На Радаўніцу адны ездзяць на могілкі сваякоў, а іншыя наведваюць мемарыялы хатніх гадаванцаў. Як можна пахаваць жывёлу ў Беларусі, вывучаў “Штодзень”.
Побач са звычайнымі могілкамі ў розных кутках краіны можна пабачыць могілкі для хатніх жывёл. У Гомелі, напрыклад, ёсць такія ў Асаўцах. Па знешнім выглядзе яны часам мала чым адрозніваюцца ад чалавечых: агароджы, каменныя надмагіллі, кранальныя надпісы і здымкі, толькі што ўсё ў паменшаным памеры. Той, хто не ведае, той не здагадаецца, што гэтыя могілкі з’яўляюцца стыхійнымі і дазволу на пахаванне ніхто не даваў.
На дадзены момант легальных могілак для жывёл у Беларусі не існуе, такая магчымасць наўпрост не разглядаецца беларускім заканадаўствам. За самавольнае пахаванне прадугледжаны штраф у памеры ад 10 да 30 базавых велічынь. Нельга не толькі ладзіць міні-могілкі, але і нават закопваць труп недзе ў зялёнай зоне ці на ўласным падворку. Самы легальны варыянт развітання з памерлым гадаванцам – здаць цела на ўтылізацыю ў “Спецкамунтранс”. Прыватныя прадпрыемствы таксама прапануюць крэмацыю, але гэта будзе значна даражэй, бо ўласнага крэматорыя ў Гомелі пакуль няма. Дакументацыя на стварэнне ў горадзе крэматорыя з калумбарыем толькі знаходзіцца на стадыі распрацоўкі.
Зразумела, што нярэдка хатнія жывёлы становяцца сапраўднымі членамі сям’і, таму варыянт “утылізацыі” падаецца чымсьці жудасным і непрымальным. Шмат каму хочацца аддаць жывёле такую ж пашану, як і блізкім людзям. Памкненне зразумелае, і заканадаўчыя недапрацоўкі ў гэтай галіне, бясспрэчна, ёсць.
Але тое, што хаваць жывёл самастойна забаронена, звязана не толькі з фармалізмам, але і з цалкам абгрунтаванай санітарнай неабходнасцю. Жывёлы паміраюць не толькі ад старасці, але і ад розных заразных хвароб. Калі пахаванне раскапаюць іншыя жывёлы ці праз грунтавыя воды інфекцыя распаўсюдзіцца, пад пагрозай заражэння апынуцца і людзі, і жывёлы. А на якой глыбіні і ў якіх месцах можна бяспечна хаваць трупы, мала хто ведае.
Ёсць у пытанні могілак для хатніх жывёл і яшчэ адзін момант – недахоп тэрыторыі для могілак у абласным цэнтры нават для людзей. Улічваючы колькасць насельніцтва ў ХХІ ст., усё часцей гучаць думкі пра неабходнасць замены традыцыйных пахаванняў на крэмацыю. Ці можам мы сабе дазволіць могілкі для жывёл?
Трохі простай арыфметыкі. У Гомелі жыве больш чым 500 000 асоб. Шмат сем’яў трымае хаця б аднаго гадаванца. Сярэдняя працягласць жыцця катоў 12–18 год, сабак 10–13 год (асобныя пароды да 20 год). Калі ўзяць сярэднюю працягласць чалавечага жыцця каля 60 год, то за свой век чалавек можа пакінуць 2–3, а часам і 4–5 пахаванняў жывёл.
Пад пахаванне такой колькасці жывёл спатрэбілася б вялікая прастора, якой паблізу ля горада наўпрост няма. Да таго ж, ці ў кожнага напрыканцы жыцця хопіць сіл, каб даглядаць пахаванні не толькі некалькіх пакаленняў родных, але яшчэ і хатніх гадаванцаў?
Пытанне пахавання жывёл, бясспрэчна, патрабуе вырашэння. Але, падсумоўваючы вышэй напісанае, стварэнне афіцыйных могілак выглядае не лепшым варыянтам рашэння праблемы. Аптымальным, на наш погляд, выйсцем стала б усё ж будаўніцтва ў абласным цэнтры крэматорыя і наданне магчымасці выбару, што рабіць з попелам (захоўваць у калумбарыі ці дома, альбо закапаць ва ўласным двары (з магчымасцю зладзіць надмагілле) ці недзе ў зялёнай зоне).