Дзетсадаўцы і пенсіянеры. Хто яшчэ ў 2024 годзе шануе памяць рэвалюцыянера і дыктатара Леніна

by ZB

Дзень народзінаў Уладзіміра Ільіча Леніна ўсё яшчэ знаходзіцца ў календары ідэолагаў Гомельскай вобласці. У шэрагу раёнаў да помнікаў «правадыру сусветнага пралетарыята» прыйшлі купкі людзей, часам гэты былі актывісты праўладнай камуністычнай партыі.

Фота: bragin.by

У Брагіне ў ідэалы рэвалюцыі паверыла нечаканая аўдыторыя – выхаванцы дзіцячага садка. Брагінская раёнка так і піша: «Усклалі кветкі да помніка вялікаму рэвалюцыянеру». Калі паназіраць за фота, падаецца, што дарослым, якія ўдзельнічалі, самім смешна ад сітуацыі.

У Чачэрску да помніка гваздзікі ўскладалі выключна жанчыны, у Добрушы паклалі і збеглі без фота, а ў Петрыкаве падзяліліся вершамі (але лепей іх не цытаваць, бо вершы атрымаліся так сабе).

Найбольш адданых камуністаў (у асноўным пенсіянераў) знайшлося ў Мазыры. У Ветцы на дзень народзінаў рэвалюцыянера прыгналі нават моладзь. Колькасцю гэтыя гарады перазышлі нават Гомель.

Затое ў абласным цэнтры перад камуністамі выступіла член Савета Рэспублікі Ала Смаляк: «Найлепшыя ідэалы Кастрычніка ў нашай краіне знаходзяць водгук і працяг. У іх ліку – народаўладдзе, справядлівае грамадства, узаемная сацыяльная адказнасць, гуманізм, сацыяльныя гарантыі і многія іншыя».

Беларусь «эпохі позняга Лукашэнкі» з падачы самога кіраўніка рэжыму карыстаецца ідэалагічнымі савецкімі напрацоўкамі. Ужо ніхто толкам не памятае, чым быў такім добрым «дзядуля Ленін», а некаторыя ўжо ведаюць пра ягоныя злачынствы. Але для галачкі кожны год да помніка рэвалюцыянера і дыктатара будуць хадзіць бюджэтнікі, чыноўнікі і састарэлыя камуністы.

Штодзень

 

 

 

ВАМ ТАКСАМА МОГУЦЬ СПАДАБАЦЦА

homeldays_logo_main.png