Два касцёлы і адзін архітэктар: чым падобныя Рэчыца і Беласток  

Ад Рэчыцы на Гомельшчыне да Беластока на Падляшшы – некалькі соцень кіламетраў. На першы погляд паміж гэтымі двума гарадамі ў дзвюх розных дзяржавах няма нічога агульнага. Але… іх звязаў той самы творца сакральнай архітэктуры.

Неагатычная пярліна на тэрыторыі Беларусі

Касцёл Найсвяцейшай Тройцы ў Рэчыцы – адзін з самых яркіх прыкладаў неагатычнай архітэктуры ў Беларусі пачатку ХХ ст. Высокі храм з чырвонай цэглы, размешчаны ў цэнтры горада, паўстаў у 1901-1903 гадах, але не на пустым месцы.

Фота: Аляксандр Ліпілін

Так, яшчэ ў 1634 годзе дзеяч ВКЛ Аляксандр Слушка пабудаваў у мястэчку Рэчыца драўляны касцёл Святой Тройцы і заснаваў кляштар дамініканцаў. Кляштар праіснаваў да 1832 года, пазней яго ліквідавалі царскія ўлады. А драўляны касцёл згарэў у 1862.

Новы касцёл у Рэчыцы вырашылі будаваць з цэглы. Дзеля гэтага выкарысталі праект варшаўска-віленскага архітэктара Юзафа Дзяконьскага.

Архітэктар Юзаф Дзяконьскі

 

Даведка: Юзаф Дзяконьскі (Józef Pius Dziekoński) – архітэктар, захавальнік гістарычных каштоўнасцей, педагог. Ён нарадзіўся 5 мая 1844 года ў горадзе Плоцк. Закончыў у Варшаве мастацкую школу, а пазней, у 1866 годзе, звязаў свой шлях з царскай мастацкай акадэміяй у Пецярбургу, дзе і атрымаў адукацыю архітэктара. Яго галоўнай спецыялізацыяй была сакральная архітэктура, а таму пасля вяртання ў Варшаву таленавіты творца стаў галоўным архітэктарам варшаўскай дыяцэзіі, атрымаў тытул акадэміка. Аўтар дзясяткаў праектаў касцёлаў. Жыццёвы шлях завяршыў 4 лютага 1927 года ў Варшаве, дзе і пахаваны на могілках Павонзкі.

І вось у 1903 годзе над Рэчыцай узвысіўся велічны храм – трохнефавая базіліка пад двухсхільным дахам з ацынкаванага жалеза. Вежа – высокая, трох’ярусная, завершаная шатром-шпілем. Вокны – арачныя. Галоўны алтар выкананы з мармуровай пліты на чатырох калонах. Вядома, што ў храме захоўваліся старажытныя абразы ў сярэбраных абкладах. Адзін з абразоў — Найсвяцейшай Панны Марыі з Дзіцяткам Езусам у сярэбраных і пазалочаных шатах з каронамі – меркавана, шанаваўся як цудадзейны. На жаль, у сучасным касцёле няма ранейшых абразоў, акрамя аднаго. У 2021 годзе ў храм быў вернуты абраз “Маці Божая Балесная” (сярэдзіна ХІХ ст.).

Далейшая гісторыя каталіцкага храма Найсвяцейшай Тройцы ў Рэчыцы была тыповай для многіх іншых храмаў. За савецкай уладай касцёл быў зачынены і далей выкарыстоўваўся як склад, піўная і нават вітамінны бар, але, на шчасце, захаваўся. Вярнулі яго каталіцкім вернікам толькі ў 1999 годзе пасля працяглага змагання.

Сёння касцёл Найсвяцейшай Тройцы ў Рэчыцы – адна з галоўных цікавостак горада. Храм унесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей.  Дарэчы, па гэтым жа праекце Юзафа Дзяконьскага паўстаў і яшчэ адзін касцёл у Беларусі – у Лагішыне.

“Прыбудоўка” да беластоцкай катэдры

Гэтая незвычайная гісторыя датычыць сучаснага комплексу архікатэдральнай базілікі імя Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Беластоку. Гэты комплекс можна падзяліць на дзве часткі: “стары” Фарны касцёл (або белы касцёл з пачатку 17 ст.) і Базіліка Меншая (чырвоны касцёл з пачатку 20 ст.).

Фота: Gumisza

Гісторыя старога Фарнага касцёла звязаная з дзечам ВКЛ Пятром Весялоўскім, які выступіў яго фундатарам. Працы па ўзвядзенні мураванага храма завяршылі ў 1625 годзе. Касцёл у стылі позняга рэнесансу ўнутры мае барочнае аздабленне, якое зафундаваў гетман Ян Клеменс Браніцкі. Асвячэнне святыні правёў віленскі біскуп Яўстах  Валовіч. Дарэчы, герб “Багорыя” Валовічаў можна знайсці на гербавым шчыце, умураваным у знешнюю сцяну храма.

Пазней касцёл змяняўся, але будынак захаваўся да нашых дзён. Фарны касцёл у стылі позняга рэнесансу – самы стары мураваны будынак Беластока. Але не ён “герой” нашага расповеду.

Базіліка Меншая (Чырвоны касцёл), яна ж “прыбудоўка”

У 1898 годзе царскія ўлады далі дазвол на разбудову беластоцкай святыні – Фарнага касцёла. Гаворка з уладамі ішла пра тое, што да касцёла зробяць “прыбудоўку”, каб было больш месца для шматлікіх вернікаў. Справа ў тым, што царскія ўлады вялі палітыку русіфікацыі, таму атрымаць дазвол на пабудову цалкам новага касцёла было немагчыма. І так у 1900-1905 гадах паўстала “прыбудоўка” да старога касцёла – велічная неагатычная святыня даўжынёй 90 метраў і вышынёй 72,5 метры.

Фота: podlaskie.tv

Праектантам “прыбудоўкі” быў ужо знаёмы нам Юзаф Дзяконьскі.

Касцёл выкананы ў стылі так званай вісла-балтыйскай неаготыкі, прыхільнікам якога быў Дзяконьскі. Для гэтага стылю акурат і характэрныя трохнефавыя храмы з выкарыстаннем чырвонай цэглы як галоўнага будаўнічага матэрыялу. Першая імша адбылася ў храме 17 верасня 1905 года, асвяціў касцёл біскуп віленскі, архібіскуп магілёўскі Эдвард фон Ропп.

Дарэчы, да 1991 годзе касцёл належаў да Віленскай архідыяцэзіі, толькі падчас візіту ў Беласток 5 чэрвеня 1991 года Папа Ян Павел ІІ заснаваў беластоцкую дыяцэзію.

Вось такім чынам, дзякуючы Юзафу Дзяконьскаму, Рэчыца і Беласток аказаліся звязанымі паміж сабою.

Мова Гомель адмыслова для Штодзень

Выкарыстаныя матэрыялы: poshyk.info, bis.nlb.by/, Kanon krajoznawczy  Województwa Podlaskiego (Białystok, 2015)

 

 

 

Related posts

“Гомель – гэта маленькі Парыж”. Песні пра Гомель, якія вы маглі не ведаць

Як быць адкрытым ЛГБТ-актывістам з ВІЧ-пазітыўным статусам у Мазыры

1000 дзён поўнамаштабнага ўварвання ва Украіну расейскіх акупантаў і 10 год вайны