Дзяржаўныя ўстановы Гомельскай вобласці афармляюць падпіску на дзяржаўныя выданні на другое паўгоддзе. Больш за ўсё бюджэтных сродкаў збіраецца накіраваць на гэта “Мазырскі раённы цэнтр па забеспячэнні дзейнасці бюджэтных арганізацый у сферы адукацыі”: 181 585 беларускіх рублёў. Кожная школа і садок раёна будуць наступныя 6 месяцаў атрымліваць “Гомельскую праўду”, мясцовую раёнку “Жыццё Палесся” і “Беларусь сегодня”. Прычым “Беларусь сегодня” некаторыя ўстановы атрымаюць нават у двух асобніках. Акрамя гэтых выданняў “Мазырскі раённы цэнтр па забеспячэнні дзейнасці бюджэтных арганізацый у сферы адукацыі” збіраецца выпісаць 80 камплектаў “Знамя юности”, 77 камплектаў газеты“ Рэспубліка”, па 75 камплектаў “Народнай газеты” і “Звязды” і 29 камплектаў беларускай ваеннай газеты “Во славу Родины”. А вось журналы “Беларуская мова і літаратура” і “Роднае слова” выпісалі ўсяго па 1 камплекце.
На другім месцы, паводле сумы бюджэтных сродкаў, якія пойдуць на дзяржаўныя выданні, — гэта Веткаўскі раён: 38 634 рублі. Сельскія выканкамы таксама атрымаюць “Беларусь сегодня”, “Гомельскую праўду”, “Звязду” і мясцовую раёнку “Голас Веткаўшчыны”. Дзеля разнастайнасці Веткаўская бібліятэчная сістэма ўсё-такі збіраецца выпісаць такія выданні, як “Друг пенсионера”, “Вясёлка” і некаторыя журналы, якія выдаюцца ў РФ.
У Светлагорскім раёне цэнтр па забеспячэнні дзейнасці бюджэтных арганізацый у сферы адукацыі збіраецца накіраваць 19 930 рублёў на падпіску. Аднак толькі на трэці квартал. Усе сродкі пойдуць на падпіску на мясцовую раёнку “Светлагорскія навіны”, “Гомельскую праўду”, “Беларусь сегодня”, “Настаўніцкую газету” і “Зборнік нарматыўных дакументаў міністэрства адукацыі”. Дарэчы, самая меншая сума (1895 рублёў для ўстаноў адукацыі і 30 рублёў для выканкама) пойдзе менавіта на зборнік нарматыўных актаў.