Барыс Балтэ жыве ў горадзе Ашкелон, які Хамас на выходных атакаваў сотняй ракет. Калісьці ён разам з бацькамі вымушаны быў збегчы ў Ізраіль ад уладаў Лукашэнкі. Пра ад’езд не шкадуе і вайны не баіцца.
“Нас абстрэльваюць, вакол паніка, а я спакойна даю інтэрв’ю пад выбух ракет”, — напісаў Барыс Балтэ ў сябе на старонцы ў Фэйсбуку. “Штодзень” паразмаўляў з Барысам пра прычыны вайны і наступствы ад яе.
Што адбываецца ў гэтыя дні? Ці ёсць страх?
Барыс Балтэ: Я асабіста не хаваюся. Часам ёсць абстрэлы, чуецца рэха выбухаў, увесь час лётаюць самалёты, дзейнічаюць нашыя ВПС і артылерыя.
Ці было здзіўленнем абвяшчэнне вайны?
Барыс Балтэ: Тое, што пачаліся абстрэлы, здзіўлення не было, бо гэта не першы раз. Здзіўленнем было, што яны прарвалі мяжу.
Ці былі раней такія выпадкі?
Барыс Балтэ: Гэта першы раз. Чаму так адбылося? Таму што апошнія гады з боку левай апазіцыі адбываўся адкрыты сабатаж, падрывалася баяздольнасць сіл бяспекі, баяздольнасць войска. Гэта рабілася наўмысна, каб выклікаць нянавісць да дзейнай правай улады, да дзейнага ўраду. І ўсё дайшло да таго, што Хамас прарваў мяжу. І верагодна, пасля гэтай вайны ў краіне адбудзецца вельмі вялікая дэпрэсія. Гэта кепска, таму што на хвалі гэтай дэпрэсіі могуць у грамадскай думцы перамагчы погляды, што калі б не існавала дзяржавы Ізраіль, калі б увогуле не было яўрэйскай нацыі, то яны б на нас не напалі.
Ці насамрэч могуць перамагчы такія настроі?
Барыс Балтэ: Так. Можна згадаць пра тое, як 50 гадоў таму, калі адбылася Вайна суднага дня, таксама на Ізраіль нечакана напалі. Там быў не сабатаж, а тады проста не верылі, што могуць напасць. Бо пасля Шасцідзённай вайны ў 1967 годзе былі настроі такія, што на нас ніхто не нападзе, бо мы ж самі перамаглі арабскую кааліцыю. Прычым тады за Егіптам стаяў СССР, а за Ярданіяй стаялі ЗША. Але Ізраіль перамог тады і пасля Шасцідзённай вайны ўсе думалі, што другі раз напасці не могуць. А пасля Вайны суднага дня была дэпрэсія, калі ў грамадстве ўзялі верх ультралевыя погляды, што калі б мы аддалі ім нашыя землі, то яны б на нас не напалі.
Сёння можа здарыцца такая рэч, што могуць узяць верх пасіянісцкія погляды, што калі б не было Ізраіля, не было б яўрэяў, то яны б на нас не напалі. І глеба для такіх поглядаў падрыхтаваная. Падрыхтаваная выступамі ваяўнічых атэістаў супраць любога чалавека, які ходзіць у кіпе, і жанчыны, якая ходзіць з пакрытай галавой.
Многія, хто прыехаў з былога СССР разважалі, што Ізраіль – кепская дзяржава, што рэлігійныя ўсё захапілі. Апошнія гады моцна культывавалася такая думка. І пасля вайны можа наступіць дэпрэсія і гэтым могуць скарыстацца.
Ці існуе пагроза для існавання дзяржавы Ізраіль?
Барыс Балтэ: Пагрозы існавання цяпер няма. А пасля вайны я бачу пагрозу ў гэтай дэпрэсіі, што нас зніштожаць не знешнія, а ўнутраныя ворагі.
Ці ёсць у цяперашняй вайне расейскі след?
Барыс Балтэ: Магчыма, нешта ёсць, але б я не стаў цэнтр увагі пераводзіць на Расею. Таму што калі мы гэта робім, то атрымліваецца, што Расея — усёмагутная. Але гэта не так. Расея не змагла захапіць усю Украіну. Расея цяпер сыходзіць з Каўказа. Гэта што тая ўсёмагутная Расея, якая змагла зрабіць у Ізраілі вайну?
Нейкі ўплыў, канешне, ёсць, бо Хамас падтрымліваецца Расеяй, Хесбала падтрымліваецца Расеяй. Бо Хесбала атрымлівае зброю з Сірыі, а зброя ў Сірыю прыходзіць з Расеі. Канешне, тут ёсць нейкая роля Расеі, але не думаю што яна нейкая вялікая.
Можаш падрабязней распавесці пра святло, які Ізраіль пастаўляў у Сектар Газа?
Барыс Балтэ: Так, Ізраіль бясплатна пастаўляў электраэнергію ў Газу. У іх вялікія пазыкі за электраэнергію, якія яны магчыма ніколі не выплацяць. Рабочыя з Газы прыязджалі працаваць у Ізраіль, у Газу з Ізраіля прыходзілі тавары, у тым ліку, будаўнічыя, з якіх яны потым рабілі тунэлі, па якіх з Егіпта прыходзіць узбраенне ў Сектар Газа і адбыўся прарыў мяжы.
Увогуле існуюць дзве палесцінскія аўтаноміі. Ёсць палесцінская аўтаномія ў Юдэі і Самарыі (тэрыторыя Заходняга берага ракі Ярдан), дзе ўлада належыць Махмуду Аббасу. Гэта тыя, з кім Захад заклікае весці перамовы. У Газе ўлада захоплена Хамасам. Прычым людзей Аббаса яны там проста забілі фізічна, калі захапілі ўладу ў 2006 годзе. Яны ўсіх прыхільнікаў той другой палестынскай аўтаноміі і Аббаса выразалі, з таго часу Хамас пануе ў Газе. І апошнія гады яны рыхтаваліся да прарыву, які і адбыўся пазаўчора.
Як думаеш, колькі працягнецца вайна?
Барыс Балтэ: Вайна сур’ёзная. Колькі працягнецца — невядома. Калі будзем улічваць лічбы мінулых войнаў, то будзем падобныя на тых генералаў, якія рыхтуюцца да мінулай вайны. Гэтага рабіць не хацелася б. Ваенная дактрына Ізраіля прадугледжвае хуткую вайну. Але калі яна скончыцца (праз некалькі дзён, праз месяц ці праз некалькі месяцаў), пакуль сказаць складана.