Чачэрскі райвыканкам распачынае грамадскае абмеркаванне ліквідацыі чатырох населеных пунктаў: Аляксееўка (Раўковіцкі сельсавет), Калініна, Заручча і Бязбожнік (Палескі сельсавет). Грамадзяне могуць дасылаць свае меркаванні на гэтую тэму, але гэта мала што зменіць: вёскі ўжо абязлюднелі і існуюць хіба што на паперы.

Фота: @bike_travel_belarus
Гісторыя вёсак вельмі падобная: створаныя напачатку ХХ ст., яны перажылі ўсе пакуты калектывізацыі, савецкай (і постсавецкай) безгаспадарчасці, якая прымушала вяскоўцаў перасяляцца ў гарады.
Аляксеёўку на пачатку XX стагоддзя заснавалі перасяленцы з суседніх населеных пунктаў. Актыўна забудоўвалася ў 1920-я гг. У 1926 годзе для 77 жыхароў тут адкрылі пошту і школу. З 1931 быў арганізаваны калгас. Ужо ў 1959 годзе колькасць жыхароў скарацілася да 40. Па дадзеных на 2004 год тут заставалася 1 гаспадарка і 2 жыхара.
Вёску Пяшчанае (з 1924 г. – Калініна) таксама заснавалі перасяленцы з навакольных вёсак. У 1926 годзе тут было 112 жыхароў, у 1959 – 137. На 2004 г. засталося толькі 11.
На тэрыторыі Заручча археолагі знайшлі курганны магільнік, што сведчыць аб наяўнасці тут пасяленняў са старажытных часоў. Сучасная ж вёсачка з адной вуліцай мае такую ж гісторыю, як і папярэднія: сюды перасяліліся тыя, каму было цесна ў суседніх вёсках. Найбольш актыўная забудова вялася ў 1920-я гады. У 1926 г. У Заруччы быў 251 жыхар, у 1959 г., пасля калектывізацыі і вайны, жыхароў паменшала да 151, а ў 2004 г. – да 10.
Бязбожнік быў заснаваны (зноў такі, выхадцамі з суседніх вёсак) на бязбожна адабранай у памешчыка зямлі ў 1920-я. Статыстыка па насельніцтву мала адрозніваецца ад папярэдніх вёсак: 1926 г. – 102 жыхара, 1959 г. – 91, 2004 – 4.
Звычайна прычынай вымірання вёсак называюць старэнне насельніцтва. Але старэлі вяскоўцы і 100 год таму. Але пры гэтым – як бачна з гісторыі ўжо амаль зніклых вёсак – колькасць насельніцтва расла, у вёсцы станавілася цесна – не хапала зямлі – і частка жыхароў стварала новыя вёскі непадалёку. Але адсутнасць нармальных умоў для жыцця на вёсцы як у савецкі час, так і апошнія дзесяцігоддзі, праводзіць да дэфармацыі суаднясення колькасці вясковага і гарадскога насельніцтва.