Чырлідарская дыверсія на хакейным матчы

by ZB

На хакейным матчы ў Гомелі з’явілася цікавая група падтрымкі: дзяўчыны з бліскучымі шабуршалкамі ў руках. Часам танец – гэта проста танец, але калі прыгледзецца, то бачна, як мільгаценне спаднічак-міні чырлідарак перакрывае цень ад кепкі аміга Фідэля. Ці не таму, што гомельскія ідэолагі жадаюць апераджаць трэнды? Пра што гаворка, даведаецеся з артыкула «Штодня».

 

У той час, як нястомныя барацьбіты з іншаземна-чужынскім уздзеяннем мужна змагаюцца з усім неславянскім, вельмі дзіўна бачыць на дзяржаўным тэлебачанні выступ чырлідарскай каманды на хакейным матчы ў Гомелі. Дзяўчыны ў групе падтрымкі, што выконваюць пад музыку аднолькавыя рухі, знаёмыя беларускаму гледачу пераважна па амерыканскіх фільмах для падлеткаў – у США чырлідынг такая ж тыповая для кожнай школы з’ява, як у нас – грашовыя зборы з бацькоў на фарбу ды вокны.

Адкуль яно ў ідэалагічна-вычышчанай гомельскай інфапрасторы? З дынамікаў гучыць англамоўная песня. Як можна было не звярнуцца да Ганны Сялук, каб напісала нешта адмыслова патрыятычнае? Ды й не толькі яна: у Гомелі ж ёсць свой вядомы песеннік, дызайнер і супрацоўнік мытні Сяргей Сакоўскі. Але арганізатары турніру, а разам з імі і дзяржаўнае тэлебачанне, нават не паспрабавалі неяк славянізаваць знешні выгляд удзельніц. Можна ж было апрануць танцорак у андаракі, а верх вопраткі ўпрыгожыць вышыванкай (хоць больш верагодна, што ў кадры апынуліся б какошнікі і хахалма, як на турніры «За чароўных Дам» у БелДУТ – новы рэктар Мікалай Казакоў пільнуе, каб усё было без адступленняў ад лініі кіруючай партыі, тут ніякая «западэншчына» не праскочыць).

Расійскія народныя матывы на турніры «За чароўных Дам» у БелДУТ. Гомель, 2025

 

І нават усемагутная Вольга Бондарава не змагла супрацьдзейнічаць культурніцкаму імпарту, бо там, дзе яна знаходзілася ў гэты час, няма такога дасягнення цывілізацыі, як тэлебачанне.

Але падобна, што з’яўленне амерыканскага чырлідынгу на беларускім тэлебачанні – не памылка ці недагляд, а адлюстраванне надыходзячых змен на геапалітычнай арэне. ЗША, што ў метадычках па ідэалогіі былі ворагам №1 яшчэ з часоў халоднай вайны, праз нечакана паўстаўшы ТРАМПлін, пераскочылі ў катэгорыю хаўруснікаў. На тое, каб перапісаць метадычкі, патрэбны час, бюракратычная сістэма не здольная рэагаваць імкліва. Вось гомельскія ідэолагі і вырашылі не чакаць і спрацаваць на апярэджанне: даеш амерыканшчыну ў кожную хату! Таму не здзіўляйцеся, калі хутка індык стане ў гомельскіх крамах сацыяльна значным таварам – каб кожны беларускі пенсіянер мог сабе дазволіць засмажыць яго на Дзень падзякі Трампу за выратаванне ўсяго свету. А па гомельскім тэлебачанні выступіць Аляксей Дзермант і распавядзе, што 14 лютага – старажытнае славянскае свята, што распачынала колісь маслены тыдзень.

Будзем спадзявацца, гомельскае тэлебачанне не спыніцца на папулярызацыі амерыканскай культуры толькі ў роліках з радаснымі спартыўнымі заўзятарамі ў бел-чырвона-белых шаліках (непрадумана ў свой час абраў фірмавыя колеры хакейны клуб «Гомель»). Добра было б яшчэ пачаць здымаць пакаяльныя відэа з гомельцамі, што ўпарта сцвярджалі «Гэта не Украіна ваюе, а Амерыка». Бо калі США і Расія сябруюць, то хто ж тады стаіць з бронню на ўкраінскай тэрыторыі? Не пінгвіны ж, якіх Трамп абклаў павышанымі гандлёвымі тарыфамі (нагадаем, пад выплату гандлёвых тарыфаў патрапілі нават выспы Херд і Макдональд, дзе жывуць толькі пінгвіны).

 

Украінскае пытанне – не адзіная цяжкасць, з якой сутыкнуцца пасля нечаканага сяброўства са Злучанымі Штатамі беларускія ідэолагі. Як быць, напрыклад, з радзімай трысняговага цукру і рому, Кубай? Традыцыйна краіны з савецкім мінулым успрымалі кубінцаў як паплечнікаў у барацьбе з каўбоямі-рабаўладальнікамі. Але цень ад спадніц гомельскіх чырлідарак куды даўжэйшы за цень ад кепі Фідэля Кастра. Таму альбо Трамп ператворыць сваёй харызмай Востраў свабоды ў Востраў пакорнасці (марна спадзявацца, што Ілан Маск дасць хабар кожнаму кубінцу ў выглядзе Тэслы на замену старым савецкім аўто). Альбо ў радыё эфіры «Праўда радыё» і кампаніі з’явіцца даўно забытая мелодыя «Куба, отдай наш хлеб! Куба, возьми свой сахар! Нам надоел твой косматый Фидель. Куба, иди ты …ер.”

Савецкія аўтамабілі і ў ХХІ ст. галоўныя гульцы ка кубінскіх дарогах. Фота: robinthom.photoshelter.com

Сённяшнім беларускім ідэолагам не пазайздросціш – свет змяняецца на нашых вачах, рэагаваць трэба прэвентыўна, а не чакаць, як раней, калі зверху прыйдзе метадычка і растлумачыць, што пісаць па кожным пытанні. Але калі выбіраеш сяброўства з краінай, што мае непрадказальнае мінулае, па іншаму быць і не можа.

Штодзень 

ВАМ ТАКСАМА МОГУЦЬ СПАДАБАЦЦА

homeldays_logo_main.png