Больш за 260 тысяч беларускіх рублёў пойдзе на Гомельшчыне на падпіску дзяржаўных СМІ на другое паўгоддзе

Дзяржаўныя ўстановы Гомельскай вобласці афармляюць падпіску на дзяржаўныя выданні на другое паўгоддзе. Больш за ўсё бюджэтных сродкаў збіраецца накіраваць на гэта “Мазырскі раённы цэнтр па забеспячэнні дзейнасці бюджэтных арганізацый у сферы адукацыі”: 181 585 беларускіх рублёў. Кожная школа і садок раёна будуць наступныя 6 месяцаў атрымліваць “Гомельскую праўду”, мясцовую раёнку “Жыццё Палесся” і “Беларусь сегодня”. Прычым “Беларусь сегодня” некаторыя ўстановы атрымаюць нават у двух асобніках. Акрамя гэтых выданняў “Мазырскі раённы цэнтр па забеспячэнні дзейнасці бюджэтных арганізацый у сферы адукацыі” збіраецца выпісаць 80 камплектаў “Знамя юности”, 77 камплектаў газеты“ Рэспубліка”, па 75 камплектаў “Народнай газеты” і “Звязды” і 29 камплектаў беларускай ваеннай газеты “Во славу Родины”. А вось журналы “Беларуская мова і літаратура” і “Роднае слова” выпісалі ўсяго па 1 камплекце.

На другім месцы, паводле сумы бюджэтных сродкаў, якія пойдуць на дзяржаўныя выданні, — гэта Веткаўскі раён: 38 634 рублі. Сельскія выканкамы таксама атрымаюць “Беларусь сегодня”, “Гомельскую праўду”, “Звязду” і мясцовую раёнку “Голас Веткаўшчыны”. Дзеля разнастайнасці Веткаўская бібліятэчная сістэма ўсё-такі збіраецца выпісаць такія выданні, як “Друг пенсионера”, “Вясёлка” і некаторыя журналы, якія выдаюцца ў РФ.

У Светлагорскім раёне цэнтр па забеспячэнні дзейнасці бюджэтных арганізацый у сферы адукацыі збіраецца накіраваць 19 930 рублёў на падпіску. Аднак толькі на трэці квартал. Усе сродкі пойдуць на падпіску на мясцовую раёнку “Светлагорскія навіны”, “Гомельскую праўду”, “Беларусь сегодня”, “Настаўніцкую газету” і “Зборнік нарматыўных дакументаў міністэрства адукацыі”. Дарэчы, самая меншая сума (1895 рублёў для ўстаноў адукацыі і 30 рублёў для выканкама) пойдзе менавіта на зборнік нарматыўных актаў.

Штодзень

 

 

 

 

Related posts

Сёння гадавіна пачатку Еўрамайдана – шматмесячных акцый пратэсту ва Украіне, якія моцна паўплывалі і на Беларусь

Штосьці для «Штодня». Вядомыя гомельцы выказваюцца ў падтрымку медыярэсурса

Як святары ўмешваюцца ў палітыку: кіраўнік Тураўскай епархіі пабачыў у вайне божы промысел, а гомельскай – агітаваў прыйсці на выбары