Ці можна давяраць беларускім вытворцам масла?

by homieldays

Усё часцей з’яўляецца меркаванне, што якасць беларускіх тавараў не больш чым стэрэатып і яны мала адрозніваюцца ад куды таннейшых аналагаў з сеткавых расійскіх дыскаўнтараў. “Штодзень” вырашыў правесці ўласны эксперымент. Ці можна давяраць беларускім вытворцам масла, ці сапраўды яно робіцца з вяршкоў, а не з расліннага тлушчу, як нізкаякасныя спрэды.

Масла – харч, які значную частку ХХ ст. лічыўся шкодным для арганізма. Дыетолагі раілі цалкам выключыць яго з рацыёну. У якасці замены быў прапанаваны спрэд – сурагат з расліннага тлушчу, які даўжэй захоўваецца і лёгка намазваецца нават пасля доўгага знаходжання ў лядоўні. У апошнія дзесяцігоддзі традыцыйнае масла было рэабілітавана нутрыцыёлагамі як крыніца вітамінаў і іншых важных рэчываў. Гэты прадукт прыносіць карысць арганізму, але пры пэўных умовах: разумнай колькасці спажывання (не больш за 20–25 гр штодзень) і добрай якасці. З апошнім могуць быць праблемы, бо вытворцы прызвычаіліся да выпуску спрэдаў ці маргарыну, што значна прасцей і мае меншы сабекошт (сапраўднае масла танным не будзе, бо на 1 кг прадукту патрэбна каля 20 л цэльнага малака). Часам нядобрасумленныя вытворцы дадаюць у малочны тлушч раслінныя алеі ў разліку на тое, што пакупнік абярэ таннейшы прадукт без увагі да якасці.

Як выбраць добрае масла? Перш за ўсё, уважліва чытаць цэтлікі. Самае добрае масла мае 82,5% малочнага тлушчу і толькі вяршкі ў складніках. Пра дадатак раслінных інгрэдыентаў часцей за ўсё вытворцы шчыра паведамляюць. Але ці заўсёды? Спецыялісты даюць розныя парады, як можна гэта праверыць без лабараторый і аналізаў. Такі эксперымент можа зрабіць кожны (галоўная ўмова – прыбраць з хаты на гэты час старэйшае пакаленне, каб не чуць воклічаў “Што вы псуяце прадукт невядома дзеля чаго!”).

Па нашай просьбе гаспадыні і гаспадары набылі масла розных беларускіх вытворцаў (82,5%, у складніках толькі вяршкі) і паспрабавалі ацаніць ягоную якасць.

У першую чаргу варта паглядзець на колер, пах і смак. Белы ці залішне жоўты колер, звыш выразны пах могуць сведчыць аб штучных дадатках (фарбніках і араматызатарах), якія маскіруюць наяўнасць расліннага тлушчу. Вонкавы агляд усіх гатункаў не выклікаў падазрэнняў, як і аднолькавы вяршковы смак кожнага кавалачка. Але ў нашыя часы гэта ні аб чым не сведчыць, амаль любы тавар сучасныя тэхналогіі дазваляюць зымітаваць так, што адрозніць будзе немагчыма.

Усе гатункі масла вонкава не маюць адрозненняў

 

Пераходзім да праверкі холадам. Масла, што праляжала хаця б 3–4 гадзіны ў маразільнай камеры, немагчыма намазваць, а спрэд, наадварот, лёгка можна зачапіць нажом і разраўняць па хлебе. Пры спробе адрэзаць кавалак мёрзлае масла павінна хрумсцець. Некаторыя спецыялісты дадаткова лічаць, што масла не павінна рэзацца кавалкамі і мусіць крышыцца.

Пасля 4 гадзін у холадзе ніводны з брускоў не намазваецца. Маецца адпаведны хрумст. Трохі крышыцца прадукт ад “Славянскіх традыцый”, лягчэй за ўсё адразаецца “Здравушка”. Відавочна, што спрэду, які б на 100% складаўся ў расліннага тлушчу, тутака няма. Але таго, што няма пэўнага дамешку чагосьці нежывёльнага, гэта не выключае.

Найбольш інфарматыўны тэст – размешванне масла ў гарачай вадзе. Масла павінна разысціся цалкам, надаць вадзіцы малочны колер, на паверхні ўтворыцца слой малочнага тлушчу.

У нашым выпадку ідэальна разышлося масла “Славянскія традыцыі”, няблага выглядалі “Бабуліна крынка” і “Брэст-Літоўскае”, але было ўражанне падзелу прадукту на нейкія фракцыі, трэба было добра мяшаць, каб масла разышлося. “Здравушка” ж прымусіла задумацца: вада захавала празрыстасць і не стала малочнай.

Адрозненне “Здравушкі” добра бачнае, калі паставіць шклянкі побач. Канешне, толькі на падставе гэтага эксперымента нельга сцвярджаць, што тэхналогія вытворчасці парушана, але гэты факт прымушае задумацца.

Праверыць якасць масла можна падагрэвам (напрыклад, фенам, звычайным ці будаўнічым). Ад масла мусіць пайсці прыемны вяршковы водар, не павінен адбыцца падзел на фракцыі і праступіць вада. Характэрны пах у нашым выпадку з’явіўся толькі ад “Здравушкі” і “Славянскія традыцыі”. Вадкасць “Здравушкі” была нейкай занадта празрыстай, больш падобнай на ваду. Тры іншыя гатункі пры плаўленні павялі сябе больш-менш аднолькава і не выклікалі падазрэнняў.

Пакінем падагрэтыя кавалкі на некаторы час на стале. Пра пакаёвай тэмпературы вяршковае масла будзе ўвесь час раставаць, маргарын жа здольны захоўваць форму. Праз гадзіну актыўныя змяненні адбываюцца толькі з кавалкамі “Славянскія традыцыі”. “Бабуліна крынка” і “Брэст-Літоўскае” толькі зусім троху адтаялі, “Здравушка” засталася амаль у нязменным выглядзе.

Па выніках нашага эксперымента мы не знайшлі факта падмены масла спрэдам (што ўжо можна лічыць добрым вынікам). Але сцвярджаць, што ўсе гатункі належаць да масла найлепшай якасці, мы б таксама не сталі. Адзін з чатырох гатункаў годна вытрымаў усё выпрабаванні і не выклікаў падазрэнняў. Два іншыя па-рознаму паводзілі сябе ў розныя моманты, няма падстаў крытыкаваць якасць гэтага харчу, але сумненні ўсё ж засталіся. Да чацвёртага ж засталіся пэўныя пытанні, таму, пры наяўнасці выбару, мы набылі б масла іншых вытворцаў.

Штодзень

ВАМ ТАКСАМА МОГУЦЬ СПАДАБАЦЦА

homeldays_logo_main.png