Ці надзейна заслонены рэактар ЧАЭС? Разбіраемся ў гісторыі пытання

37 год на адлегласці ўсяго пары соцень кіламетраў ад Гомеля знаходзіцца звышнебяспечная рэч – разбураны рэактар Чарнобыльскай АЭС. Наколькі надзейна ён заслонены і ці нясе пагрозу для жыхароў нашага рэгіёна, разбіраўся “Штодзень”.

Адразу пасля аварыі стала зразумела, што ў бліжэйшы час цалкам дэзактываваць рэактар, што перажыў выбух, немагчыма. Адзінае, што можна зрабіць – гэта закрыць яго такім чынам, каб шкодныя рэчывы не маглі патрапіць у навакольнае асяроддзе. Але праектаванне такой заслоны было складанай задачай. Перш за ўсё з-за вялікіх памераў забудовы.

Памеры толькі актыўнай часткі РБМК-1000 (рэактара вялікай магутнасці канальнага) былі 7 м вышынёй і 11,8 м у дыяметры. Але знешнія памеры былі куды большыя. Вонкавы дыяметр рэактара – каля 19 м. Побач – розныя памяшканні, неабходныя для абслугоўвання сістэмы (максімальная вышыня даху такіх забудоў была 71 м, што адпавядае 24-павярховаму гмаху). На момант выбуху Чарнобыльская АЭС мела 4 блокі. Усе будынкі блокаў былі знітаваныя доўгай, каля 816 м, машыннай залай (такую даўжыню мелі б восем футбольных палёў, размешаныя ланцужком). Пралёт даху залы ўзвышаўся над зямлёю на 34 м і меў шырыню 51 м. Вышыня вентыляцыйнай трубы ВТ складала ажно 150 м.

Трохмерная мадэль ЧАЭС да аварыі. Крыніца: Вікіпедыя

Каб цалкам схаваць рэшткі небяспечнага пасля выбуху рэактара, патрабавалася вялізарная канструкцыя. Аб новым будынку гаворка не вялася, бо і часу вобмаль, і падмурак не ўзвядзеш – глеба моцна апрамененая. Класці ж дах выключна на ацалелыя канструкцыйныя элементы – небяспечна, бо невядома, які запас трываласці ў іх застаўся пасля выбуху, а магчымасці зрабіць даследаванні і вымярэнні не існавала. Весці працы над смяротна небяспечным рэактарам нельга, максімум аперацый трэба праводзіць дыстанцыйна, таму звычайныя тэхналогіі пакрыцця дахам тут не падыходзілі.

У сувязі з усім гэтым першая ахоўная забудова была ўзведзена не так, як было трэба, а так, як атрымалася ў тых умовах. Укрыццё, якое пазней неафіцыйна назвалі “Саркафаг”, паўстала за рэкордныя 206 дзён. Было выкарыстана 400 тыс. кубаметраў бетону і 7000 тон металаканструкцый. Часткова дах апіраўся на бетонныя слупы, што захаваліся пасля выбуху, часткова – на хутка ўзведзеныя стальныя канструкцыі. Па словах сучаснага польскага архітэктара Радаслава Гайды, дах трымаўся з большага на сіле трэння і па законах гравітацыі.

Чарнобыльская АЭС з саркафагам, 2007 г. Крыніца: Вікіпедыя

Зразумела, такая будова не была надзейнай і адразу планавалася як часовая, на некалькі дзесяцігоддзяў. Ужо ў 1990-я гг. быў абвешчаны конкурс на стварэнне новага, больш трывалага і надзейнага ўкрыцця, якое пакрыла б і разбураны рэактар, і саркафаг. Да таго ж праект павінен быў прадугледжваць магчымасць дэмантажу старой схаванай канструкцыі і мець шмат сістэм кантролю (у тым ліку сейсмалагічны).

Зацверджаны 5 ліпеня 2004 г. праект (сумесная праца кампаній Bechtel&Battele (ЗША), EDF (Францыя), KSK (Украіна), Кіеўскага інстытута “Энергапраект” і Інстытута праблем бяспекі Атамных станцый) адпавядаў усім гэтым крытэрыям. Адмыслова для яго рэалізацыі ва Францыі быў створаны канцэрн NOVARKA, які і пабудаваў новае ўкрыццё ў 2010–2018 г. Кошт праекта – 1,5 млрд еўра. Новы саркафаг займеў назву New Safe Confinement (новая ахоўная абалонка) альбо Укрыццё-2.

Паводле праекта павінна была паўстаць гіганцкая арка шырынёю 257 м, вышынёю 108 м, даўжынёю 162 м і вагой 33 000 тон. Для рэалізацыі праекта былі прадугледжаны нетыповыя інжынерныя рашэнні. Паколькі праца непасрэдна над старым саркафагам была б небяспечнай для здароўя будаўнікоў, працы па мантажу вяліся на адлегласці 300 м за захад ад разбуранага рэактара, там узровень забруджання быў значна меншы.

Арачная канструкцыя патрабуе мінімальных памераў фундамента, гэта дазволіла мінімізаваць працы непасрэдна на забруджанай глебе (трэба памятаць, што верхнія пара метраў зямлі моцна апрамененыя радыяцыяй). Фундамент выканаў функцыю рэек: збудаванае збоку гатовае ўкрыццё было перасунута па ім на сталае месца знаходжання. Арка над чарнобыльскім саркафагам стала найвялікшай канструкцыяй у гісторыі, якая была перасунута на паверхні зямлі.

У паветры непасрэдна над зямлёй узровень радыяцыі меншы, чым у вышыні. Таму працы вяліся так, каб большая частка мантажных аперацый была выканана ўнізе, а потым ужо знітаваныя элементы падносілі дагары (як гэта было, можна пабачыць на наступным відэа).

 

Адна з самых складных задач – дэмантаж 350-тоннай вентыляцыйнай трубы, якая была часткова пашкоджана падчас выбуху. Гэта было неабходна, бо ў любы момант яе кавалкі маглі адваліцца і пашкодзіць дах укрыцця. Аперацыю выканалі транспартаваным з Італіі нямецкім кранам DEMAG CC 8800-1. Бетонны калос быў падзелены на шэсць кавалкаў, якія захавалі ў трэцім энергаблоку. Кошт прац склаў 11,7 млн. долараў.

Новае ўкрыццё павінна не толькі забяспечваць навакольнае асяроддзе ад апраменьвання, але і даць магчымасць паступова дэмантаваць стары саркафаг і рэшткі разбуранага рэактара, каб назаўсёды знішчыць крыніцу радыяцыйнай небяспекі. Таму ўнутры аркі прадугледжаны адмысловыя рухомыя аўтаматызаваныя прылады, здольныя прасоўваць кавалкі будаўнічых матэрыялаў.

Арачнае ўкрыццё, якое ацэньваецца спецыялістамі як якаснае і надзейнае, было ўведзена ў эксплуатацыю ў 2019 годзе. Планаваны тэрмін эксплуатацыі – не менш за 100 год. Спадзяемся, гэтага часу хопіць, каб разабраць пашкоджаны рэактар і дэзактываваць небяспечныя руіны.

Штодзень

Related posts

Сёння гадавіна пачатку Еўрамайдана – шматмесячных акцый пратэсту ва Украіне, якія моцна паўплывалі і на Беларусь

Як быць адкрытым ЛГБТ-актывістам з ВІЧ-пазітыўным статусам у Мазыры

Штосьці для «Штодня». Вядомыя гомельцы выказваюцца ў падтрымку медыярэсурса