Гомелец Вячаслаў Бортнік быў у праваабарончым руху яшчэ з 1990-ых гадоў, узначальваў беларускую філію вядомай Amnesty International. Даволі працяглы час ён жыве ў ЗША. «Штодзень» паразмаўляў з ім пра прэзідэнцкія выбары, якія неўзабаве будуць у краіне.
– Чым адрозніваюцца выбары гэтага года? Што беларусам варта ведаць пра іх?
– Гэтыя выбары адметныя і менавіта самыя важныя за ўвесь час існавання Злучаных Штатаў, бо на кон пастаўлена будучыня дэмакратыі. На жаль, шмат выбаршчыкаў не разумеюць гэтага. Як заўсёды, простых людзей больш цікавіць праблема росту коштаў на ежу і жытло, чым захаванне канстытуцыйнага парадку, замежная палітыка ці глабальныя праблемы і роля ЗША ў іх вырашэнні. І гэта зразумела.
– Чым выбарчая сістэма ў ЗША адрозніваецца ад звыклай для нас?
– Трэба разумець, што ў ЗША перамогу на выбарах вырашае не агульная колькасць тых, хто прагаласаваў «за» ці «супраць» таго ці іншага кандыдата. Тутака ўсё вырашае так званы Electoral College.
Напрыклад, у 2016-м Дональд Трамп выйграў, нягледзячы на тое, што набраў на 2 мільёна 870 тысяч меней галасоў за Хілары Клінтан. Як жа так атрымалася?
Справа ў тым, што перамога вызначаецца электаральнымі галасамі ў Electoral College, а не фактычнымі галасамі за ці супраць. Кожнаму штату належыць пэўная колькасць электаральных галасоў і размяркоўваюцца яны па-рознаму: у некаторых штатах той, хто атрымлівае звычайную большасць, таксама атрымлівае ўсе электаральныя галасы, у іншых – галасы размяркоўваюцца прапарцыянальна. Даволі складаная сістэма. То бок, у 2016-м перамогу Трампа вызначылі ўсяго 80 тысяч галасоў.
Традыцыйна за дэмакратаў галасуюць так званыя блакітныя штаты ўзбярэжжа – больш населеныя, багацейшыя, лепей адукаваныя і больш дэмаграфічна разнастайныя. Так званыя чырвоныя штаты ў сярэдзіне краіны больш кансерватыўныя, менш заселеныя і бяднейшыя.
Заўсёды ёсць штаты, якія вагаюцца, то бок галасуюць па-рознаму на прэзідэнцкіх выбарах. Менавіта за выбаршчыкаў гэтых штатаў заўсёды ідзе барацьба кандыдатаў. Туды ўкладаецца большая частка фінансавых сродкаў прэзідэнцкіх кампаній.
– Ці адрозніваюцца праграмы Трампа і Камалы Харыс?
– Палітычная сітуацыя ў ЗША значна змянілася за апошнія 50 год; паглыбілася палітычная палярызацыя насельніцтва. Да канца 1970-х палітычныя праграмы абедзвюх партый можна было разглядаць хутчэй як цэнтрысцкія, хоць і мелася ідэалагічная розніца ў поглядах.
У 1980-х рэспубліканцы пачалі рухацца ў правым (больш кансерватыўным) напрамку, і ў апошнія гады палярызацыя дасягнула апагею.
Праграмы сённяшніх кандыдатаў адрозніваюцца як дзень і ноч. Кампанія Харыс вельмі пазітыўная – пра супольную плюралістычную будучыню, захаванне дэмакратыі, любоў і паразуменне.
Праграма Трампа пра згортванне дэмакратычнага праекту, рух у аўтарытарызм, нянавісць і хаос.
Зноў, калі б гаворка ішла пра агульны падлік галасоў, то Трамп ніколі не меў шансаў, як і ў 2016-м. Цяпер ён спадзяецца на штаты, якія вагаюцца, і фальсіфікацыю падліку галасоў. А таксама на інфармацыйную падтрымку расійскай прапаганды.
Раней мне цяжка было ўявіць, што столькі людзей падтрымлівае Трампа. Я разумею самых багатых амерыканцаў (менш за 1% насельніцтва, якіх ён амаль што пазбавіў ад падаткаў). А што атрымаюць астатнія?
Трамп прапануе ліквідаваць сацбяспеку, адмяніць універсальную медыцынскую страхоўку, падвысіць тарыфы на кітайскія тавары (што паўплывае перш за ўсё на бедных, якія тарацца ў крамах кшталту Dollar Store ці Walmart). Не збіраецца ён зніжаць кошты на лекі, што самыя высокія ў свеце. Фактычна Трамп прапануе большасці насельніцтва поўнае жабрацтва.
Дык чаму ж тады яго падтрымліваюць? Атрымліваецца, што нават пры капіталізме не ўсё вымяраецца грашыма. Трамп прабуджае ў людзях самыя цьмяныя бакі душы. На жаль, такіх людзей шмат у ЗША.
Сустракаючыся з гэтай часткай электарату, ён агучвае такое, што нармальны сучасны палітык ніколі б не зрабіў. Ён нармалізуе расізм, гамафобію, мізагінію, нянавісць да мігрантаў, інвалідаў. Называе злачынцаў героямі і абяцае ім імунітэт ад правасуддзя ўзамен на лаяльнасць.
Нянавісць – вельмі моцнае пачуццё і Трамп гэта ведае. Шкада, што яго падтрымліваюць не толькі неадукаваныя маргіналы. Есць і такія, што проста не могуць прааналізаваць сітуацыю на больш абстрактным узроўні (выходзячы за межы персанальных штодзённых праблем), заўсёды будуць апартуністы, гатовыя скарыстацца сітуацыяй.
– А каго будуць падтрымліваць беларусы ў ЗША, як думаеш?
– Вялікую ролю ў гэтых выбарах будуць адыгрываць жанчыны, моладзь і расавыя і этнічныя меншасці. Большасць амерыканскіх беларусаў (як і іншых імігрантаў з Усходняй Еўропы) традыцыйна належаць да рэспубліканцаў. Мне давялося размаўляць са многімі.
Шмат з іх у гэтым годзе не будуць галасаваць наогул, ці будуць галасаваць за Харыс, бо Трамп не падтрымлівае Украіну. У ягоных планах – здаць усе захопленыя тэрыторыі Расіі. Прычым будучыня Украіны будзе вырашацца без удзелу Украіны і Еўразвязу, а паміж трох супердзяржавамі – Расеяй, ЗША і Кітаем.
– А як з Беларуссю, як думаеш, як зменіцца сітуацыя для нас?
– Адміністрацыя Харыс будзе працягваць тое, што робіць адміністрацыя Байдана – дамагацца дэмакратызацыі Беларусі, вызвалення палітзняволеных, падтрымліваць грамадскую супольнасць.
Трамп жа не будзе ўлазіць у сферу ўплыву Расеі, верагодна перастане падтрымліваць НАТА, дык для Беларусі прагноз зусім не аптымістычны.
Ці будзеш галасаваць ты сам? І якія настроі ў коле тваіх сяброў?
– Канешне, буду. Але мой голас не шмат, што зменіць, бо ў Вашынгтоне больш за 90% насельніцтва галасуе за дэмакратаў.
У маім коле ў асноўным дэмакраты, настрой пазітыўны. Але цяпер 100%-ай упэўненасці няма, бо ўсе памятаюць 2016 год, калі не было ніякіх сумневаў, што выйграе Клінтан.