Цуд беларускай салідарнасці з Палінай Шарэнда-Панасюк

by ZB

15 снежня ў Гомельскім абласным “судзе” будзе разгледжана апеляцыя на апошні прысуд палітзняволенай з Берасця Паліне Шарэнда-Панасюк. “Гэта значыцца, што ўжо на наступны дзень Паліна можа быць пераведзена з СІЗА-3, дзе яна знаходзілася апошнія чатыры месяцы з перапынкамі, на этапы ў Рэчыцу. Хутчэй за ўсё, Паліну ізноў этапуюць у сумна вядомую рэчыцкую калонію для рэцыдывістак ПК-24 “Зарэчча”. Для Паліны пачнецца чарговы “год сурка” праз бясконцыя этапы, тыдні ў ШІЗА і ПКТ. Тэрмін зняволення для яе канчаткова стаў бясконцым. Дакладней, яе тэрмін зараз вымяраецца толькі сконам дыктатарскага рэжыму”, – піша ў сваім Фэйсбуку яе муж Андрэй.

Андрэй Шарэнда:

За час знаходжання ў Гомельскім СІЗА-3 Паліна адчула, што такое Салідарнасць. Усяго за некалькі месяцаў Паліне прыйшло больш за сотню паштовых пераводаў і каля пяцідзесяці пасылак і бандэроляў. На жаль, адміністрацыя СІЗА не перадала Паліне за гэты час ніводнага ліста ці паштоўкі. Але Паліна ведае, што іх лік вызначаецца многімі сотнямі, і спадзяецца прачытаць іх, калі мы ўсе разам здабудзем Свабоду, і адкрыюцца архівы. Паліна вельмі ўдзячная за ўсё, і просіць не спыняцца і дапамагаць такім жа чынам іншым палітзняволеным. Салідарнасць моцна дапамагае пераадольваць пакуты лукашысцкага канцлагера. Наша Салідарнасць ламае той сцэнар дыктатарскай сістэмы, па якім мы прайгралі, а палітзняволеныя нікому не патрэбныя. Пакуль у нашых сэрцах жыве Салідарнасць, наша барацьба працягваецца.

Я таксама бясконца ўдзячны кожнаму, хто падтрымаў Паліну. Магчыма, ваша маленькая бандэроль, паштоўка, альбо невялікі грашовы перавод выратавалі Паліне жыццё. Бо сапраўды, стан, з якім яна патрапіла ў СІЗА-3, быў проста жахлівы. Бясконцае катаванне месяцамі ў ШІЗА і доўгімі этапамі на той момант выцягнулі з Паліны ўсе сілы. Калі б такі ж ціск прадоўжыўся і ў СІЗА, Паліна магла проста не вытрымаць. Наша Салідарнасць не дала адміністрацыі СІЗА далей ціснуць на яе. Паліна выдыхнула і троху набралася сілаў. Яна далей працягвае барацьбу. Барацьбу за свой гонар і годнасць. Барацьбу за нас усіх і за нашую агульную Перамогу.

 

Штодзень

Крыніца: ФБ Андрэя Шарэнды

ВАМ ТАКСАМА МОГУЦЬ СПАДАБАЦЦА

homeldays_logo_main.png