Чаго чакаць ад краіны, якая ўжо не адно дзесяцігоддзе жыве ва ўмовах дыктатуры

by ZB

Для таго каб кіраўнік Ірану мог займаць пасаду, давялося на самым пачатку ягонага кіравання правесці рэферэндум і змяніць канстытуцыю. Цяпер усе спадзяванні на змену рэжыму ўскладваюцца толькі на смерць састарэлага “першага” (чуткі пра розныя хваробы ходзяць ужо даўно), а імя тэарэтычнага пераемніка не называецца, каб яго не забілі замежныя агенты. Чым жыве сённяшні Іран, вывучаў “Штодзень”.

 

Пратэсты на іранскіх вуліцах у верасні 2022 г. Фота: wikipedia.org

 

Каб зразумець, што сёння адбываецца ў Іране, патрэбны невялічкі экскурс у гісторыю ХХ ст. Традыцыйны палітычны лад – кіраванне шаха – прыйшоў у заняпад пры Махамедзе Рэза Пехлеві, які займаў гэтую пасаду з 1941 па 1979 гады. Яго эканамічныя рэформы, празваныя “Белай рэвалюцыяй”, зрабілі Іран адкрытай і даволі сучаснай краінай. Наладжваліся стасункі з рознымі заходнімі краінамі і, што нечакана, з Ізраілем. Але адсутнасць істотных змен у палітычным жыцці, аўтарытарная сістэма кіравання і жорсткія палітычныя рэпрэсіі прывялі да таго, што ўладай былі незадаволены практычна ўсе катэгорыі насельніцтва: ад бізнесоўцаў да духавенства, ад лібералаў да сацыялістаў. У выніку нават сілавікі, якія да апошняга падтрымлівалі шаха, не здолелі яму дапамагчы. У Іране адбылася рэвалюцыя.

Іранкі ў часы “Белай рэвалюцыі”. Фота: www.quora.com

У пратэсным руху прынялі ўдзел розныя колы грамадства, але, паколькі галоўным арганізатарам рэвалюцыйных дзей было незадаволенае аслабленнем ісламізацыі рэгіёна духавенства, яно і захапіла ўладу. Фактычна ў краіне ўсталявалася тэакратыя, даволі своеасаблівая, непадобная на рэжымы іншых ісламскіх рэгіёнаў, што можна патлумачыць дамінаваннем тут шыіцкіх, а не суніцкіх традыцый.

Намінальна ў краіне існуе прэзідэнт і парламент, але самастойна яны могуць вырашыць прыблізна столькі ж пытанняў, як і Усебеларускі народны сход. Іран можа сабе дазволіць праводзіць сапраўдныя выбары, дзе галасы рэальна падлічваюцца. Бо да ўдзелу ў выбарах дапускаюць толькі тых, хто цалкам прытрымліваецца лініі сілы, што насамрэч кіруе краінай – духавенства ў асобе Вышэйшага кіраўніка Ірана, які мае фактычна неабмежаваныя паўнамоцтвы. З 1989 года гэтую пасаду займае Алі Хаменеі. Пры ім роля рэлігіі ў краіне ўзнялася да максімальна магчымага ўзроўню, што ў ХХІ ст. ужо не адпавядае жаданням насельніцтва. Іранцы, асабліва моладзь, бачаць, як жывуць у прагрэсіўных развітых краінах, і не разумеюць, навошта прытрымлівацца архаічных традыцый, якія адкідваюць краіну далёка ў мінулае. Адсюль і высокі ўзровень пратэснага настрою ў 2022–2023 гадах. Брутальнымі рэпрэсіямі іранскія ўлады прыбралі пратэстоўцаў з вуліц, але падтрымка ідэі падзелу рэлігійнага і палітычнага жыцця, па дадзеным нядаўняга даследавання ВВС, павялічылася з 31% у 2015 годзе да 73% у наш час.

Пакуль пратэстоўцы не здолелі дасягнуць чагосьці істотнага. Як і раней, галоўнай надзеяй на перамены застаецца натуральная змена ўлады пасля смерці 84-гадовага главы дзяржавы. Тэарэтычна ў такім выпадку наступны духоўны лідар краіны павінен быць абраны адмысловым сходам духоўных асоб, у чымсьці падобным на канклаў з выбарам Папы рымскага. Але варта памятаць, што ў мінулы раз, у 1989 годзе, гэтая працэдура пайшла не па плану.

Вышэйшы кіраўнік Ірана Алі Хаменеі. Фота: wikipedia.org

 

Наколькі вядома, з-за ўнутраных супярэчлівасцей паміж удзельнікамі, усе кандыдатуры найбольш прыдатных на гэтую ролю асоб былі адкінутыя, і давялося выбіраць фактычна сярод выпадкова названых асоб, якія нават не адпавядалі кваліфікацыйным патрабаванням. Так, выпадкова і непрадказальна, духоўным лідарам краіны стаў Алі Хаменеі. Каб легалізаваць гэты выбар, давялося ўносіць змены ў Канстытуцыю, папярэдне арганізаваўшы імітацыю рэферэндуму на гэтую тэму. Пазней ён выдаліў з палітычнага гарызонту ўсіх, хто мог бы скласці яму канкурэнцыю, і прыбаў усе паўнамоцтвы кіравання краінай у свае рукі.

Падобна, што цяжкасці ўзніклі б і зараз. Хаменеі не называе імя тэарэтычнага пераемніка.

Традыцыйны шлях перадачы ўлады – дынастычны – тут не разглядаецца. Па-першае, гэта не характэрна для рэгіёну, па-другое, Хаменеі сам адсунуў ад больш-менш значных пасад свайго сына, які доўгі час лічыўся правай рукой бацькі. Няма ў Іране і адзінай моцнай кіруючай партыі, як у іншых дзяржавах, што паўсталі пасля рэвалюцыйных падзей (СССР, Кітай, В’етнам), якая б надзейна трымала ўладу ў руках пакуль не падбярэцца адпаведная асоба на ролю лідара. Пры гэтым маецца шэраг розных кіруючых інстытуцый, якія жорстка канкурыруюць паміж сабой і будуць намагацца перахапіць як мага больш паўнамоцтваў.

Улічваючы ўсе гэтыя ўнутраныя супярэчлівасці і падзенне аўтарытэту духоўнай улады, аналітыкі схіляюцца да думкі, што найбольш верагодны сцэнарый – прыход да ўлады сілавых структур. І парадаксальна, але ў дадзеным выпадку гэта не горшы варыянт. Канешне, сапраўднай дэмакратызацыі не адбудзецца, але прагматычныя вайскоўцы могуць дазволіць куды больш, чым непапулярнае ў насельніцтва духавенства (напрыклад, змяніць хіджабы на міні-спадніцы) і год на 10 пасля гэтага заручыцца падтрымкай насельніцтва. Сілавым структурам выгадна падтрымліваць добрыя стасункі са ЗША (і, адпаведна, з Ізраілем), каб было дзе набываць зброю. Нармалізацыя адносін з гэтымі краінамі спрыяла б паслабленню санкцый, ад чаго эканамічная становішча краіны палепшылася б.

Але цалкам магчыма і іншае, зусім непрадказальнае, развіццё падзей падчас выбару новага лідара, як гэта ўжо неаднойчы адбывалася ў іншых краінах з высокім узроўнем пратэснага настрою.

Штодзень

ВАМ ТАКСАМА МОГУЦЬ СПАДАБАЦЦА

homeldays_logo_main.png