Дзень памяці паэта Анатоля Сыса. 5 фактаў пра паэта

Факт 1. Апошні раз мерапрыемства ў памяць пра паэта адбывалася ў 2019 годзе

Анатоль Сыс нарадзіўся 26 кастрычніка 1959 года. Яму было ўсяго 45 гадоў, калі ён памёр (4 траўня 2005 года). Раней на радзіме паэта, у вёсцы Гарошкаў у Рэчыцкім раёне, адбываліся свята паэзіі. Спачатку на дзень народзінаў паэта, а потым мерапрыемства перанеслі на травень — калі Анатоль Сыс памёр. У хаце Анатоля Сыс збіраліся пісьменнікі, барды, журналісты, мясцовыя жыхары, каб згадаць пра яркую постаць — Анатоля Сыса. Апошні раз свята паэзіі прайшло ў 2019 годзе, на 60-годдзе паэта. Тады мерапрыемствы памяці адбыліся не толькі ў Гарошкаве, але і ў Гомельскім дзяржаўным універсітэце імя Ф. Скарыны. Потым свята адмянялася з нагоды пандэміі. А пасля, у 2021 годзе ўлады Беларусі ліквідавалі Саюз беларускіх пісьменнікаў, сябры якога наведвалі Гарошкаў і выступалі падчас свята паэзіі. Таксама многія пісьменнікі вымушаныя былі з’ехаць з Беларусі. І свята паэзіі перастала існаваць. Цяпер у Гарошкаў у кастрычніку і ў траўні прыязджаюць госці ў прыватным парадку.

Факт 2. Сярод гасцей свята часта быў Нобелеўскі лаўрэат міра і сябар Анатоля Сыса – Алесь Бяляцкі

Алесь Бяляцкі і Анатоль Сыс вучыліся ў Гомельскім дзяржаўным універсітэце. (Дарэчы, ва ўніверсітэце няма ніякая помнай шыльды ніводнаму з іх). У літаратурным аб’яднанні “Тутэйшыя” Алесь Бяляцкі быў старшынёй, а Анатоль Сыс адказваў за паэзію. Пасля смерці Анатолькі Сыса Алесь Бяляцкі часта прыязджаў у Гарошкаў на свята паэзіі. Паэт Сяргей Сыс згадваў, што Анатоль Сыс казаў яму наконт Алеся Бяляцкага: “З ім не прападзеш, але гора цяпнеш”.

Анатоль Сыс, Едрусь Акулін Эдуард Акулін і Алесь Бяляцкі. Бабчын 1980 год. Фота з кнігі Алеся Бяляцкага “Асвечаныя Беларушчынай”, Вільня 2012 год. Фота: Сяржук Сыс

Факт3. У 1980-х гадоў Анатоль Сыс стаяў на пачатку многіх грамадскіх ініцыятыў

Пра гэта згадвае паэт Сяргей Сыс: “Гэта і канфедэрацыя беларускіх суполак”, гэта і падпольная група “Адраджэнне”, якая палітычныя мэты ставіла, і літаратурнае аб’яднанне “Тутэйшыя”, якое ў піку стваралася дзяржаўнаму саюзу пісьменнікаў (тады ён адзіны быў у краіне). Варта згадаць і мітынг, прысвечаны Дзядам, дзе Анатоль першым агучыў спісы рэпрэсаваных падчас сталінскіх часоў дзеячоў культуры.”

Факт4. Анатоль ініцыяваў выратаванне іхняга старажытнага гарадзішча часоў неаліту, якое па-мясцоваму называецца “гарадок”

Гэтае месца хацелі выкарыстаць пад сельгаспатрэбы. Аднак Анатоль Сыс не даваў яго знішчыць. Ён звярнуўся да мясцовых уладаў і ў музей з просьбай спыніць знішчэнне (там акурат спрабавалі браць пясок на будоўлю). Тады да меркавання Анатоля Сыса, які быў студэнтам, прыслухаліся і паставілі ахоўны знак.

Паэт Анатоль Сыс. Фота: архіў Алеся Аркуша

 

Факт 5. Адзін з найлепшых беларускіх паэтаў другой паловы ХХ стагоддзя

Некаторыя вершы Анатоля Сыса цяпер гучаць па-прароцку:

 

Дзікі мёд

У вайну ў партызанскі год

пад крысом шыняля армейскага

бацька з лесу прынёс дзікі мёд,

ледзь уцёк ад мядзведзя расейскага.

 

З таго часу, як лесам іду,

дык пільнуюся вока зладзейскага,

скурай чую бяду, як ваду,

за спіною — мядзведзя расейскага.

 

Дасюль пахне яму дзікі мёд.

Годзь арэшнікі нашыя лушчыць!

Адкапаю пайду кулямёт,

каб хадзіць смела ў бацькавай пушчы.

Штодзень

 

 

 

 

 

 

Related posts

Сёння гадавіна пачатку Еўрамайдана – шматмесячных акцый пратэсту ва Украіне, якія моцна паўплывалі і на Беларусь

Штосьці для «Штодня». Вядомыя гомельцы выказваюцца ў падтрымку медыярэсурса

Як святары ўмешваюцца ў палітыку: кіраўнік Тураўскай епархіі пабачыў у вайне божы промысел, а гомельскай – агітаваў прыйсці на выбары