эма Дмахоўская

Эму Дмахоўскую з Гомельшчыны называюць польскай Джэйн Остын. Сама яна была стваральніцай таемных школ у Камаровічах і Лучыцах. Пасля пераезду ў Вільню часта трапляла ў канфлікты з цэнзарамі і паліцыяй і нават была арыштаваная на 2 месяцы і накіраваная ў турму ў Лукішках. А падчас І Сусветнай вайны выдавала нелегальны часопіс “Унія”. Дарэчы, у 1951 годзе ўсе яе творы былі цэнзураваныя ў ПРЛ (Польская народная рэспубліка) і выключаныя з бібліятэк. Пасля 1989 года кнігі Эмы Дмахоўскай вярнуліся ў польскія бібліятэкі. У Беларусі, дзе яна нарадзілася, пра яе мала ведаюць і цяпер.

Эма Дмахоўская, у дзявоцтве Яленская, нарадзілася 29 лютага 1864 года ў вёсцы Камаровічы. Цяпер гэта Петрыкаўскі раён Гомельскай вобласці. А на той момант быў Мазырскі павет Мінскай губерні. Бацька Эмы Дмахоўскай – сярэднезаможны землеўласнік Мазырскага павету Мінскай губерні Жыгімонт-Гектар Яленскі. Маці – Амелія Аскерка, якая паходзіла з роду рэгіянальнай эліты Рэчыцкага павету. Дарэчы, хрысцілі Эму Дмахоўскую ў касцёле ў Капаткевічах – тых самых, куды хадзіла ў школу Нобелеўская лаўрэатка Святлана Алексіевіч.

Так цяпер выглядаюць Камаровічы

Прозвішча Дмахоўская атрымала па мужу Казіміру Дмахоўскаму, з якім узяла шлюб і з’ехала ў Вільню.

У 1895 годзе ў французскім часопісе “La tradition” (“Традыцыя”) было надрукаванае даследаванне Эмы Дмахоўскай пра вёску Камаровічы ў перакладзе на французскую мову. За чатыры гады да гэтага ў часопісе “Wisła” выйшла яе этнаграфічная праца “Вёска Камаровічы ў Мазырскім павеце”. Потым гэтая праца была выдадзеная асобнай кнігай у Варшаве.

У 97-99 нумарах “Дзеяслова” выходзілі згадкі Эмы Дмахоўскай пра вёску Камаровічы ў перакладзе Уладзіміра Васілевіча:

“Наш народ не вызначаецца чысцінёю. Хаты, як правіла, брудныя і настолькі перапоўненыя рознымі насякомымі, што непрызвычаенаму да гэтага чалавеку цяжка тут доўга вытрымаць. (…) А ўвогуле чысціню тут дагэтуль успрымаюць як нейкае прыхарошванне і святочную празмернасць, і яна не лічыцца паўсядзённай патрэбай. І тым не менш нельга адмовіць нашым сялянам у пэўным адчуванні прыгажосці. Ёсць цяга да арнаментоўкі хатніх прылад, ёсць моцнае жаданне прыгожа апранацца.” / Цалкам згадкі можна прачытаць у “Дзеяслове” ў 97-99 нумарах.

Акрамя фальклорных даследаванняў Эма Дмахоўская пакінула пасля сябе багатую літаратурную спадчыну. Найбольш вядомыя яе творы – “Паненка” (была ўзнагароджаная ў конкурсе часопіса “Kurier Codzienny”) і “Сядзібны дом у Галінішках”.

Кніга “Паненка” аўтарства Эмы Дмахоўскай. Фота: lubimyczytac.pl

Ніводны мастацкі твор Эмы Дмахоўскай не быў перакладзены на беларускую мову.

Штодзень

ВАМ ТАКСАМА МОГУЦЬ СПАДАБАЦЦА

homeldays_logo_main.png