Чаму ў Беларусі прапала бульба?

Цяжкасці з набыццём базавага прадукту харчавання беларусаў – бульбы – у гэтым годзе маюцца па ўсёй Беларусі. Цана 3 руб. за кілаграм ужо нікога не здзіўляе, а якасць пры гэтым далёкая ад той, да якой прызвычаіліся спажыўцы. Таму маецца шэраг чыннікаў, і адзін з іх – змена клімату.


Дынаміка аб’ёмаў збору бульбы ў Беларусі за 2019– 2024 гады. Крыніца: www.sb.by

 

У апошнія гады ў Беларусі скарачаюцца плошчы пад пасеў бульбы. Гэта звязана і са зніжэннем попыту на беларускую бульбу ў Расіі, куды раней актыўна вывозілася «беларускае золата», і з тым, што ў апошні час гэтая культура з высокарэнтабельнай пераўтварылася, па словах аграрыяў, у стратную (у тым ліку з-за таго, што цэны на ўгнаенні, сродкі аховы, запчасткі, тэхніку і сэрвіснае абслугоўванне выраслі ў некалькі разоў).

Па словах генеральнага дырэктара Навукова-практычнага цэнтра НАН па бульбаводстве і плодаагародніцтве Вадзіма Маханько, скарачэнне плошчаў пасеву кампенсуецца павышэннем ураджайнасці. Але гэта аспрэчваюць статыстычныя дадзеныя: у 2024 годзе ўраджай быў амаль удвая меншы, чым у 2019 г.

Істотны ўнёсак у пагаршэнне становішча ўносіць зменлівы клімат.

Бульба патрабуе куды больш вады, чым, напрыклад, зерневыя культуры. Сродкаў на тое, каб належным чынам паліваць пасевы ў засуху, у сельскіх гаспадарак няма. Пры тэмпературы +30 рост клубняў спыняецца, а пры +35 і вышэй клубні гінуць. Павышэнне сярэднестатыстычнай тэмпературы прывяло да таго, што ў традыцыйнага каларадскага жука з’явілася шмат канкурэнтаў. У Беларусі пачалі развівацца такія шкодныя для бульбы хваробы, якія раней сустракаліся толькі ў Міжземнамор’і і Афрыцы.

Такім чынам, праблема дэфіцыту добрай бульбы па адэкватным кошце – праблема комплексная і цяжкавырашальная. Таму традыцыйныя пасевы ўлюбёнай культуры падчас першамайскіх свят набіраюць новых колераў і могуць стацца добрай інвестыцыяй у харчовую бяспеку асобна ўзятай сям’і.

 

Штодзень

Related posts

Гомельскі вінзавод банкрутуе ў сваё 100-годдзе

У Гомелі ўручаюць узнагароды дзяржаўным СМІ на фоне знішчэння незалежнай журналістыкі

Як “фізрук” з Рэчыцы “кашмарыў” цэлую вобласць